Друк
02.04.2014
Новыя прызначэньні ў Рымскай курыі
 
29 сакавіка 2014 году ў Ватыкане паведамлена пра тое, што Папа Францішак зацьвердзіў Старшынём Папскай Рады па міжрэлігійным дыялогу французскага кардынала Жан-Луі Тарана, а сакратаром — гішпанскага тэолага а. Мігеля Анхеля Аюса Гіксота (на гэтай пасадзе ён з 2012 году).
 
Кардынал Жан-Луі Таран з 2007 году ўзнанчальвае Папскую Раду па міжрэлігійным дыялогу. Айцец Мігель Аюса Гіксот доўгі час працаваў місіянерам у Судане і Ягіпце, узначальваў Папскі інстытут арабскіх і ісламскіх дасьледаваньняў. Зьяўляецца віцэ-прэфектам Камісіі па рэлігійных сувязях з мусульманамі.
 
Да сканчэньня пяцігадовага мандату зацьверджаны таксама папярэднія сябры і дарадцы Папскай Рады па міжрэлігійным дыялогу, а новым сябрам гэтай дыкастэрыі прызначаны Яго Блаславенства Патрыярх Луіс Рафаэль І Сака, Зьверхнік Халдэйскай Каталіцкай Царквы (Ірак). Сярод новапрызначаных дарадцаў узгадаем таксама архібіскупа Астаны (Казахстан) Томаша Бярнарда Пэту.
 
На служэньні Прэфекта Кангрэгацыі інстытутаў пасьвячанага жыцьця і таварыстваў апостальскага жыцьця Сьвяты Айцец зацьвердзіў бразільскага кардынала Жуана Браз дзі Авіза (узначальвае з 2012 году). Сакратара гэтай Кангрэгацыі архібіскупа Хасэ Радрыгеса Карбальё Папа Францішак прызначыў неўзабаве пасьля свайго абраньня. Таксама Рымскі Архірэй зацьвердзіў некаторых ранейшых і прызначыў новых сябраў і дарадцаў гэтага ведамства.
 
Італійскі кардынал Джанфранка Равазі працягне ўзначальваць Папскую Раду па культуры і Папскую камісію па сакральнай археалогіі, якія ён узначальвае з 2007 году. Пацьверджаны таксама паўнамоцтвы ўсіх іншых сябраў і дарадцаў гэтай дыкастэрыі да заканчэньня пяцігадовага мандату (сярод іх — зьверхніка Мараніцкай Царквы кардынала Бешары Бутраса Раі, Патрыярха Антыёхіі), а таксама прызначаны некаторыя новыя.
 
Паводле матэрыялаў Ватыканскай інфармацыйнай службы.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"