Друк
30.09.2014
У Амане багасловы не змаглі выпрацаваць сумесны дакумент пра прымат
 
Пра праблемы ў каталіцка-праваслаўным дыялогу расказаў Ватыканскаму радыё кардынал Курт Кох, старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў на заканчэньне пасяджэньня Зьмешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнай Царквой. Форум праходзіў 15-23 верасьня 2014 году ў Амане (Ярданія).
 
Гэтая пленарная сесія каталіцкіх і праваслаўных багасловаў была прысьвечана праблемам хрысьціянаў на Блізкім Усходзе і абмеркаваньню праекта сумеснага дакументу “Сінадальнасьць і першынство”, які быў распрацаваны Каардынацыйным камітэтам Зьмешанай камісіі падчас рымскай сустрэчы ў 2011 годзе і парыжскай — у 2012 годзе.
 
Кардынал Курт Кох.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, найбольш важным дасягненьнем каталіцка-праваслаўнага форуму ў Амане кардынал Курт Кох назваў існаваньне жаданьня ва ўсіх яго ўдзельнікаў працягваць дыялог, “нават калі ён і нялёгкі”. Менавіта з прычыны рознагалосьсяў удзельнікі дыскусіі не змаглі прыйсьці да канчатковай згоды ў пытаньні пра сінадальнасьць і ролю Біскупа Рыму ў Паўсюднай Царкве. “Працоўны дакумент, які быў прапанаваны для абмеркаваньня, распрацаваны Каардынацыйным камітэтам у Парыжы, быў адхілены, праваслаўным бокам”, — расказаў кардынал Кох. Такім чынам, Камісія прыняла рашэньне падрыхтаваць новы праект дакументу. Яго абмеркаваньне адбудзецца не раней за 2017 год, з улікам таго, што ў 2016 годзе пройдзе Усеправаслаўны Сабор.
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох зьвярнуў увагу на існаваньне рознагалоссяў паміж рознымі Праваслаўнымі Цэрквамі і выказаў спадзяваньне, што Усеправаслаўны Сабор усё ж зможа адбыцца. “Магчыма, існуе больш рознагалосьсяў паміж праваслаўнымі, чым паміж праваслаўнымі і католікамі. І калі падчас Усеправаслаўнага Сабору Праваслаўныя Цэрквы здолеюць знайсьці больш адзінства паміж сабой, гэта будзе вялікай дапамогай для працягу нашага дыялогу”, — сказаў ярарх.
 
Кардынал Кох адзначыў добрае супрацоўніцтва з Расейскай Праваслаўнай Царквой падчас сустрэчы ў Амане і яе адкрытасьць на працяг дыялогу. У той жа час ватыканскі ярарх не пагадзіўся з крытыкай мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна на адрас Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, маўляў, уніяцтва – гэта “рана на Целе Хрыста”. Кардынал адзначыў, што “сапраўднай ранай зьяўляецца падзел Царквы паміж Усходам і Захадам, а ўніяцтва — вынік гэтай раны”. “Калі мы хочам вырашыць праблему ўніяцтва – павінны знайсьці еднасьць”, — сказаў ён.
 
Адзначым, што на форуме багасловаў у Амане сярод прадстаўнікоў каталіцкага боку быў украінскі грэка-каталіцкі сьвятар а. д-р Іван Дацко — прэзідэнт Інстытуту экуменічных студыяў Украінскага каталіцкага ўніверсітэту і дырэктар Інстытуту сьв. Клімента Папы УКУ ў Рыме.
 
Удзельнікі ХІІІ пленарнай сесіі Зьмешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Царквой у Амане выказалі сваю салідарнасьць з вызнаўцамі Хрыста і іншых рэлігійных традыцыяў, якія перасьледуюцца і гінуць на Блізкім Усходзе. Была выказана таксама ўдзячнасьць тым, хто дапамагае мільёнам уцекачоў і выгнанцаў. У выніковым дакуменце сустрэчы каталіцкія і праваслаўныя багасловы таксама заклікалі ўсіх блізкаўсходніх рэлігійных ярархаў, каб падтрымлівалі ў сваіх вернікаў надзею на вяртаньне дадому. Акрамя гэтага, яны зноў зьвярнуліся з заклікам вызваліць двух праваслаўных мітрапалітаў з Алепа і іншых выкрадзеных асобаў.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"