Друк
11.11.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ на ўрачыстасьцях у Вільні
 
9 лістапада 2014 году ў базыльянскім манастыры сьвятога Язафата ў Вільні (Літва), у рамках XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Чын Сьвятога Васіля Вялікага: асьветніцкая дзейнасьць» і з нагоды сьвята ў гонар сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча) адбылася сьвяточная Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Архімандрыт Сяргей Гаек узначальвае ўрачыстае набажэнства ў гонар сьв. Язафата ў царкве Сьвятой Тройцы ў Вільні.
Разам з Апостальскім Візітатарам БГКЦ урачыстую Боскую Літургію саслужылі ўкраінскія айцы-базыльяне на чале з протаігуменамі а. Панцеляймонам Саламахам, ЧСВВ (Правінцыя Найсьвяцейшага Збаўцы ва Ўкраіне) і а. Паўлам Райчынцам, ЧСВВ (Правінцыя сьвятога Мікалая ва Ўкраіне) — паведамляе сайт базыльянаў Osbm.org.ua.
 
Падчас урачыстага набажэнства ў гонар сьв. Язафата, Архібіскупа Полацкага, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей (Гаек) зьвярнуўся да прысутных вернікаў і навукоўцаў з казаньнем, у якім падкрэсьліў гістарычную каштоўнасьць базыльянскага манастыра і царквы Сьвятой Тройцы ў Вільні, якая сёлета адзначае свой 500-гадовы юбілей.
Малітоўны сьпеў перад абразом сьв. Язафата.
Менавіта ў гэты, на той час запусьцелы манастыр, у 1604 годзе ўступіў Язафат Кунцэвіч, які аднавіў там ня толькі манаскае жыцьцё, але і зрабіў яго цэнтрам грамадзка-рэлігійнага жыцьця для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага.
 
Напрыканцы Літургіі сьвятары і вернікі перад абразом сьв. Язафата малітоўным сьпевам ушанавалі памяць сьвятамучаніка, які аддаў сваё жыцьцё за еднасьць Царквы.
 
Як інфармуе сайт Міністэрства замежных спраў Украіны, на запрашэньне кіраўніцтва Віленскага базыльянскага манастыра сьв. Язафата ў гэтых урачыстых мерапрыемствах прынялі ўдзел пасол Украіны ў Літве Валеры Жаўтэнка з супрацоўнікамі ўкраінскага пасольства, а таксама навукоўцы з Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя І. Франко і Шаўляйскага ўніверсітэту.
 
Пасьля набажэнства ўсе ўдзельнікі сабраліся для працягу 3-дзённай навуковай канферэнцыі, прысьвечанай асьветніцкай дзейнасьці базыльянаў і 500-гадоваму юбілею царквы Сьвятой Тройцы. Тэма канферэнцыі ў гэты дзень была наступная: «Храм Сьвятой Тройцы ў Вільні і манахі-базыльяне».
Грэка-каталіцкая царква Сьвятой Тройцы ў Вільні сёлета адзначае 500-гадовы юбілей.
Дыякан Багдан Пятночка, ЧСВВ, з базыльянскага манастыра ў Варшаве, зрабіў даклад на тэму: «Віленскія манахі-базыльяне: Маркіян Кульчыцкі і Іван Альшэўскі і аўтарства “Абароны Віленскага манастыра”», а літоўская дасьледчыца д-р Альдона Васіляўскене прапанавала даклад «Архіўныя дадзеныя пра пахаваньні манахаў-базыяльнаў». Напярэдадні, 8 лістапада, на канферэнцыі прагучала сем дакладаў украінскіх і літоўскіх навукоўцаў, якія былі аб’яднаныя ў блок «Ад Воршы (Канстанціна Астрожскага) да сьв. Язафата».
 
10 лістапада канферэнцыя прадоўжылася ў м. Скапішкіс і г. Шаўляй, дзе былі заслуханыя даклады, прысьвечаныя жыцьцю і навуковай дзейнасьці ўкраінскага манаха-базыльяніна а. Васіля Зінько.
 
Завяршэньнем канферэнцыі і ўрачыстасьцяў у Вільні стала сьвяточная грэка-каталіцкая Літургія 11 лістапада, у дзень сьвята Маці Божай Міласэрнасьці, у капліцы Маці Божай Вострабрамскай.
 
Фота з сайту Правінцыі сьвятога Мікалая ЧСВВ, osbm.org.ua.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"