Друк
06.01.2015
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу
 
У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі 4-11 студзеня 2015 году праходзяць Дні малітвы за хрысьціянаў у Сьвятой Зямлі ды іншых краінах Блізкага Ўсходу, асабліва ў Сірыі і Іраку, якія моцна церпяць сёньня ад перасьледу і вайсковых дзеяньняў.
 
Як інфармуе сайт Svjazep.org, у Менску адмысловыя малітвы за блізкаўсходніх хрысьціянаў праходзяць паводле наступнага раскладу:
 
5 студзеня — парафія Сьвятога Духа,
6 студзеня — парафія Праведнага Язэпа і парафія сьв. Мікалая Цудатворцы,
7 студзеня — парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
 
Гэтая эстафета малітвы арганізаваная ў адказ на заклік Папы Францішка, які ў сваім Калядным пасланьні блізкаўсходнім хрысьціянам, апублікаваным 23 сьнежня 2014 году, заклікаў міжнародную супольнасьць узмоцніць падтрымку для ўсяго Блізкага Ўсходу — як праз мірныя ініцыятывы, гуманітарную дапамогу, так і праз малітву.
 
У згаданым лісьце Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што ў часы выпрабаваньняў, праз якія на працягу апошніх гадоў вымушаныя праходзіць хрысьціяне розных Цэркваў і традыцыяў у краінах Блізкага Ўсходу, з боку ўсіх хрысьціянаў асабліва патрэбная малітоўная падтрымка і салідарнасьць. Хрысьціяне ўсяго сьвету павінны адкрыць і асэнсаваць каштоўнасьць «экуменізму крыві» братоў і сёстраў у краінах Блізкага Ўсходу — экуменізму, які вядзе да сапраўднай еднасьці ў вызнаньні Хрыста.
 
Словы асаблівай блізкасьці ды духовай салідарнасьці з хрысьціянамі Блізкага Ўсходу, асабліва ў час Калядных сьвятаў, ад імя грэка-католікаў Беларусі накіраваў на адрас параха грэка-каталіцкай мельхіцкай парафіі Найсьвяцейшай Багародзіцы ў г. Бэтлеем протаярэя Якуба Абу Сада Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Менавіта ў гэтай парафіі 22 чэрвеня 2014 году, падчас нацыянальнай беларускай пілігрымкі ў Сьвятую Зямлю, удзельнікі Боскай Літургіі маліліся за хрысьціянаў Беларусі.
 
У Рыме, у базыліцы Санта Марыя ін Касьмедын (Santa Maria in Cosmedin), пры якой знаходзіцца рымскае падвор’е мельхіцкага Патрыярха Антыяхійскага, у нядзелю, 4 студзеня 2015 году, была арганізавана супольная малітва за мір у Сірыі, Іраку і Сьвятой Зямлі. У гэтай экуменічнай малітве разам з італійскімі вернікамі ўдзельнічалі хрысьціяне розных Цэркваў з краінаў Блізкага Ўсходу (у тым ліку з Сектару Газы). Па запрашэньні кіраўніка падвор’я мельхіцкага патрыярха архімандрыта Мтаніяса Гадада (Mtanios Haddad) у Боскай Літургіі ў мельхіцкім (грэцка-арабскім) абрадзе ўдзельнічаў Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек. У свой час у базыліцы Санта Марыя ін Касьмедын часта маліўся а. Роберт Тамушанскі з Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, таксама яе наведваў і біскуп Чэслаў Сіповіч.
 
Дні малітвы за хрысьціянаў у краінах Блізкага Ўсходу працягваюцца, кожны можа далучыцца ды падтрымаць братоў і сёстраў — вучняў Хрыста, якія з апостальскіх часоў жывуць на Сьвятой Зямлі, у Сірыі, Іраку, Ліване, і выказаць з імі сваю малітоўную салідарнасьць.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"