Друк
25.01.2015
Архімандрыт Сяргей (Гаек): Апосталы славянаў Кірыла і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасьці
 
З нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які штогод праходзіць у Каталіцкай Царкве 18-25 студзеня, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) даў невялікае інтэрв’ю Catholiс.by, у якім спаслаўся на прыклад Настаўнікаў славянаў сьв. Кірылы і Мятода і адзначыў, што еднасьць хрысьціянаў немагчымая бяз духу братэрства.
 
«Кірыла і Мятод былі настаўнікамі дыялогу паміж Усходам і Захадам. Прыклад гэтых сьвятых дапаможа і хрысьціянам Беларусі адкрыць неабходнасьць супрацоўніцтва ў духу братэрства», — адзначыў у размове з карэспандэнтам Catholiс.by Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Архімандрыт Сяргей (Гаек).
На думку Архімандрыта Сяргея «адзінства хрысьціянаў патрэбна ў абвяшчэньні Евангельля», а «для гэтага патрэбна сумеснае сьведчаньне любові, што немагчыма бяз духу братэрства».
 
«Шлях да поўнай еднасьці хрысьціянаў яшчэ ня блізкі, але на гэтым шляху мы ўсе павінны адкрываць сапраўднае братэрства, што мае карані ў сакраманце хросту», — сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ.
 
Прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы штогод прымаюць удзел у Тыдні малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які праходзіць ва ўсім сьвеце.
 
Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў лічыць, што сёлета для Цэркваў у славянскіх краінах ад Чэхіі і Славакіі, Балгарыі, Македоніі, Харватыі да Ўкраіны, Беларусі і Расеі вельмі добрая нагода зьвярнуць асаблівую ўвагу на постаці апосталаў славянаў сьвятых Кірылы і Мятода. Бо 1200 гадоў таму, у 815 годзе, у Салуні (Салоніках, Грэцыя) нарадзіўся будучы апостал славянаў сьв. Мятод (сьвецкае імя яго — Міхаіл). Разам з сваім братам – манахам Кірылам яны прынесьлі славянам Евангельле Ісуса Хрыста ў зразумелай мове. Архімандрыт Сяргей падкрэсьліў, што адбылося гэта яшчэ ў той час, калі Цэрква была адзіная і хрысьціяне на Ўсходзе і Захадзе жылі ў еднасьці. Сваю асьветніцкую місію Салунскія браты ажыцьцяўлялі, будучы ў еднасьці і з Канстанцінопалем, і з Рымам. Як лічыць а. Сяргей Гаек, сёньня мы можам сьцьвярджаць, што яны былі сапраўды «настаўнікамі дыялогу паміж Усходам і Захадам, сьведкамі пашаны для кожнага народу».
 
Сьвятыя Кірыла і Мятод.
«Постаці сьвятых Кірылы і Мятода — апосталаў славянаў — ушаноўваюцца рыма-католікамі, грэка-католікамі і праваслаўнымі. З пашанай да іх місіі ставяцца і хрысьціяне евангельскіх канфесіяў. Спадзяюся, што прыклад гэтых сьвятых дапаможа і хрысьціянам Беларусі адкрываць неабходнасьць супрацоўнічаць у духу братэрства», — сказаў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
 
Паводле словаў Архімандрыта Сяргея (Гаека) для грэка-католікаў Беларусі 2015 год — юбілейны год сьв. Мятода — будзе годам ажыўленьня братэрскіх кантактаў з Цэрквамі ў Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Македоніі.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"