Друк
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
 
Да тэмы экуменізму зьвярнуўся Сьвяты Айцец Францішак 25 студзеня 2015 году падчас сваіх разважаньняў перад малітвай «Анёл Гасподні». Ён заклікаў вернікаў да шчырай малітвы, каб узмоцніць імкненьні ўсіх вызнаўцаў Хрыста да поўнай еднасьці — паведамляе Радыё Ватыкану.
 
«Гэта вельмі дрэнна, што хрысьціяне падзеленыя! Ісус хоча, каб мы аб’ядналіся, былі адным целам. Нас падзялілі нашыя грахі, гісторыя, і менавіта таму мы павінны так шмат маліцца, каб Сьвяты Дух зноў нас аб’яднаў», — падкрэсьліў Рымскі Архірэй.
 
У сэрцы Хрыста, адзначыў Папа Францішак, сустракаюцца прагненьні чалавечыя і Божыя. І жаданьне еднасьці вучняў Хрыстовых належыць да гэтага прагненьня. Выраз гэтага мы сустракаем у малітве, якую ўзьнёс Ісус да Бога-Айца перад Сваёй Мукай: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). «Тое, чаго прагнуў Ісус — гэта еднасьць усіх! Мы ведаем, што д’ябал зьяўляецца бацькам разладаў, ён — той, хто заўсёды дзеліць, заўсёды выклікае войны, робіць так шмат зла».
 
Зьвяртаючыся да Евангельля дня, якое апавядае пра пачатак прапаведаваньня Ісуса ў Галілеі, Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што «Ісус зьяўляецца выкананьнем Божых абяцаньняў, таму што Ён той, Хто дае чалавеку Сьвятога Духа, Ён — “жывая вада”, што наталяе смагу нашага неспакойнага сэрца, якое прагне жыцьця, любові, свабоды, спакою – прагне Бога». Папа адзначыў, што вельмі часта ў сваім жыцьці мы адчуваем або адчувалі, што гэтага прагне нашае сэрца. Ісус Сам паказаў гэта Самаранцы ля студні, якой сказаў: “Дай Мне піць” (Ян 4, 7). Менавіта гэтыя словы Хрыста да Самаранкі былі тэмай сёлетняга Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў.
 
Бог, стаўшыся чалавекам, — працягваў Папа — зрабіў нашае прагненьне Сваім. І гэта ня толькі смага матэрыяльнай вады, але, перш за ўсё, прагненьне паўнавартаснага жыцьця, свабоднага ад рабства зла і сьмерці. Бог прагне нашых сэрцаў, нашай любові і гэтае прагненьне Ён зьмясьціў у сэрцы Ісуса, Які ўцелавіўся. Так сустракаецца прагненьне чалавечае і прагненьне Божае.
 
Ісус Хрыстос ёсьць жывое Слова, якое дзейнічае ў гісторыі, адзначыў Францішак, а той, хто слухае Яго і ідзе за Ім, увойдзе ў Валадарства Божае: «Ён Сам — “Добрая навіна”, у якую трэба паверыць, прыняць і перадаць людзям усіх узростаў, каб і яны даверылі Яму сваё існаваньне».
 
Каб пераадолець усе падзелы паміж хрысьціянамі, вызнаўцы Хрыста павінны найперш маліцца і шчыра прагнуць Бога, каб жаданьне еднасьці, якое меў Ісус, станавілася ўсё больш і больш нашым жаданьнем — падсумаваў свае разважаньні Сьвяты Айцец. І тады споўніцца Хрыстовы запавет «каб усе былі адно».
 
Падчас гэтай сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Гасподні», якая прайшла на плошчы сьв. Пятра, Рымскі Архірэй зноў заклікаў да міру ва Ўкраіне. «Я сачу з глыбокай заклапочанасьцю за эскалацыяй баявых дзеяньняў ва Ўсходняй Украіне, якія працягваюць прыносіць шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Я запэўніваю ў маёй малітве за ўсіх, хто пакутуе, і аднаўляю сардэчны заклік да спробаў аднавіць дыялог і пакласьці канец ўсім ваенным дзеяньням», — сказаў Сьвяты Айцец.
 
На заканчэньне сваёй сустрэчы Папа Францішак прывітаў сабраных на плошчы вернікаў і папрасіў іх маліцца за яго.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"