Друк
31.03.2015
У Каталіцкай Царкве расьце колькасьць сьвятароў і сталых дыяканаў
 
На канец 2013 году ва ўсім сьвеце было каля 1,253 млрд. католікаў, што на 25 млн. або на 2% больш, чым год раней. Такія дадзеныя прыводзяцца ў апошнім «Annuariun Statisticum Ecclesiale» — царкоўным статыстычным даведніку, выдадзеным у сакавіку 2015 году ў Ватыкане.
 
З даведніку вынікае таксама, што ў сьвеце працягваецца колькасны рост сьвятароў і сталых дыяканаў і спад колькасьці манахаў, манахіняў і семінарыстаў.
 
Біскупаў стала на 40 больш і напрыканцы 2013 году іх было 5173. Каталіцкіх сьвятароў у сьвеце налічвалася 415 348, што амаль на тысячу чалавек больш у параўнаньні з 2012 года. Больш чым на тысячу павялічылася колькасьць сталых дыяканаў, якіх у сьвеце налічваецца 43 195. Семінарыстаў стала амаль на 2 тыс. менш, чым у 2012 годзе. Напрыканцы 2011 году ў Каталіцкай Царкве было 120 616 семінарыстаў, у 2012 годзе — 120 051, а ў 2013 годзе — 118 251. Варта адзначыць, што ў 1978 годзе, калі на чале Паўсюднай Царквы стаў Ян Павел II, колькасьць кандыдатаў у духоўны стан была трохі больш за 62 тыс.
 
Католікі складаюць 17,7% насельніцтва планеты. Іх стала больш на амаль 1% у параўнаньні з 2012 годам, але трэба ўлічваць той факт, што Апостальская Сталіца не атрымлівае статыстычных дадзеных падобнага кшталту з некаторых краінаў, напрыклад, з Паўночнай Карэі і Кітаю.
 
Больш за ўсё католікаў пражывае ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыках – 63%. 39,9% пражываюць у Еўропе і каля 3,2% у Азіі.
 
Паводле царкоўнага статыстычнага даведніку ў 2013 годзе хрост прынялі больш за 16 мільёнаў дзяцей і дарослых. У той жа час складальнікі даведніку зьвяртаюць увагу на «на агульную тэндэнцыю зьмяншэньня колькасьці хростаў дзяцей, якая шчыльна зьвязаная са зьмяншэньнем колькасьці народжаных у многіх краінах». Выявілася, што паказчык ахрышчаных дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў у адносінах да агульнай колькасьці католікаў зьніжаецца з 2008 году на ўсіх кантынентах.
 
Паводле матэрыялаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Wiara.pl.
 
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"