Друк
12.04.2015
Апостальскі нунцый пажадаў беларусам «быць здольнымі бачыць рэчаіснасьць вачыма грамадзянаў сьвету»
 
Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці павіншаваў беларусаў з Вялікаднем.
 
Апостальскі нунцый падчас велікоднага набажэнства ў менскай архікатэдры, 04.04.2015. (Фота Віталя Палінеўскага, Catholic.by).
«Як прадстаўнік Папы на беларускай зямлі, я хацеў бы пажадаць усім, каб уваскрослы Хрыстос дапамог зламаць бар’еры, якія людзі ўпарта працягваюць узносіць, і каб усе змаглі адчуць сябе адной сям’ёй, — адзначаецца ў велікодным віншаваньні Апостальскага нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, тэкст якога падае афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Catholic.by. — Жадаю ўсім быць здольнымі бачыць рэчаіснасьць вачамі грамадзянаў сьвету, нікога не адпіхваючы і не выключаючы».
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці ў сваім віншаваньні ўзгадаў постаць Папы Яна Паўла ІІ, які дзесяць гадоў таму адышоў у вечнасьць і якога Царква абвясьціла сьвятым. Ён адзначыў, што працягу многіх гадоў Караль Вайтыла быў ізаляваны атэістычным рэжымам і змушаны быў маўчаць. Калі ён стаў Папам, то сваю місію хрысьціяніна і славяніна бачыў у тым, каб зламаць навязанае маўчаньне, абвяшчаць Хрыста ўсяму сьвету, каб некалі пераадолець усё, што разьдзяляе Цэрквы, нацыі, народы. Ян Павел ІІ вельмі шмат падарожнічаў і шчыра любіў кожную культуру. Абдымаючы прадстаўнікоў розных краінаў або апранаючы на сябе элементы іх нацыянальнага касьцюму, Папа паказваў сваю надзею на адзінства ўсяго сьвету.
 
Узгадваючы ў сваім велікодным віншаваньні першага папу, пакліканага на Пасад cьвятога Пятра з славянскіх народаў, які жадаў прыехаць таксама і ў Беларусь, каб абняць беларусаў на іх зямлі, пасланьнік Папы Рымскага зьвярнуўся з малітоўнай просьбай: «Сьвяты Ян Павел II, выпрасі ў Бога для “сваіх славянаў” дар адзінства і міру, бяз зайздрасьці, подласьці, барацьбы, без трагедыі насільля ва Ўкраіне».
 
«Жадаю, каб беларусы лепш разумелі сваю адмысловую ролю ў будаваньні славянскай еднасьці, з павагай да разнастайнасьці і з сьвядомасьцю агульнай спадчыны. У гэтым працэсе таксама і розныя Цэрквы ўцягваюцца ў пераадольваньне бясплённых падзелаў, незразумелых і непрымальных для сучаснага чалавека, якія асудзіў сам Хрыстос», — гаворыцца ў віншаваньні Апостальскага нунцыя.
 
Уладыка Клаўдзі прагадаў таксама нядаўні візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етра Параліна (12–15 сакавіка 2015 году).
 
«Пасьля свайго вяртаньня ён расказаў Папу пра гэты візіт. Пантыфік быў вельмі ўзрушаны сьведчаньнем свайго найбліжэйшага супрацоўніка. Папа Францішак бласлаўляе ўсіх беларусаў і жадае таго, што найбольш каштоўнае ў жыцьці: дарыць любоў і быць любімымі. Таксама і кардынал П’етра Паралін перадае вам прывітаньне і дзякуе за вашую гасьціннасьць, якую ён у размове са мной назваў “незабыўнай”», — адзначыў архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
«Спадзяюся, што прыйдзе той дзень, калі ня толькі прадстаўнік, але сам Папа Францішак зможа прыехаць сюды, каб абняць вас, дазваляючы гэтым адчуць, як моцна Бог вас любіць», — дадаў Апостальскі нунцый.
 
«Дарагія беларусы, Хрыстос уваскрос!» — завершыў сваё велікоднае віншаваньне беларускаму народу прадстаўнік Папы ў Беларусі.
 
 
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"