Друк
16.04.2015
Ён прынёс свабоду нашай Царкве ў Беларусі
 
Увечары, 15 красавіка 2015 году, у Лондане на 89-м годзе жыцьця памёр а. Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларсаў-католікаў у замежжы.
 
Айцец Аляксандар Надсан.
Гэтую сумную навіну паведаміў беларускі грэка-каталіцкі сьвятар з Лондану а. Сяргей Стасевіч, які напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Сёньня Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася а 22.20 у шпіталі Барнэту (Лондан), куды ён быў узяты на лячэньне ў гэты панядзелак у выніку разьвіцьця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць».
 
У інтэрв’ю з гэтай нагоды для Радыё Свабода канцлер Курыі Апостальскай візітатуры БГКЦ айцец Яўген Усошын з Менску сказаў: «Аляксандар Надсан упершыню ў Беларусі адкрыта і публічна — пасьля доўгага перапынку — адслужыў першую грэка-каталіцкую службу на Кальварыі ў Менску. Якраз у гэтым сакавіку мы адзначалі 25 гадоў ад моманту тае службы. Гэткім чынам, айцец Аляксандар прынёс свабоду нашай Царкве тут, у Беларусі.
 
Ён шмат зрабіў, каб мы маглі маліцца па-беларуску. Сваімі перакладамі, а таксама сваім унёскам у фармаваньне і дзейнасьць беларускай Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Гэта вялікая справа ня толькі для нашай Царквы, але і для ўсёй Беларусі — для яе гістарычнай, навуковай і культурнай спадчыны, для яе захаваньня, распаўсюджваньня і пашырэньня».
 
Сьвятар адзначыў таксама вялікія заслугі а. Аляксандра Надсана ў справе дабрачыннасьці. Многія годы ён зьбіраў і прывозіў у розныя куткі Беларусі лекі і разнастайную гуманітарную дапамогу людзям. «Ягоны ўнёсак у справу дапамогі сваім суайчыньнікам велізарны, бо ён таксама шмат займаўся дабрачыннасьцю ў чарнобыльскіх праграмах. І гэта сапраўды вельмі значная асоба ня толькі для нашай Царквы, але і для ўсёй Беларусі», — сказаў айцец Яўген Усошын.
 
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв’ю Радыё Свабода заявіла, што «сьмерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага сьветлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».
 
У Менску, 17 красавіка, а гадз. 18.30, у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры сьв. Язэпа на вул. Арджанікідзэ, 6 будзе адслужана паніхіда за супакой душы спачылага а. Аляксандра Надсана.
 
Таксама і ва ўсіх парафіях БГКЦ у бліжэйшыя дні вернікі будуць маліцца за спачын душы айца Аляксандра Надсана.
 
***
Аляксандар Надсан (да эміграцыі — Аляксандар Бочка) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, гісторык Царквы і перакладчык літургічных тэкстаў, вядомы грамадзкі дзеяч беларускага замежжа, Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.
 
Нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў м. Гарадзея, што сёньня ў Нясвіжскім раёне Менскай вобласьці. Быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі. Вучыўся ў гімназіі ў Баранавічах, а пасьля — ў Гарадзеі, дзе была сярэдняя школа. З дзяцінства размаўляў з маці па-французску. У неспрыяльныя часы нямецкай акупацыі скончыў беларускую настаўніцкую семінарыю ў Нясьвіжы, дзе вучыўся, як і ягоны бацька, на настаўніка матэматыкі.
 
З восені 1944 году ваяваў у арміі Андэрса, у 2-м Польскім корпусе ў Італіі, дзе браў удзел у баявых дзеяньнях і быў паранены. Разам з многімі беларусамі, якія ваявалі ў арміі Андэрса, у 1946 годзе апынуўся ў Англіі. Там пад уплывам беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў Чэслава Сіповіча і Льва Гарошкі далучыўся да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Стаў адным з заснавальнікаў і актывістаў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Рэдагаваў часопісы «Беларус на чужыне» і «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства «Рунь» і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэту.
 
Айцец Аляксандар Надсан у Вялікі пост 2014 году (фота М. Пачкаева).
Увосень 1953 году паехаў вучыцца ў Грэцкую калегію ў Рыме. 23 лістапада 1958 году ў Рыме ў царкве сьв. Апанаса Вялікага ў Грэцкай калегіі быў рукапакладзены на грэка-каталіцкага сьвятара. У ліпені 1959 году вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыцьцяўляў душпастырскую дзейнасьць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. У 1966-1975 гг. кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане.
 
Ад 1971 году кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны, якая мае вялізны навуковы фонд па беларусазнаўстве — каля 40 тысяч тамоў кніг і перыядычных выданьняў, сярод якіх ёсьць старадрукі і рэдкія выданьні. Айцец Аляксандар Надсан спрычыніўся таксама да заснаваньня Англа-беларускага таварыства, чытаў культуразнаўчыя лекцыі, друкаваўся у перыядычных выданьнях, перадусім у «Journal of Byelorussian Studies» і ў беларускім рэлігійным часопісе «Божым шляхам».
 
З 1981 году стаў кіраўніком Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. 30 чэрвеня 1986 году быў прызначаны на пасаду Апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі.
 
Айцец Аляксандар Надсан — перакладчык літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі на беларускую мову, дасьледчык твораў сьв. Кірылы Тураўскага і Францішка Скарыны, а таксама аўтар шматлікіх публікацыяў з гісторыі беларускай Царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні.
 
Пра а. Аляксандра Надсана гл. таксама размову з ім у рэдакцыі газеты «Царква»:
«Сьвятар, які сьведчыць любоў да Бога і Бацькаўшчыны»
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"