Друк
18.04.2015
Разьвітаньне з а. Аляксандрам Надсанам — 28-29 красавіка ў Лондане
 
Як паведаміў беларускі грэка-каталіцкі сьвятар Сяргей Стасевіч, які жыве ў Лондане, абрад пахаваньня мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана адбудзецца у сераду, 29 красавіка 2015 году.
 
Пахавальная служба адбудзецца ў царкве сьвятой Марыі ва Ўсходнім Фінчлі (St. Mary’s church, 279 High Road, East Finchley, London N2 8HG). Гэтая царква знаходзіцца насупраць брамаў могілак сьвятога Панкрата
Айцец Аляксандар Надсан.
(Islington and St Pancras cemetery, Roman Road), куды цела спачылага Апостальскага Візітатара беларусаў-католікаў у замежжы затым будзе перавезенае і аддадзенае зямлі.
 
Пачатак абраду пахаваньня ў царкве — 11.00 гадз.
 
Труна з целам спачылага айца Аляксандра Надсана будзе выстаўлена для разьвітаньня ў Марыян Хаўз яшчэ напярэдадні, 28 красавіка.

Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан знойдзе свой апошні спачын на найвялікшых у Вялікабрытаніі па колькасьці пахаваньняў могілках сьв. Панкрата ў Лондане, дзе пахаваныя беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, архім. Леў Гарошка, а. Язэп Германовіч, а. Тамаш Падзява, а. Фелікс Журня, зямляк а. Аляксандра з Гарадзеі а. Кастусь Маскалік, а таксама і іншыя беларускія дзеячы.
 
Беларускі куток на могілках сьв. Панкрата ў Лондане.
Айцец Сяргей Стасевіч дзякуе ўсім, хто выказаў словы спачуваньня і заклікае маліцца за супакой душы нашага айца Аляксандра.
 
Мітрафорны протаярэй Аляксандар Надсан памёр увечары 15 красавіка 2015 году ў шпіталі Барнэта (Лондан), куды ён быў дастаўлены на лячэньне дзеля разьвіцьця хваробы нырак. З восені мінулага году сьвятар цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў.
 
Дай, Госпадзе, слузе Твайму сьвятару Аляксандру, вечны супакой і радасьць бачыць сьвятло аблічча Твайго! Вечная памяць!
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"