Друк
05.06.2015
За прымірэньне паміж хрысьціянамі і народамі
 
Прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архім. Сяргей Гаек, а таксама расейскі грэка-каталіцкі сьвятар з Санкт-Пецярбургу а. Кірыла Міронаў прынялі ўдзел у працы міжканфесійнай духоўнай канферэнцыі, прысьвечанай прымірэньню хрысьціянаў і міру паміж народамі «Kairos-2015», якая адбылася 30-31 траўня 2015 году ў Бары (Італія).
 
Грэка-каталіцкія сьвятары Архімандрыт Сяргей (Гаек) і а. Кірыла Міронаў падчас малітвы на міжнароднай сустрэчы Міжнародная сустрэча «Kairos-2015».
Міжнародную сустрэчу за мір паміж народамі штогод з 2000 году пад дэвізам «Мы, многія складаем адно цела ў Хрысьце» (Рым 12, 5) ладзіць міжнародная асацыяцыя «Comunità di Gesù» («Супольнасьць Ісуса»).
 
Тэма сёлетняй сустрэчы «Kairos-2015» у г. Бары — «Еднасьць у разнастайнасьці». Праблема адзінства Царквы датычыцца ўсіх шчырых хрысьціянаў. Таму ў працы міжнароднай экуменічнай сустрэчы «Kairos-2015», на якой малітва чаргавалася з дакладамі, прынялі ўдзел ня толькі каталікі і праваслаўныя, але і шэраг дэлегацыяў англіканскай Царквы, пяцідзясятнікаў і месіянскіх габрэяў. Таксама ўдзельнічалі і прадстаўнікі каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду.
 
Паводле словаў заснавальніка і прэзідэнта міжнароднай каталіцкай харызматычнай супольнасьці «Comunità di Gesù» Матэа Калізі, іх дзейнасьць зьяўляецца адказам на зварот Папы Рымскага, каб даць жыцьцё канкрэтным дзеяньням на шляху да хрысьціянскай еднасьці, каб спрыяць разнастайным ініцыятывам «экумэнізму любові, сяброўству і пошуку братэрства» — піша Il Messaggero Italiano. Экуменічнае бачаньне «Супольнасьці Ісуса» у тым, каб захаваць розныя царкоўныя традыцыі, каб паказаць разнастайнасьць іх у Царкве не як перашкоду на шляху да дыялогу і еднасьці, а як дар і багацьце, бо ня ўсе адрозьненьні дзеляць.
 
Падчас 2-дзённай экуменічнай сустрэчы ў Бары з дакладамі перад яе ўдзельнікамі выступілі дакладчыкі з Італіі, ЗША, Бразіліі, Канады, Анголы, Ізраіля (Ерусалім), Албаніі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Расеі. Даклады і выступы ўдзельнікаў былі згрупаваныя ў чатыры тэматычныя блокі. У іх былі разгледжаныя пытаньні еднасьці ў разнастайнасьці з пункту гледжаньня евангельскіх хрысьціянаў і пяцідзясятнікаў, а таксама праваслаўных, рух прымірэньня і малітвы за еднасьць хрысьціянаў у Злучаных Штатах і Канадзе, а таксама ў Бразіліі, каталіцка-пяцідзясятніцкі дыялог ў Бразіліі, «Comunità di Gesù» у сінэргіі з Усходнімі Цэрквамі, дзейнасьць «Супольнасьці Ісуса» («Comunità di Gesù») у англіканскім сьвеце і яе місійная праца ў Анголе. Асобны блок дыскусіяў быў прысьвечаны таксама руху прымірэньня паміж габрэямі і хрысьціянамі.
 
На міжнароднай сустрэчы за мір паміж народамі і прымірэньне хрысьціянаў у г. Бары Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьвярнуў увагу на выключнае значэньне і актуальнасьць евангелізацыйнай місіі сьвятых Кірыла і Мятода для народаў Еўропы, асабліва славянскіх народаў. «Евангельле, якое славянам прынесьлі сьвятыя Кірыла і Мятод, паяднала ўсіх славянаў. Сёньня еднасьць і сапраўднае братэрства славянаў магчымае толькі на базе Евангельля Ісуса Хрыста», — сказаў архімандрыт.
 
Грэка-каталіцкія сьвятары архім. Сяргей Гаек і а. Кірыла Міронаў падчас малітвы на Міжнароднай сустрэчы «Kairos-2015».
Падчас міжнароднай экуменічнай сустрэчы «Kairos-2015» Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў архім. Сяргей Гаек узначальваў таксама малітву ва ўсходнім абрадзе.
 
Напярэдадні канферэнцыі ў Бары, як інфармуе сайт Svjazep.org, грэка-каталіцкія сьвятары ўзгадалі ў малітве Апекуноў Еўропы: сьвятых Бенядыкта, Кірылу і Мятода. Пасьля малітвы ў Велеградзе (Чэхія), Венецыі і Рыме (на магіле сьв. Кірыла), па дарозе ў Бары, 28 траўня 2015 году Архімандрыт Сяргей (Гаек) маліўся на магіле сьв. Бенядыкта ў манастыры на Монтэ Касіна.
 
Міжнародная сустрэча «Kairos-2015» завершылася экуменічнай малітвай з удзелам прадстаўнікоў розных Цэркваў і хрысьціянскіх супольнасьцяў пад старшынствам архібіскупа Шона Ларкіна (Sean Larkin) з Аб’яднанай Англіканскай Царквы (Ўокінг, Вялікабрытанія) і сьв. Імшой, якую ўзначальваў італійскі рыма-каталіцкі біскуп-эмэрыт Марыё Пачэльлё (Mario Paciello).
 
Фота Антоніа Калізі (Antonio Calisi).
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"