Друк
24.04.2016
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны
 
Сьвяты Айцец Францішак, Папа Рымскі, выяўляючы клопат і салідарнасьць з людзьмі ва Ўкраіне, якія пацярпелі ў выніку вайсковых дзеяньняў, выступіў з заклікам правесьці ў нядзелю, 24 красавіка 2016 году, ва ўсіх каталіцкіх цэрквах Еўропы збор ахвяраваньняў для гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
 
Гэтую дабрачынную агульнаеўрапейскую ініцыятыву Рымскі Архірэй агучыў у Нядзелю Божай міласэрнасьці, 3 красавіка 2016 году. Зьвяртаючыся да каталіцкіх вернікаў у Еўропе, Папа Францішак сказаў: «Мая думка нясецца да ўсіх народаў, якія больш за ўсё прагнуць прымірэньня і міру. У прыватнасьці, маю на ўвазе тут, у Еўропе, драму тых, хто пераносіць наступствы гвалту ва Ўкраіне: тых, якія знаходзяцца на тэрыторыях, ахопленых вайсковымі дзеяньнямі, якія ўжо прывялі да тысячаў сьмерцяў і больш за мільён былі вымушаныя пакінуць гэтыя тэрыторыі з улікам цяжкай сітуацыі, якая і далей трывае. Гэта перш за ўсё датычыць асобаў пахілага веку і дзяцей. Апроч таго, што я ўвесь час маю іх у сваіх думках і суправаджаю малітвай, я вырашыў выступіць з ініцыятывай гуманітарнай падтрымкі на іх карысьць.
З гэтай мэтай у нядзелю, 24 красавіка, ва ўсіх каталіцкіх цэрквах Еўропы будзе праведзены сьпецыяльны збор. Заахвочваю вернікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы сваімі шчодрымі ахвяраваньнямі. Гэты жэст міласэрнай любові, акрамя аблягчэньня матэрыяльных цярпеньняў, мае на мэце выказаць маю асабістую і усёй Царквы блізкасьць і салідарнасьць.
Выказваю шчырае пажаданьне, каб гэта змагло дапамагчы без далейшых затрымак спрыяньню міру і пашане да права на гэтай зямлі, якая зьведала вельмі шмат выпрабаваньняў».

Паводле зьвестак ААН, ад пачатку вайны на Данбасе ва Ўкраіне загінула 9208 чалавек, больш за 1,7 млн. чалавек вымушаныя былі шукаць прытулку ў больш спакойных рэгіёнах краіны, гуманітарнай дапамогі агулам патрабуе ня менш за 3,1 млн. чалавек.

Сабраныя католікамі 24 красавіка грошы будуць прызначаныя на падрыхтаваныя Апостальскім Пасадам праекты падтрымкі найбольш пацярпелых і неабароненых груп ва Ўкраіне.

Да гэтай агульнаеўрапейскай ініцыятывы далучацца і вернікі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ва ўсім сьвеце.

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"