Друк
25.04.2016
Выйшаў кампакт-дыск з беларускімі сьпевамі Боскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага
 
У грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Менску 24 красавіка 2016 году адбылася прэзентацыя дыску «Сьпевы Боскай Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага».
 
Паводле словаў беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з Лондану а. Сяргея Стасевіча, які таксама спрычыніўся да рэалізацыі гэтага музычнага праекту, кампакт-дыск, на якім запісана ўся сьпяваная Боская Літургія сьвятога Яна Залатавуснага па-беларуску, выходзіць у Беларусі ўпершыню. Дыск быў зроблены на студыі Kava Records.
 
Гэты запіс Боскай Літургіі з сьпевамі на беларускай мове мае найперш адукацыйныя мэты, адзначае сьвятар. Ён павінен дапамагчы вернікам Беларускай Царквы навучыцца сьпяваць на нядзельнай багаслужбе. Сьпеў гучыць у выкананьні вернікаў з менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў і душпастыра сталічных грэка-католікаў айца Яўгена Ўсошына.

На працягу трох гадоў над гэтым зборнікам царкоўных сьпеваў працаваў Сяргей Раюнец, які кампанаваў яго, запісваў ноты і гарманізаваў асобныя музычныя творы, шукаючы і зьвяраючы іх з арыгіналамі.
 
Традыцыйныя напевы і творы вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага былі запісаныя паводле музычных выданьняў «Царкоўны сьпеўнік» і «Сьпевы Боскай Літургіі», якія былі выдадзеныя ў Лондане пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда — музыказнаўцы з Вялікабрытаніі з французскімі каранямі, дасьледчыка беларускай культуры. Абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка» (1929).
 
Падчас прэзентацыі дыску пасьля нядзельнай Боскай Літургіі а. Сяргей Стасевіч з Лондану бліжэй пазнаёміў з асобай Гая дэ Пікарда (1931—2007). Прысутныя змаглі паглядзець таксама дакументальны фільм пра яго (20 красавіка — чарговая гадавіна сьмерці Г. Пікарда). Гэты выдатны дасьледчык беларускай культуры вывучаў творчасьць беларускіх кампазітараў Міколы Равенскага, Міколы Куліковіча, жыцьцё і дзейнасьць Францішка Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Менску. Шмат увагі ён аддаваў пошуку старажытных беларускіх царкоўных сьпеваў і іх выданьню.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"