Друк
17.05.2016
Новы Апостальскі нунцый у Беларусі бачыць сваім прыярытэтам разьвіцьцё экуменізму
 
Прызначаны 13 траўня 2016 году Папам Францішкам новы Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь мансіньёр Габар Пінтэр накіраваў прывітальнае слова да біскупаў, сьвятароў, членаў манаскіх супольнасьцяў, вернікаў ды ўсіх грамадзянаў добрай волі ў Беларусі, паведамляе Ватыканскае радыё.
 
Ватыканскі дыпламат мяркуе, што яго паходжаньне з усходне-еўрапейскай краіны з камуністычным мінулым дапаможа яму лепш зразумець актуальную сітуацыю і праблемы Царквы і грамадзтва ў Беларусі.
Новы Апостальскі нунцый у Беларусі мансіньёр Габар Пінтэр.
Прыярытэтам у сваім служэньні ў Беларусі новы прадстаўнік Сьвятога Пасаду бачыць разьвіцьцё і паглыбленьне экуменічнага супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой.
 
«Гэта вялікі гонар і задавальненьне для мяне — мець магчымасьць прадстаўляць Сьвятога Айца ў вашай цудоўнай краіне, сярод гэтага высакароднага народу, у Царкве, што так драматычна пацярпела, і ў той жа час настолькі жывая, — адзначае мансіньёр Габар Пінтэр. — Той факт, што я паходжу з Венгрыі і таму ведаю рэальнасьць камуністычнага мінулага, несумненна, дапаможа мне лепш зразумець актуальную сітуацыю Царквы і грамадзтва ў Беларусі».
 
У сваім прывітальным слове, якое новы Апостальскі нунцый у Беларусі накіраваў з Вены ў Нядзелю Спасланьня Сьвятога Духа, ватыканскі дыпламат адзначае высокі ўзровень экуменічнага супрацоўніцтва паміж хрысьціянскімі Цэрквамі ў Беларусі: «Я быў вельмі рады атрымаць інфармацыю пра выдатнае супрацоўніцтва паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнай Царквой, што многія лічаць мадэльлю экуменізму. Для мяне будзе прыярытэтам, разьвіцьцё і паглыбленьне гэтага братняга і сапраўднага хрысьціянскага суіснаваньня».
 
Мансіньёр Габар Пінтэр паведаміў таксама, што цяпер пэўны час будзе заняты падрыхтоўкай да свайго служэньня ў Беларусі і, на жаль, ня зможа на пачатку ліпеня прысутнічаць на ўрачыстасьцях у Будславе, дзе будзе адзначацца 25-я гадавіна ўсталяваньня Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што стала сымбалем адраджэньня Каталіцкай Царквы ў Беларусі. «На жаль, я не змагу прысутнічаць сярод вас фізічна, але буду там духоўна і ў маіх малітвах», — напісаў ён.
 
Напрыканцы свайго прывітальнага слова Апостальскі нунцый папрасіў беларускіх вернікаў маліцца за яго ў гэты час: «Я прашу вас шмат маліцца за мяне ў бліжэйшыя месяцы, падчас якіх я буду рыхтавацца з вялікай радасьцю і шырока адкрытым сэрцам, каб у бліжэйшы час сустрэць вас з жаданьнем быць вашым братам, які падтрымлівае вас у веры, міласэрнасьці і надзеі».
 
Новы прадстаўнік Сьвятога Айца ў нашай краіне нарадзіўся ў г. Кунсэнтмартан (Венгрыя) 9 сакавіка 1964 году. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 11 чэрвеня 1988 году ў рыма-каталіцкай дыяцэзіі Вацу. Атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 году. Працаваў у прадстаўніцтвах Сьвятога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.
 
13 траўня 2016 году Папа Францішак прызначыў мансіньёра Габара Пінтэра Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь, надаючы яму адначасова годнасьць тытулярнага архібіскупа Велбужду. Каталіцкая япархія ў Вэлбуждзе (Dioecesis Velebusdiensis) існавала ў сярэднявеччы на тэрыторыі сучаснай Баўгарыі.
 
Д-р Габар Пінтэр акрамя роднай вянгерскай валодае крэольскай мовай Гаіці, італійскай, ангельскай, нямецкай, гішпанскай, французскай, расейскай і шведзкай мовамі.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"