Друк
24.05.2016
Папа Францішак: будзьце закваскай еднасьці, суцяшэньня і любові
 
Урачыстасьць Найсьвяцейшай Тройцы заклікае нас быць закваской еднасьці, суцяшэньня і любові, сказаў Сьвяты Айцец Францішак падчас малітвы «Анёл Гасподні» ў нядзелю, 22 траўня 2016 году ў Ватыкане.
 
Рымскі Архірэй адзначыў, што ў гэтай місіі, нас падтрымлівае моц Духа Сьвятога: «яна аздараўляе цела чалавецтва, якое параненае несправядлівасьцю, прыгнётам, нянавісьцю і прагнасьцю».
 
Разважаючы пра таямніцу Сьвятой Тройцы, Біскуп Рыму падкрэсьліў, што «трынітарны характар зносінаў ахоплівае нас усіх ды заклікае нас жыць у любові і брацкай салідарнасьці, будучы ўпэўненымі, што там, дзе ёсьць любоў, там ёсьць Бог.
 
Ватыканскае радыё перадае зьмест прамовы Сьвятога Айца Францішка:
 
«Сёньня, ва ўрачыстасьць Найсьвяцейшай Тройцы, сьвятое Евангелье паводле Яна зьмяшчае доўгую разьвітальную прамову, якую сказаў Ісус незадоўга да Сваёй мукі. У гэтай прамове Ён патлумачыў Сваім вучням глыбокія праўды, зьвязаныя з Ім. У ёй акрэсьліваюцца адносіны паміж Ісусам, Айцом і Духам Сьвятым. Ісус ведае, што Ён блізка рэалізацыі плану Айца, які зьдзейсьніцца праз Яго сьмерць і ўваскрасеньне. Таму Ён хоча запэўніць Сваіх вучняў, што не пакіне іх, бо Яго місію будзе працягваць Сьвяты Дух. Уласна Сьвяты Дух будзе працягваць місію Ісуса, гэта значыць весьці Царкву ў будучыню.
 
Ісус адкрыў, у чым заключаецца гэтая місія. Перш за ўсё, Сьвяты Дух вядзе нас да разуменьня шматлікіх рэчаў, якія Сам Ісус яшчэ не сказаў (пар. Ян 16, 12). Размова не пра новыя або асаблівыя дактрыны, але пра поўнае разуменьне ўсяго таго, што Сын пачуў ад Айца і што перадаў Сваім вучням (пар. Ян 16, 15). Сьвяты Дух накіроўвае нас у новыя жыцьцёвыя сітуацыі з позіркам, які зьвернуты на Ісуса і, у той самы час, адкрыты на цяперашнія падзеі і на будучыню. Ён дапамагае нам трываць на працягу гісторыі, будучы моцна ўкаранёнымі ў Евангельлі, з дынамічнай вернасьцю адносна нашых традыцыяў і звычаяў.
 
Але таямніца Сьвятой Тройцы гаворыць таксама і пра нас, пра нашыя адносіны з Айцом, Сынам і Духам Сьвятым. Бо праз хрост Сьвяты Дух увёў нас у сэрца і жыцьцё самога Бога, Які ёсьць супольнасьць любові. Бог — гэта «сям’я» з трох Асобаў, якія любяць адзін аднаго так моцна, што твораць адно цэлае. Гэтая «Боская сям’я» не замыкаецца ў сабе, але адкрытая, яна дае спазнаць Сябе ў стварэньні і ў гісторыі, яна ўваходзіць ў сьвет людзей, каб клікаць усіх удзельнічаць у ёй. Трынітарны характар зносінаў ахоплівае нас усіх ды заклікае нас жыць у любові і брацкай салідарнасьці, будучы ўпэўненымі, што там, дзе ёсьць любоў, там ёсьць Бог.
 
Тое, што мы створаны на вобраз і падабенства Бога-сулучнасьці, заклікае нас да ўсьведамленьня самых сябе як істот у лучнасьці, каб падтрымліваць міжасабовыя адносіны ў салідарнасьці і ва ўзаемнай любові.
Такія адносіны павінны мець месца, перш за ўсё, у нашых царкоўных супольнасьцях, каб у іх рабіўся ўсё больш відавочным вобраз Царквы як іконы Сьвятой Тройцы. Але яны павінны мець месца і ў іншых сацыяльных адносінах, пачынаючы ад сям’і і да прыязных стасункаў на працы і паўсюль. Гэта ёсьць канкрэтныя нагоды, якія нам дадзеныя, каб будаваць па-чалавечы ўсё больш багатыя адносіны, здольныя да ўзаемнай павагі і бескарысьлівай любові.
 
Урачыстасьць Сьвятой Тройцы заклікае нас прымаць удзел у штодзённых падзеях, каб быць закваскай еднасьці, суцяшэньня і міласэрнасьці. У гэтай місіі нас падтрымлівае моц, якую дае нам Сьвяты Дух: яна вылечвае цела чалавецтва, якое параненае несправядлівасьцю, прыгнётам, нянавісьцю і прагнасьцю. Дзева Марыя ў сваёй пакоры прыняла волю Айца і зачала Сына праз удзел Сьвятога Духа. Няхай Яна, люстэрка Сьвятой Тройцы, дапаможа нам умацаваць нашую веру ў трынітарную Таямніцу, каб ажыцюцяўляць яе ў жыцьці рашэньнямі і стасункамі любові і еднасьці», — сказаў Папа.
 
Паводле Ватыканскага радыё.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"