Друк
08.08.2016
У горадзе Скарыны прэзентавалі Псалтыр у перакладзе айца Аляксандра Надсана
 
6 жніўня 2016 году, на сьвята Перамяненьня Гасподнага, у родным горадзе Францішка Скарыны — Полацку, у грэка-каталіцкай царкве сьвятой Параскевы Полацкай адбылася прэзентацыя богаслужбовага выданьня Псалтыра ў перакладзе а. Аляксандра Надсана.
 
Гэтае доўгачаканае новае беларускае біблійнае выданьне — Псалтыр у перакладзе з старажытнагрэцкай мовы (з Септуагінты) айца Аляксандра Надсана —  пабачыла сьвет на пачатку жніўня 2016 году ў Менску, дзякуючы выдавецтву «Сафія» пры полацкай грэка-каталіцкай грамадзе.
 
Непасрэднай падрыхтоўкай да друку Псалтыра займаліся каталіцкі сьвятар з Друі а. Сяргей Сурыновіч (ён выступіў у якасьці рэдактара выданьня) і пераемнік айца Аляксандра Надсана ў Лондане айцец Сяргей Стасевіч. Упарадкаваньнем займаўся таксама а. Аляксандар Аўдзяюк. Бібліст а. Сяргей Сурыновіч напісаў грунтоўную прадмову да Псалтыра «Сьпявайце Госпаду новую песьню». Карэктуру ў выданьні зрабіла Крысьціна Курчанкова. Для густоўнага афармленьня кнігі папрацавалі мастачка Алена Ткачова, якая зрабіла стылізаваную арнаментальную літарку на вокладцы, а Антон Брыль, унук Янкі Брыля, на падставе Скарынавых выданьняў распрацаваў для Псалтыра адмысловы шрыфт.
 
Дата і месца для прэзентацыі Псалтыра ў перакладзе а. Аляксандра Надсана былі абраныя не выпадкова. Уласна 6 жніўня, 499 гадоў таму, доктар Францішак Скарына з Полацку пачаў у Празе друкаваць кнігі Бібліі і надрукаваў Псалтыр — першую беларускую друкаваную кнігу. Прэзэнтацыя выданьня ў Полацку была прымеркаваная таксама да 90-х угодкаў з дня народзінаў айца Аляксандра Надсана.
 
Пасьля сьвяточнай Боскай Літургіі, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), і традыцыйнага на сьвята Перамяненьня асьвячэньня зямных пладоў — садавіны была адслужана паніхіда па а. Аляксандру Надсану, а затым адбылася прэзентацыя кнігі з ягоным беларускім перакладам Псалтыра. У прэзентацыі ў полацкай грэка-каталіцкай царкве ўзяў удзел бард Арцём Сітнікаў, які выканаў псальмы і духоўныя песьні.
 
У прадмове да Псалтыра беларускі першадрукар Францішак Скарына напісаў: «Псалом сьвяточна ўпрыгожвае голас усёй адзінай Царквы! Псалом усялякую супраціўнасьць дзеля Бога выпраўляе! Псалом жорсткае сэрца зьмякчае і сьлёзы яго, як струменьчык з крыніцы, выводзіць. Псалом — анёльская песьня, духоўны тэмпан, які цела сьпевамі весяліць і адначасна душу вучыць! Чаго толькі ня знойдзеш у псалмах! Там — вялікасьць боская і хвала Яму! Там — справядлівасьць! Там — чысьціня душэўная і цялесная! Там — навука праўды! Там — мудрасьць і розум дасканалы! I ўсе іншыя добрыя звычаі, нібы з крыніцы, струменяць адтуль! Там ёсьць вялікая тайна пра Бога адзінага ў Тройцы!»
 
Як і славуты палачанін, айцец Аляксандар Надсан разумеў вялікую карысьць для народу і вялікую патрэбу для Царквы ў Беларусі перакладу на сучасную беларускую мову Псалтыра, і таму сьпяшаўся завершыць гэтую сваю працу. Вялікая каштоўнасьць зробленага ім перакладу Псалтыра на беларускую мову, як і ўсіх іншых літургічных тэкстаў Усходняй Царквы, якія пераклаў а. Аляксандар Надсан, яшчэ і ў тым, што гэта ня проста механічны пераклад з старагрэцкай мовы — гэтыя псальмы шматразова на працягу многіх гадоў прамоленыя айцом і адпаведна мелодыцы малітвы ўкладзеныя.

З нагоды выданьня Псалтыра ў перакладзе айца Аляксандра Надсана яго пераемнік у Лондане а. Сяргей Стасевіч адзначыў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Напярэдадні 90-га юбілею айца і дня, у які Скарына выдаў свой слаўны Псалтыр, выйшаў з друку ягоны пераклад псалмоў з старагрэцкай мовы. Айцец мусіць зараз цешыцца разам з намі ў небе, бо ягоная апошняя воля выкананая! Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што гэта другі такі Псалтыр пасьля Скарынавага».

Фота Кацярыны Вінакуравай і Юркі Новікава.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"