Друк
21.10.2016
Беларускія ярархі падарылі Папу Рымскаму беларускі пераклад яго кнігі
 
19 кастрычніка 2016 году падчас агульнай аўдыенцыі ў Рымскага Архірэя ў Ватыкане рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек падарылі Сьвятому Айцу Францішку беларускае выданьне ягонай кнігі «Імя Бога — Міласэрнасьць».
 
Кніга-інтэрв’ю Папы Рымскага Францішка была перакладзеная сёлета на беларускую мову супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандрам Панчанкам.
 
Размова беларускіх ярархаў з Сьвятым Айцом была кароткая — на працягу некалькіх хвілінаў, але, як адзначае біскуп Алег Буткевіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, пакінула вялікае ўражаньне. «Вядома, для мяне вельмі прыемна было бачыць усьмешку Сьвятога Айца, які трымаў у руках сваю ж кнігу ў перакладзе на беларускую мову. Пантыфік шчыра прызнаўся, што не разумее нашай мовы, але падзякаваў за тое, што гэты пераклад адбыўся. І для нас гэта важная падзея, таму што гэта знак таго, што мы ў Беларусі ўсур’ёз успрымаем заахвочваньне Папы перажыць Год Міласэрнасьці, шукаючы шляхі і магчымасьці для адказу на заклік Ісуса Хрыста “Быць міласэрнымі, як Айцец”», — сказаў у інтэрв’ю Ўладыка Алег.
 
Папа Францішак падпісаў два асобнікі беларускага перакладу сваёй кнігі. Адзін з іх — для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, а другі будзе перададзены ў Беларусь.
 
Варта адзначыць, што выданьне ў Беларусі гэтай кнігі Папы — плён сумеснай працы грэка-католікаў і рыма-католікаў. Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) і рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступілі ініцыятарамі перакладу гэтай кнігі на беларускую мову, зьвярнуўшыся па дапамогу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.
 
«Ідэя, з якой да нас зьвярнуліся ярархі, палягала на тым, каб у кантэксьце Году Міласэрнасьці перакласьці на беларускую мову кнігу Сьвятога Айца пра Божую Міласэрнасьць, — адзначае ў каментары для Catholic.by перакладчык Аляксандар Панчанка. — Гэтая кніга дапамагла б вернікам у Беларусі зразумець сутнасьць абвешчанага ў Каталіцкім Касьцёле Году Міласэрнасьці і аднавіць сваё разуменьне асабістых адносінаў з Панам Богам».
 
Аляксандар Панчанка адзначае, што гэта быў яго першы досьвед у перакладзе кнігі, але праца на Ватыканскім радыё, дзе яму штодня даводзіцца перакладаць словы Сьвятога Айца, шмат у чым аблегчыла яго задачу. Карэктура беларускай версіі кнігі, паводле яго словаў, была ўжо каманднай працай. Свае рэкамендацыі, прапановы і праўкі пасьля супольнага абмеркаваньня зрабілі кс. Аляксандар Амяльчэня, Алесь Жлутка, грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Буйніч і іншыя.
 
«Паўдзельнічаць у гэтай працы было для мяне вялікім гонарам. Але мая роля як перакладчыка даволі сьціплая, — прызнаецца Аляксандар Панчанка. — Галоўнае ў кнізе — словы Папы, яго пасланьне. І было б цудоўна, каб кнігу змаглі прачытаць як мага больш людзей, каб яна спрыяла навяртаньню і ўстанаўленьню больш глыбокага яднаньня з Богам — а асабліва, як падкрэсьлівае сам Сьвяты Айцец, у дары сакраманту пакаяньня».
 
«Імя Бога – Міласэрнасьць» выйшла ў менскім выдавецтве «Медысонт» накладам 950 асобнікаў. Падтрымаў ініцыятыву Папскі фонд «Дапамога Царкве ў патрэбе». Выданьне кнігі, а потым і яе пераклад на беларускую мову прымеркаваныя да Юбілейнага Году Міласэрнасьці, які завяршаецца ў Каталіцкай Царкве.
 
У размове, якую правёў з Рымскім Архірэем італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаўшы яму 40 пытаньняў, — думкі, разважаньні, духоўныя парады Сьвятога Айца Францішка.
 
Папа Францішак, праз успаміны з маладосьці і кранальныя эпізоды з свайго пастырскага досьведу, тлумачыць прычыны абвяшчэньня Надзвычайнага Сьвятога Году Міласэрнасьці. Ён разважае пра шлях чалавека да Бога і Бога да чалавека, тлумачыць чытачу сэнс Божага прабачэньня. У адказах на пытаньні журналіста адчуваецца прагненьне Сьвятога Айца ў простай размоўнай форме дасягнуць усіх тых, хто шукае сэнс жыцьця, шлях супакою і прымірэньня, ацаленьня духоўных і фізічных ранаў.
 
Не ўпускаючы з увагі этычныя і багаслоўскія пытаньні, Францішак падкрэсьлівае, што Царква не зачыняе дзьверы ні перад кім. Царква, сьцьвярджае Папа, «існуе ў сьвеце не для таго, каб асуджаць, але каб дазволіць сустрэцца з гэтай бясконцай любоўю, якой зьяўляецца міласэрнасьць Бога». Сучаснае чалавецтва параненае, яно нясе на сябе глыбокія раны, але ня ведае, як іх лячыць, або мяркуе, што вылечыць іх немагчыма. Але «лекі існуюць, аздараўленьне існуе, калі толькі зробім маленькі крок да Бога або прынамсі маем жаданьне зрабіць яго», — зьвяртае ўвагу чытача Сьвяты Айцец Францішак у сваёй кнізе.
 
Фота: Ватыканскае радыё.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"