Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) 15 сьнежня 2016 году ў Папскім Латэранскім саборы сьв. Яна Хрысьціцеля ў Рыме ўзначаліў падзячную Архірэйскую Боскую Літургію з нагоды 420-годдзя Берасьцейскай царкоўнай уніі. Разам з шматлікімі вернікамі і духавенствам Зьверхнік УГКЦ дзякаваў Богу за «дар еднасьці Царквы».
Як паведамляе прэс-служба таварыства «Свята Софія», зьвяртаючыся да прысутных вернікаў, украінскі грэка-каталіцкі першаярарх у сваім казаньні спыніўся на галоўных прычынах візіту пасланцоў Кіеўскага мітрапаліта ў Апостальскую Сталіцу. Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) у Рыме, 15.12.2016.«Што яны шукалі і з чым вярнуліся?» — паставіў пытаньне зьверхнік УГКЦ. «Найперш яны шукалі адраджэньня хрысьціянскага жыцьця /.../. Акрамя гэтага, яны жадалі роўнасьці візантыйскага абраду з лацінскім. Трэцяй прычынай быў пошук еднасьці Царквы», — сказаў Уладыка Сьвятаслаў (Шаўчук). Ён таксама зьвярнуў увагу, што папскі дакумент пра зацьвярджэньне Уніі, абвешчанай на царкоўным саборы ў Берасьці, які ўладыкі везьлі з сабой дадому, «стаў першым дакументам міжнароднага права, які ня толькі прызнаваў, але і абараняў правы Кіеўскай Царквы».
Згадваючы пра крытыку і недаацэнку Берасьцейскай уніі, Першаярарх УГКЦ адзначыў, што «да гэтага часу ніхто не знайшоў і ня прапанаваў лепшай мадэлі царкоўнага яднаньня». Прапаведнік падкрэсьліў, што юбілей, які адзначаюць грэка-католікі, зьяўляецца «нагодай падзякаваць Богу за 420 гадоў царкоўнай еднасьці, якія нашая Царква ня толькі атрымала як дар, але і здолела пранесьці праз розныя ліхалецьці гісторыі нашага народу. Таму мы дзякуем Богу таксама за дар вядомых і невядомых мучанікаў на ўкраінскіх і беларускіх землях».
Набажэнства з нагоды юбілею Берасьцейскай уніі адбывалася ў катэдральным саборы Рымскай япархіі, першым сярод чатырох папскіх базылік Вечнага гораду, гістарычна першай катэдры рымскіх пантыфікаў. З Першаярархам УГКЦ саслужылі Ўладыка Дыянісі (Ляховіч), Апостальскі візітатар для ўкраінцаў грэка-католікаў у Італіі і Гішпаніі, Уладыка Ірынэй (Білык), канонік Папскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, грэка-каталіцкія душпастыры з розных украінскіх супольнасьцяў у Італіі, прадстаўнікі манаскіх супольнасьцяў, Украінскай папскай калегіі сьв. Язафата і Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
Адзначым таксама, што згодна з пастаноыай Сіноду Кіева-Галіцкага Вярхоўнага Архібіскупства УГКЦ, які адбыўся ў Львове 18-19 лістапада 2016 году, 15 сьнежня гэтага году ва ўсіх цэрквах Львоўскай архіяпархіі УГКЦ для ўшанаваньня 420-годдзя Берасьцейскай Уніі адбыліся падзячныя Боскія Літургіі за дар еднасьці УГКЦ з Паўсюднай Царквою, падчас якіх маліліся таксама за еднасьць Цэркваў — спадкаемніцаў Уладзіміравага хросту і за еднасьць усіх хрысьціянаў.