Друк
04.07.2010
Лета — час пілігрымак для сьвятыняў
 
Толькі закончылася пілігрымка беларускіх католікаў у нацыянальны санктуарыюм Маці Божай у Будславе, як пілігрымы зноў зьбіраюцца ў шлях да сьвятыняў, для аднаўленьня і ўмацаваньня сваёй веры. 7 ліпеня распачынаецца штогадовая Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебску ў Полацак.
 
У сьвяце Маці Божай Будслаўскай, што праходзіла ў Нацыянальным Санктуарыюме ў Будславе 1–2 ліпеня 2010 г., сярод шматлікіх пілігрымаў з усёй краіны (амаль 2,5 тысячы з іх некалькі дзён ішлі ў санктуарыюм пешшу) ўдзельнічалі і многія вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе прайшлі пад дэвізам “Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага”. Яны распачалі духоўную падрыхтоўку да 400-годдзя гэтага цудатворнага абраза. Наступныя два гады пройдуць пад дэвізамі “Марыя — сьвятыня Духа Святога” і “Марыя — Маці Збаўцы”.
 
Паводле шматгадовай традыцыі ў Будслаўскім санктуарыюме вечарам 1 ліпеня грэка-каталікі сьпявалі Акафіст да Багародзіцы. Сёлета Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадае 280-ыя ўгодкі ўрачыстай каранацыі цудатворнай Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Таму ў Будславе вернікі разам з менскім міжпарафіяльным маладзёвым хорам “Прасфара” сьпявалі Акафіст ў гонар Жыровіцкай іконы Маці Божай.
 
Падчас начнога чуваньня ля цудатворнай Будслаўскай іконы Маці Божай а 2-й гадз. ночы грэка-каталіцкія сьвятары адслужылі для пілігрымаў сьв. Літургію ва ўсходнім абрадзе, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў беларусі архім. Сяргей (Гаек). Ён таксама саслужыў падчас адпустовай сьвятой Імшы 2 ліпеня 2010 году, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Казімірам Велікасельцам, біскупам Віцебскім Уладзіслаам Бліном, дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонам Дзям’янкам, архібіскупам Варшаўска-Пражскім Генрыкам Хосэрам.
 
У першую нядзелю ліпеня адзначаецца сьвята цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай (Гарадзенская рыма-каталіцкая дыяцэзія). У мінулым годзе падчас сьвятой Імшы 5 ліпеня на абраз былі ўскладзены папскія кароны. Сёлета ўрачыстасьці ў Тракелях праходзілі 2-3 ліпеня, на якія прыбылі вернікі з розных куткоў дыяцэзіі і ўсёй Беларусі. Была таксама невялікая група вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з душпастырам гарадзенскіх вернікаў а. Андрэем Кратом.
 
7-11 ліпеня 2010 г. распачынаецца XVI штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацак. У гэтым годзе яна пройдзе пад дэвізам: “Ісьці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы”.
 
Шлях сьвятамучаніка Язафата, ад месца ягонага мучаніцтва ў Віцебску да ягонай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, якая стала таксама месцам мучаніцкай сьмерці Полацкіх мучанікаў – манахаў-базыльянаў, забітых расейскім царом Пятром, пілігрымы пройдуць за 4 дні. А ў нядзелю, 11 ліпеня 2010 году, у Полацку, ля грэка-каталіцкай царквы сьв. Параскевы Полацкай, для пілігрымаў будзе адслужана сьвяточная Боская Літургія (пачатак у 10.30 гадз.). Па дадатковую інфармацыю адносна ўдзелу ў пілігрымцы можна зьвяртацца да а. Зьмітра Грышана: тэл. (29) 210-80-95, МТС; (29) 675-29-97, Velcom). У Менску зьвяртацца можна да а. Яўгена Ўсошына: тэл. (33) 631-55-24, МТС; (29) 312-28-26, Velcom.
 
13 ліпеня - пілігрымка каталікоў у Навумавічы, што пад Горадняй, для ўшанаваньня памяці блаславёнай Марыяны Бярнацкай - былой уніяткі, якая ў часы фашысцкай акупацыі аддала сваё жыцьцё за сваю нявестку і яшчэ ненароджанага ўнука. Разам з іншымі закладнікамі яна была расстраляная на Навумавіцкім фарту. На працягу апошніх гадоў у гэтай пілігрымцы бяруць удзел гарадзенскія грэка-каталікі і менскія верніцы з сястрыцтва імя бласл. Марыяны (Бярнацкай).
 
Гудагайскі касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі славіцца абразом Маці Божай Гудагайскай, культ ушанаваньня якога зьвязаны са шкаплерным набажэнствам. Галоўная ўрачыстасьць сьвяткуецца тут 16 ліпеня, у дзень успаміну Маці Божай з гары Кармель. Босыя Браты Ордэна Найсьвяцейшай Панны Марыі з гары Кармель запрашаюць пілігрымаў у санктуарыюм Маці Божай Гудагайскай (Гарадзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) на ўрачыстасьць Маці Божай Шкаплернай 17-18 ліпеня 2010 году.
 
У першую пешую пілігрымку Горадня-Наваградак, якая адбудзецца 25-31 ліпеня 2010 году, для ўшанаваньня памяці блаславёных сясьцёр назарэтанак, мучаніц з Наваградка, запрашае рыма-каталіцкі біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч. 1 жніўня прыпадае гадавіна іх расстрэлу фашыстамі.
 
З 6 па 9 жніўня 2010 году адбудзецца ІХ Пешая пілігрымка Горадня — Рось. Пілігрымы вырушаць з Горадні раніцай, 6 жніўня, ад касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы). Маршрут пілігрымкі пройдзе праз мясцовасьці: Горніца, Калпакі, Квасоўка, Сьвіслач, Заневічы, Станевічы, Вялікія Эйсманты, Рэпля, Дулеўцы, Рось.
 
Сёлета, ужо ў чацьвёрты раз, адбудзецца пілігрымка сем’яў Беларусі. Спачатку сем’і прыняў санктуарыюм у Будславе, пасьля — Тракелі і Гудагай. Камісія па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі шчыра запрашае ўсіх жадаючых на малітоўную сустрэчу «Шчасьце чалавека ў сьвятасьці сям’і» у Браславе. Яна адбудзецца сёлета пад апекай Маці Божай Валадаркі Азёраў 21 жніўня 2010 году, напярэдадні святкаваньня гадавіны каранацыі гэтага цудоўнага абраза, які некалі захоўваўся ў грэка-каталіцкай сьвятыні Браслава. У праграме сустрэчы сем’яў будзе сьвятая Імша з аднаўленьнем сужэнскай прысягі.
 
Усе, хто жадае прыняць удзел у гэтай пілігрымцы сем’яў, а асабліва тыя, хто адзначае гадавіну сужэнства, могуць зьвяртацца па дадатковую інфармацыю да кс. Лешэка Вітвіцкага, SDS (тэл.: +375-29-512-17-92) або ў Душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі па тэл. 306-22-22 (МТС і Velcom).
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"