Друк
29.04.2017
Грэка-каталіцкі сьвятар адслужыў паніхіду па невядомых ахвярах, расстраляных пад Віцебскам
 
Напярэдадні Радаўніцы, 24 красавіка 2017 году, віцебскія грамадзкія актывісты наведалі мясцовыя Курапаты — так у народзе называюць месцы масавых пахаваньняў, выяўленыя ў лесе каля вёскі Хайсы недалёка ад Віцебску — паведамляе TUT.BY.
 
Сёньня гэтае месца патрабуе асаблівай увагі, бо гэтай вясною ў лесе былі заўважаныя сьляды дзейнасьці марадзёраў — вырытыя ямы і шматлікія раскіданыя па лесе людзкія чарапы ды косткі.
 
Каля крыжоў, якімі пазначаныя месцы масавых пахаваньняў невядомых людзей, актывісты з Віцебску ўсклалі кветкі, запалілі памінальныя сьвечкі і лампадкі. Сьвятар з віцебскай грэка-каталіцкай парафіі а. Зьміцер Грышан пагадзіўся адслужыць паніхіду ў лесе пад Хайсамі і разам з ім яны прачыталі памінальныя малітвы за душы бязьвінна загінулых там нявядомых ахвяраў.
 
У лістападзе 2014 году каля ў лясным масіве побач з вёскай Хайсы Віцебскага раёну былі выяўленыя больш за 40 раскапаных чорнымі капальнікамі ямаў з чалавечымі парэшткамі. У большасьці чэрапаў у патылічнай або цемянной частцы меліся адтуліны, хутчэй за ўсё ад куляў. Тады 52-м пошукавым батальёнам былі знойдзеныя парэшткі каля двухсот чалавек. Яны былі пахаваныя ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна» як невядомыя ахвяры, расстраляныя падчас вайны нямецкімі войскамі. Аднак, паводле сьцьверджаньняў мясцовых жыхароў, тут адбываліся расстрэлы ў 1930-ыя гады, якія праводзіла НКВД. Таму віцебскія актывісты сумняюцца ў праўдзівасьці высноваў вайскоўцаў з пошукавага батальёну, якія сьпецыялізуюцца толькі на эксгумацыях і займаюцца грунтоўнымі дасьледаваньнямі.
 
Увесну 2017 году косткі і чарапы з адтулінамі ў вобласьці патыліцы выявілі ўжо ў іншай частцы лесу пад Хайсами, прыкладна ў 300-400 метрах ад пахаваньняў, знойдзеных у 2014-м. Мясцовыя жыхары заўважылі 7 вялікіх раскопаў і каля 10 невялікіх ямаў, якія зрабілі чорныя капальнікі. Побач з людзкімі парэшткамі валяюцца розныя прадметы — гумавы абутак, посуд, акуляры, гузікі, шмат куляў. Па факце новых страшных знаходак каля в. Хайсы пачаў праверку Віцебскі раённы аддзел Сьледчага камітэту, а на месцы раскапаных марадзёрамі масавых пахаваньняў працуюць вайскоўцы з 52-га пошукавага батальёну.
 
З 2014 году віцебскія актывісты сабралі і запісалі на відэа нямала ўспамінаў мясцовых жыхароў, якія сьведчаць пра тое, што расстрэлы ў лясным урочышчы каля в. Хайсы адбываліся яшчэ да вайны і праводзілі іх менавіта савецкія карныя органы.
 
Удзельнікі грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» не аднойчы зьвярталі ўвагу мясцовых уладаў на факты марадзёрства ў лесе каля Хайсаў, аднак тыя дагэтуль не зрабілі належных захадаў дзеля аховы тэрыторыі масавых пахаваньняў у лесе. Віцебскія актывісты імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб гэтыя мясьціны з масавамі пахаваньнямі былі грунтоўна дасьледаваныя найперш прафесійнымі археолагамі, каб парэшткі бязьвінных ахвяраў былі пахаваныя, а мясьціны належна ўшанаваныя. Яны працягваюць зьбіраць сьведчаньні пра сталінскія расстрэлы, некалькі разоў на год прыбіраюць вакол крыжоў, усталяваных у памяць пра невядомых ахвяраў, расстраляных у лесе пад Віцебскам.

Фота: Ігар Мацьвееў, TUT.BY і Радыё Свабода.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"