Друк
19.06.2017
Памінальная малітва за беларускага настаўніка ў Магілёве
 
У Магілёве 10 чэрвеня 2017 году, напярэдадні Нядзелі ўсіх сьвятых, грэка-каталіцкі сьвятар узначаліў памінальную малітву на магіле настаўніка, які закладаў у горадзе беларускамоўнае школьніцтва на пачатку 1920-х гадоў.
 
Паніхіда адбылася на Карабанаўскіх могілках Магілёва, дзе пахаваны настаўнік, паведамляе Радыё Свабода. Адслужыў яе а. Васіль Ягораў з мясцовай грэка-каталіцкай парафіі іконы Маці Божай Бялыніцкай.
 
Магіла настаўніка, які вучыў магілёўскіх дзяцей па-беларуску, знайшлася зусім выпадкова. Зарослую травой пліту з беларускамоўным надпісам заўважыў мясцовы журналіст Алесь Асіпцоў, калі краязнаўцы шукалі брацкія пахаваньні магілёўцаў, што загінулі ў траўні 1943 году пасьля налёту на горад савецкай авіяцыі. Мясцовыя камунальнікі папрыбіралі вакол пахаваньня апалую лістоту, павысякалі хмызьняк.
 
Краязнаўцы кажуць, што гэтае пахаваньне — знакавае для беларускай культуры. Яно сьведчыць пра беларускасьць гэтага краю.
 
Пра памерлага ў 1926 годзе маладога 24-гадовага беларускага настаўніка пакуль вядома толькі тое, што напісана на надмагільлі. Яго прозьвішча Цімашэнка і настаўнічаў ён у магілёўскай сямігадовай школе № 2. На жаль, на пліце не пазначанае імя настаўніка — напісаныя толькі ініцыялы імя і імя па бацьку. Нарадзіўся ў 1902, памёр у 1926-м. Надпіс на надмагільлі зроблены на беларускай мове.
 
«Настаўнік, які тут пахаваны, пэўна ж, так любіў сваю Бацькаўшчыну, што тыя, хто яго хавалі, надпіс на надмагільлі зрабілі па-беларуску», — адзначыў айцец Васіль па сканчэньні паніхіды.
 
«Настаўнік Цімашэнка, безумоўна, цешыўся б з таго, што сёньня зноў пачуў на сваёй магіле родныя яму беларускія словы, якія гучаць у ягонай краіне без яго і разам з ім. — адзначыў сьвятар. — Да ягонага слова мы сёньня сьціпла далучыліся, каб успомніць пра тое, што ёсьць дужа каштоўным у нашай краіне і без чаго яна ня будзе адметнай ад іншых. Няхай ён спачывае і няхай Госпад даруе яму ягоныя правіны, магчыма памылкі, і няхай Госпад прыме яго ў Сваё валадарства».
 
Мова надпісу дазваляе меркаваць, што ў сваім настаўніцтве Цімашэнка карыстаўся нацыянальнай мовай беларусаў. Тыя, хто хаваў яго, таксама былі адданыя ідэі беларусізацыі, бо надпіс зрабілі на беларускай мове.
 
Варта адзначыць, што на момант сьмерці беларускага настаўніка Цімашэнкі Магілёў толькі два гады (у 1924 годзе) як быў вернуты ўрадам Савецкай Расеі ў склад Беларусі. Тады адбывалася гэтак званае паэтапнае ўзбуйненьне краю: Беларусі вярталіся забраныя раней землі. Ад 1924 году ў Магілёве пачынаецца беларускамоўнае школьніцтва. Адным з тых, хто стаяў ля яго вытокаў, і быў Цімашэнка.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"