Друк
19.01.2019
Справядлівасьць у цэнтры ўвагі сёлетняга Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў
 
18 студзеня 2019 году распачаўся Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў. З гэтай нагоды Папа Францішак узначаліў у гэты дзень урачыстую вячэрнюю слубу Нешпараў у рымскай базыліцы сьв. Паўла за Мурамі, паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
 
«Еднасьць хрысьціянаў — гэта плён Божай ласкі, і мы павінны быць гатовыя прыняць яе з шчодрым і прыхільным сэрцам», — падкрэсьліў Папа Францішак у гаміліі на набажэнстве Нешпараў 18 студзеня, адкрываючы Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў у саборы сьв. Паўла за Мурамі.
 
Сёлетняя міжканфесійная малітва была падрыхтаваная хрысьціянскай супольнасьцю Інданэзіі і будзе натхнёная тэмай «Імкніцеся да справядлівасьці». Канчатковы тэкст быў распрацаваны і зацьверджаны членамі Міжнароднага камітэту, прызначанага Сусьветнай Радай Цэркваў, і Папскай Радай па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
 
У падрыхтоўчым дакуменце Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў падкрэсьліваецца, што вялікай пагрозай справядлівасьці і вяршэнству закона ў гэтай краіне зьяўляецца карупцыя. Яна «выяўляецца ў самых розных формах і закранае палітыку і дзелавую сферу, часта несучы разбуральныя наступствы для навакольнага асяроддзя».
 
Аўтары заўважаюць, што словы Другазаконьня «Імкніцеся да справядлівасьці» (Дрг 16, 18-20) зьяўляюцца адбіткам той сітуацыі, у якой знаходзяцца хрысьціяне Інданэзіі, якія складаюць усяго 10% больш за 265-мільённага насельніцтва гэтай, пераважна мусульманскай, краіны.
 
«Хрысьціянскія супольнасьці пачынаюць усьведамляць сваю еднасьць, калі засяроджваюцца на ўзаемным клопаце і на сумесным адказе на праявы несправядлівасьці. (…) Толькі слухаючы малітву Ісуса, “каб усе былі адно” (Ян 17, 21), мы можам сьведчыць аб жыцьці ў еднасьці разнастайнасьцяў. Менавіта праз нашую еднасьць у Хрысьце мы будзем здольныя змагацца з несправядлівасьцю і забясьпечваць яе ахвяраў усім неабходным», — адзначаецца ў дакуменце.
 
Напярэдадні Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, падчас агульнай аўдыенцыі 16 студзеня 2019 г. у Ватыкане, Сьвяты Айцец Францішак нагадаў пра важнасьць гэтай ініцыятывы. Ён падкрэсьліў, што экуменізм — гэта не факультатыўная зьява, і заклікаў маліцца аб тым, каб хрысьціяне сталі адзінай сям’ёй і сьведчылі пра сваю еднасьці супольнымі намаганьнямі на карысьць справядлівасьці і абароны бедных.
 
Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў праводзіцца ва ўсім сьвеце штогод з 18 па 25 студзеня.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"