Друк
15.02.2019
Апостальскі нунцый павіншаваў з 70-годдзем Апостальскага Візітатара беларускіх грэка-католікаў
 
З нагоды 70-годдзя Архімандрыта Сяргея (Гаека), якое ён адзначаў 8 лютага 2019 году, Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Габар Пінтэр накіраваў яму свой афіцыйны ліст-віншаваньне.
 
«Трываць на шляху Веры, трываць на шляху да абяцаньня, трываць у служэньні Госпаду, заўсёды трываць», — гэтыя словы Сьвятога Айца Францішка архібіскуп Габар Пінтэр абраў у якасьці эпіграфа да свайго ліста з пажаданьнямі і падзякай Апостальскаму Візітатару БГКЦ за яго служэньне Госпаду, народу Божаму і справе еднасьці Царквы.
 
Далей у сваім лісьце Апостальскі нунцый напісаў:
 
«Глыбокапаважаны Архімандрыт Сяргей, сёньня мы сабраліся вакол Еўхарыстычнага стала — як знака еднасьці Касьцёла, прыбыўшы з розных куткоў Беларусі і ня толькі, таксама з нагоды Вашага сямідзесяцігадовага юбілею.
 
Спраўляючы Еўхарыстыю, мы разам дзякавалі Богу за ўсе Яго ласкі і асабліва — за вялікі дар, якім ёсьць Вашае жыцьцё.
 
I цяпер я хацеў бы выразіць Вам, вялебны Ойча, мае самыя шчырыя пажаданьні словамі Сьвятога Айца Францішка: «Трываць на шляху веры, трываць на шляху да абяцаньня, трываць у служэньні Госпаду, заўсёды трываць».
 
У гэтых словах я бачу адлюстраваныя Вашыя семдзесят гадоў жыцьця, падараванага Богу і людзям, без умоў і чаканьня адплаты, з такім жа вогненным запалам, смакам да жыцьця і непарушнай вернасьцю, як у пачатку.
 
Дзякую Вам асабліва за нястомнае крочаньне па шляху адзінства, у братняй любові, з мудрасьцю і адвагай! Будзем жа дзякаваць разам Госпаду за ўжо сабраны на гэтай ніве плён Вашага пасьвячэньня.
 
Дарагі Айцец Сяргей, заахвочваю Вас далей дарыць сябе, як дорыць сябе нам наш Госпад, быць хлебам для Божага народу, даверанага Вашай апецы. І ўсьлед за Сьвятым Апосталам Паўлам прагну сказаць Вам: «Дык не пакідайце адвагі вашай, якая мае вялікую ўзнагароду». (Габр 10, 35)
 
Хачу таксама запэўніць Вас у маёй падтрымцы і малітве, і жадаючы Вам моцнага здароўя, радасьці і супакою ў сэрцы, праз заступніцтва сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, заклікаю на Вас і Вашае служэньне блаславеньне Госпада.
 
У еднасьці ў Хрысце,
 
Габар Пінтэр, Архібіскуп
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь»
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"