Друк
28.02.2019
Архімандрыт Сяргей Гаек пра духоўныя акцэнты душпастырства ў 2019 годзе
 
Рэха значнага юбілею — 1150-годдзя перадачы сьвятымі Кірылам і Мятодам папу Адрыяну ІІ Сьвятога Пісаньня на славянскай мове — працягвае гучаць у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве, адзначае Беларуская рэдакцыя парталу «Vatican News».
 
Дата, якая адзначалася ў мінулым годзе, стала натхненьнем для душпастырскай працы і ў гэтым, таму што спадчына апосталаў славянаў і апекуноў Еўропы актуальная і сёньня.
 
Архімандрыт Сяргей Гаек дорыць Папу Рымскаму Францішку манаграфію пра ўніяцкіх сьвятароў Беларусі, 11.11.2015 г.
Важна ня толькі захаваць памяць пра тую падзею, але і асэнсаваць яе, падкрэсьліў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. «Сьвятыя Кірыла і Мятод перадалі папу Адрыяну ІІ Сьвятое Пісаньне і літургічныя тэксты на славянскай мове, якой славяне фактычна карыстаюцца ўвесь гэты час. Гэта агульнаславянская спадчына мае дачыненьне і да Беларусі. Мы хочам зрабіць своеасаблівы рахунак сумленьня: наколькі мы гэтай спадчынай жывём сёньня? Таму што евангелізацыя азначае ня толькі прывесьці чалавека ў храм, каб ён там маліўся, але і навучыць яго жыць Евангельлем. Каб там, дзе ён жыве і працуе, у сферы культуры і навукі, чалавек натхнўся Евангельлем», — адзначыў сьвятар.
 
Узгаданы юбілей цесна зьвязаны з спадчынай беларускага першадрукара Францішка Скарыны. 500-годдзе Бібліі Ф. Скарыны — першай беларускай друкаванай кнігі — таксама шырока адзначалася ў краіне. Успамін гэтых падзеяў, а таксама асобаў, якія шмат зрабілі дзеля евангелізацыі ці нават пацярпелі за гэтую справу, знойдзе месца падчас сьвятаў і мерапрыемстваў грэка-католікаў Беларусі, паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.
 
«Гэты год – гэта 180-годдзе так званага Полацкага сабору, які далучыў грэка-каталіцкія япархіі да дзяржаўнай праваслаўнай Царквы, прычым не беларускай. Ён не прыняў пад увагу пратэстаў шматлікіх сьвятароў, якія хацелі захаваць сваю (уніяцкую) спадчыну. Мы ня хочам нікога асуджаць, але хочам за іх маліцца. Таму нашыя вернікі некалькі дзён таму наведалі вёску Царкоўна над Асьвейскім возерам, каб памаліцца там на руінах уніяцкай царквы, у месцы, дзе маліліся тыя сьвятары, якія жадалі захаваць вернасьць Апостальскай Сталіцы. Гэта для нас вельмі важны духоўны капітал, які мы бы хацелі выкарыстоўваць, каб быць і сёньня мужнымі сьведкамі Евангельля», - патлумачыў Апостальскі Візітатар БГКЦ.
 
Ушанаваньне важных для грэка-католікаў падзеяў пачалося 9 лютага 2019 году з супольнай малітвы ў грэка-каталіцкім храме Душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа ў Менску, напярэдадні сьвяткаваньня памяці сьвятых Кірылы і Мятода, з нагоды 1150-й гадавіны спачыну сьв. Кірылы ў Рыме 14 лютага 869 году. Урачыстае набажэнства ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі, архібіскуп Габар Пінтэр, на ім, разам з усімі сьвятарамі БГКЦ, маліліся таксама рыма-каталіцкія біскупы і сьвятары.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"