Друк
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
 
21 верасьня 2019 году грэка-каталіцкаую парафію Маці Божай Фацімскай у Горадні наведала вялікая група міністрантаў з рыма-каталіцкай парафіі Сьвятой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне на чале з іх душпастырам а. Віталём Слукой з ордэна айцоў-піяраў.
 
Літургічная служба алтара ў шчучынскай рыма-каталіцкай парафіі «Каласанс» (ад імя заснавальніка ордэна піяраў сьв. Язэпа Каласанса) налічвае каля 30 міністрантаў, у асноўным гэта вучні 5–11 класаў.
 
Душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў айцец Андрэй Крот распавёў гасьцям пра еднасьць хрысьціянаў, гісторыю Уніі і Ўніяцкай Царквы ў Беларусі, пра адраджэньне ў Горадні грэка-каталіцкай супольнасьці, пра асаблівасьці ўсходняга (грэцкага, або інакш візантыйскага) абраду і сучаснае жыцьцё парафіі і Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Таксама ён паказаў маладым служкам алтара старыя ўніяцкія выданьні і абразы, расказаў пра гісторыю іншых рэчаў з музейнай калекцыі парафіі. Госьці засталіся вельмі задаволеныя знаёмствам і запрасілі параха гарадзенскіх грэка-каталікоў а. Андрэя Крата наведаць іх парафію ў Шчучыне — паведамляе сайт гарадзенскіх грэка-католікаў Facimskaja.by.
 
Фота: JM / Grodnensis.by.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"