Друк
28.09.2019
Грэка-католікі павіншавалі біскупа Аляксандра Кашкевіча з 70-годдзем
 
Сваё 70-годдзе 23 верасьня 2019 году адзначыў рыма-каталіцкі біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч. З гэтай нагоды ярарха павіншавалі і беларускія грэка-католікі.
 
У катэдральным касьцёле сьв. Францішка Ксаверыя ў Горадні адбылася сьвятая Імша падзякі за 70 гадоў жыцьця біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча, на якую сабраліся шматлікія сьвятары і біскупы, манахі і манахіні, семінарысты, а таксама вернікі. У сьвяткаваньні прыняў удзел і парах грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот.
 
У адрас юбіляра прагучала шмат добрых словаў і пажаданьняў. Душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў перадаў Уладыку Аляксандру падарунак і віншаваньні ад Апостальскага Візітатара грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) ды ад усіх сьвятароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
У сваім віншавальным слове а. Андрэй Крот падкрэсьліў, што хоць грэка-католікі фармальна і не знаходзяцца пад уладай біскупа Аляксандра, але вельмі ўдзячныя яму за бацькоўскую апеку, за дапамогу ў складаныя для грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні моманты, за братэрскую падтрымку ад сьвятароў і вернікаў яго Гарадзенскай дыяцэзіі.
 
Пастыр рыма-католікаў на Гарадзеншчыне біскуп Аляксандар Кашкевіч кіруе жыцьцём Царквы ў гэтым рэгіёне ад самага пачатку заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі — з 1991 году.
 
*  *  *
 
Рыма-каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч нарадзіўся 23 верасьня 1949 году ў в. Падгайдзі (Літва), у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі РКЦ.
 
Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Каўнасе. 30 траўня 1976 году прыняў прасьвітарскае пасьвячэньне.
 
У 1976–1981 гг. працаваў у Панявежы ў Літве вікарыем. З 1981 году – пробашч рыма-каталіцкай парафіі Сьвятога Духа ў Вільні.
 
13 красавіка 1991 году Сьвяты Айцец Ян Павел II прызначыў кс. Аляксандра Кашкевіча біскупам новаўтворанай Гарадзенскай рыма-каталіцкай япархіі. Хіратонія на біскупа адбылася 23 траўня 1991 году. Яе зьдзейсьніў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
З 2006 па 2015 гг. зьяўляўся Старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З 2015 году — намесьнік Старшыні ККББ. У ККББ узначальвае Раду па справах моладзі і Раду па справах каталіцкага выхаваньня.
 
Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"