Друк
14.03.2020
Часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі
 
У сувязі з пандэміяй, выкліканай каранавірусам, і складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) выдаў адмысловае Распараджэньне пра ўвядзеньне з 13 сакавіка 2020 году часовых нормаў паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
 
Пачэсныя сьвятаслужыцелі, дарагія вернікі!

У сувязі з пандэміяй, выкліканай каранавірусам, сёньня ў сьвеце і ў Беларусі склалася надзвычай сур’ёзная і складаная эпідэміялагічная сітуацыя.
 
Да вашай увагі даводжу поўныя пастырскага клопату словы Высокадастойнага Мітрапаліта Тадэвуша (Кандрусевіча): “Беручы пад увагу няспыннае распаўсюджваньне сьмяротна небясьпечнай хваробы, з вераю ў Божы Провід і з клопатам пра здароўе нашых грамадзянаў у Каталіцкай Царкве ў Беларусі, якая клапоціцца пра духоўнае і фізічнае дабро сваіх вернікаў і ўсяго нашага народу, уводзяцца прэвентыўныя санітарныя захады”.
 
З пашанай да традыцыяў нашага візантыйскага абраду ўводзім часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі:
 
1. Ушанаваньне сьвятога Крыжа, іконаў і мошчаў адбываецца праз глыбокі паклон бяз дотыку і цалаваньня.
 
У Крыжапаклонную нядзелю сьвяты Крыж ушаноўваем праз зямны паклон.
 
2. У храмах не карыстаемся сьвятой (Ярданскай) вадой, ня п’ём яе.
 
3. Вітаем адзін аднаго схіленьнем галавы, без падаваньня рукі.
 
У кантакце з душпастырам стараемся захаваць магчымую дыстанцыю.
 
4. Перад богаслужэньнем сьвятаслужыцелі і панамары павінны старанна вымыць рукі і няўхільна захоўваць строгія нормы гігіены.
 
5. Усіх вернікаў заклікаем да руплівай малітвы да Госпада аб спыненьні эпідэміі.
 
6. Гэтым Распараджэньнем старэйшых і слабых вернікаў і дзяцей вызваляю ад абавязку ўдзельнічаць у Боскай Літургіі ў нядзелі.
 
Заахвочваю іх, каб у нядзелі маліліся дома і — калі магчыма — карысталіся трансьляцыяй богаслужэньняў у СМІ або рознымі духовымі праграмамі.
 
Гэтыя нормы дзейнічаюць да іх адмены.
 
Малітвамі Найсьвяцейшай Багародзіцы і сьвятых лекараў Касмы і Дам’яна няхай Міласэрны Бог выбавіць усіх нас ад эпідэміі каранавірусу, адорыць здароўем хворых і падтрымае сваёй дапамогай супрацоўнікаў службы аховы здароўя, якія імі апякуюцца.
 
З малітвай і блаславеньнем,
 
+ Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
 
Менск, 13 сакавіка 2020 году, напярэдадні Крыжапаклоннай нядзелі
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"