Друк
27.02.2020
Прызначаны новы сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
 
Ватыканскі прэс-цэнтар паведаміў, што Папа Рымскі Францішак 25 лютага 2020 году прызначыў новага сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Ім стаў біскуп Джорджа Дэмэтрыа Галара, які да гэтага часу зьяўляўся ардынарыем япархіі П’яна-дэлі-Албанэзі на Сіцыліі ў Італіі, якая належыць да Італа-Албанскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Адначасова з прызначэньнем у гэтую ватыканскую дыкастэрыю Папа надаў яму годнасьць архібіскупа.
 
Пасада сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў заставалася вакантнай з 20 студзеня 2020 году пасьля таго, як Рымскі Архірэй прызначыў славацкага архібіскупа Цырыла Васіля, SJ Апостальскім адміністратарам sede plena Кошыцкай япархіі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы дзеля ўзьніклых там праблемаў.
 
Нагадаем, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква сёньня наўпрост падпарадкаваная Апостальскаму Пасаду ў Рыме, кіраваньне ёй адбываецца праз Апостальскага візітатара.
 
Новы сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Уладыка Джорджа Дэмэтрыа Галара (Giorgio Demetrio Gallaro) нарадзіўся 16 студзеня 1948 году ў мястэчку Пацала (Pozzallo) на Сіцыліі. Свае студыі і падрыхтоўку да сьвятарства ён пачаў у семінарыі Нота на Сіцыліі. Затым у 1968 годзе пераехаў у Лос-Анжэлес, дзе навучаўся ў семінарыі сьв. Яна. 27 траўня 1972 году атрымаў сьвятарскія сьвячаньні, якія ўдзяліў яму архібіскуп Лос-Анжэлесу кардынал Тымаці Мэнінг. Пасьля васьмі гадоў служэньня ў розных парафіях усходняга абраду ў Лос-Анджэлесе працягнуў свае вышэйшыя студыі ў Рыме, у Папскім Усходнім інстытуце і Папскім універсітэце сьв. Тамаша Аквінскга. Там стаў доктарам усходняга кананічнага права і ліцэнціятам экуменічнага багаслоўя.
 
У 1987 годзе быў інкардынаваны да мельхіцкай грэка-каталіцкай япархіі ў Ньютане. Выкладаў кананічнае права ў семінарыі сьв. Кірылы і Мятода Пітсбургскай грэка-каталіцкай архіяпархіі, працаваў у Стэмфардзкай япархіі і Філадэльфійскай архіяпархіі УГКЦ. З 2011 году быў віцэ-прэзідэнтам Таварыства Ўсходняга права. У 2013 годзе быў пакліканы працаваць кансультарам у Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў, але пры гэтым працягваў служэньне на розных пасадах у Пітсбургу (ЗША) у грэка-каталіцкіх япархіях і ў семінарыі як знаўца ўсходняга кананічнага права і прафесар экуменічнага багаслоўя.
 
31 сакавіка 2015 году Папа Францішак менаваў а. Джорджа Дэмэтрыа Галара біскупам япархіі П’яна-дэлі-Албанэзі. Хіратонія на біскупа адбылася 28 чэрвеня 2015 году. Галоўным сьвяціцелем быў біскуп япархіі Лунгра Італа-Албанскай Каталіцкай Царквы Даната Алівэрыё, разам з якім біскупскую хіратонію зьдзейсьнялі Апостальскі экзарх для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі Дымітрыяс Салахас і біскуп мельхіцкай грэка-каталіцкай япархіі Ньютана ў ЗША Ніколас Самра.
 
Да 25 лютага 2020 году Ўладыка Джорджа Дэмэтрыа Галара ўзначальваў япархію П’яна-дэлі-Албанэзі на захадзе Сіцыліі — адну з двух япархіяў, Італа-Албанскай Каталіцкай Царквы, якая заўсёды была ў еднасьці з Рымам. Гэтая япархія візантыйскага абраду ўтворана ў 1937 годзе і наўпрост падпарадкавана Апостальскаму Пасаду. Літургія там традыйыйна правіцца па-грэцку, але ў апошнія часы выкарыстоўваецца таксама і італійская ды албанская мовы. Паводле дадзеных Annuario Pontificio за 2016 год у япархіі П’яна-дэлі-Албанэзі было 23 тыс. вернікаў, 15 парафіяў і 25 сьвятароў.
 
Новы сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Уладыка Джорджа Дэмэтрыа Галара свабодна валодае італійскай і ангельскай мовамі, а з літургічных моваў — грэцкай, албанскай і арабскай.
 
Фота: vaticannews.va,ilsicilia.it.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"