Друк
04.04.2020
Душпастырскія прапановы для вернікаў на Вялікі тыдзень
 
У сувязі з сітуацыяй пандэміі, выкліканай каранавірусам, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў вернікам БГКЦ душпастырскія прапановы на Вялікі тыдзень, каб духоўна маглі падрыхтавацца да сьвята Вялікадня.
 
Вялікі Тыдзень Пакутаў Хрыстовых — гэта час асаблівага духовага подзьвігу.
 
У грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі праходзяць багаслужэньні (за што мы ўдзячныя нашым сьвятарам), але ў сітуацыі эпідэміі шматлікія вернікі вымушаныя заставацца ў сваіх дамах.
 
У дні Вялікага тыдня, калі Ісус Хрыстос “ідзе на Сваю дабравольную, вечнапамятную і жыватворчую сьмерць” прапануем тым, хто ў асабістай (сямейнай) малітве хоча Яго суправаджаць, прачытаць фрагменты Сьвятога Евангельля (і паразважаць над імі) паводле наступнага парадку:
 
Вялікі панядзелак — Ев. Марка 14:1-9
Вялікі аўторак — Ев. Марка 14:10-42
Вялікая серада — Ев. Марка 14:43-72
Вялікі чацьвер — Ев. Лукі 22:1-40
Вялікая пятніца — Ев. Марка 15:1-47
 
Карысным будзе выкарыстаць (паводле магчымасьці) багаслужбовыя тэксты, якія знаходзяцца ў Малітоўніку “Госпаду памолімся” на старонках: 389-408. (Гэтыя і іншыя тэксты службаў Вялікага тыдня можна знайсьці таксама на сайце “Часасловец” — Рэд.).
 
У малітоўнай сулучнасьці,
 
+ Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі
 
Менск, 4.04.2020.
 
***
 
У Вялікі чацьвер, Вялікую пятніцу і ў Пасхальную Ноч будзе магчымасьць удзельнічаць у анлайн-трансьляцыі набажэнстваў з грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата ў Лідзе.
 
Таксама і на сьвята Ўваходу Госпада ў Ерусалім (Вербная нядзеля) а 11-й гадз. можна будзе глядзець анлайн-трансьляцыю багаслужбы з грэка-каталіцкай парафіі ў Лідзе.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"