Друк
13.04.2020
Разьвітаньне з пінскім журналістам Васілём Мацкевічам
 
Сёньня, 13 красавіка 2020 году пахаваюць вядомага пінскага журналіста Васіля Мацкевіча, які заўчасна памёр 11 красавіка ў рэанімацыйным аддзяленьні Пінскай цэнтральнай бальніцы ад пнеўманіі. Яму было 46 гадоў.
 
У сувязі з складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне і ў Пінску, разьвітаньне з ім блізкіх і сяброў будзе вельмі кароткім і нешматлюдным. А 15-й гадз. для разьвітаньня з ім збор будзе каля моргу, пасьля чаго яго адразу павязуць на могілкі. Пахаваюць Васіля Мацкевіча на могілках у в. Завідчыцы Пінскага р-ну, побач з яго маці.
 
Адпяваньне ва ўмовах пандэміі адбудзецца завочна. У Берасьці а 18-й гадз. за душу спачылага Васіля Мацкевіча будзе маліцца грэка-каталіцкі сьвятар а. Ігар Кандрацьеў. Просім блізкіх і сяброў духоўна зьяднацца ў гэты час у малітве за душу спачылага.
 
Паводле сумеснага рашэньня сям’і спачылага і сьвятара, памінкі і сустрэча ўсіх блізкіх, калегаў і сяброў Васіля Мацкевіча і Боская Літургія за яго душу будзе адслужана адразу, як гэта будзе магчыма, пасьля паляпшэньня эпідэміялагічнай сітуацыі і зьмяншэньня рызыкі каранавіруснай інфекцыі для людзей. На дадзены момант сын Васіля Мацкевіча Адам знаходзіцца на карантыне ў Малоткавіцкай інфекцыйнай бальніцы з праверкай на наяўнасьць каранавіруснай інфекцыі. На вымушанай самаізаляцыі знаходзяцца таксама старэнькі бацька Васіля і ўся сям’я яго роднай сястры.
 
Васіль Мацкевіч быў адным з тых, хто 20 гадоў таму пачаў ствараць грэка-каталіцкую супольнасьць у Пінску.
 
Як кажуць калегі-журналісты, Васіль імкнуўся быць праўдзівым і сумленным журналістам і чалавекам. Заўжды казаў, што трэба найперш пісаць пра людзей, пра іх жыцьцё і справы, па магчымасьці, мяняць сьвет вакол нас да лепшага.
 
Прымі яго, Божа! І даруй яму правіны, зробленыя ім пры жыцьці, вольныя ці міжвольныя. Дай яму, Божа, вечны супакой! Вечная памяць!

Васіль Мацкевіч зьбіраў сродкі на аперацыю сыну Адаму. З ініцыятывы журналістаў «Медиа-Полесье» аб’яўлены збор сродкаў у дапамогу сям’і іх спачылага калегі. Яны просяць усіх неабыякавых людзей аб дапамозе.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"