Друк
05.05.2020
Беларускія грэка-католікі павіншавалі з юбілеем Першаярарха УГКЦ
 
У Кіеве 5 траўня 2020 году адзначае сваё 50-годдзе Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук). Ад імя духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы зьверхніка братняй Царквы з юбілеем павіншаваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, які накіраваў яму з гэтай нагоды віншавальны ліст — паведамляе сайт Svjazep.org.
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) правіць Боскую Літургію ў капліцы Цэнтру сьв. Язэпа ў Менску восеньню 2017 г.
У віншавальным лісьце дастойнаму Юбіляру Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, напісаў:
 
Юбіляр Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) у Менску.
«Ваша Блаславенства, Найдастойны Патрыярх Сьвятаслаў!
 
Ад імя духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы вельмі шчыра віншуем Вас — Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы — з Юбілеем 50-годдзя.
 
У шчырай малітве дзякуем Уваскросламу Хрысту Чалавекалюбцу за Вашае жыцьцё і за Вашае Архіпастырскае служэньне, з блаславёных пладоў якога карыстаецца і нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква.
 
Ужо 30 гадоў маем магчымасьць адкрыта прапаведваць Евангельле на нашай роднай зямлі, а ў гэтым служэньні мы стала атрымліваем Вашую шчодрую, духоўную падтрымку.
 
Вялікі Вам дзякуй!
 
Жадаем Вам багатых дароў міру, радасьці, веры, надзеі ды любові ад Уваскрослага Хрыста і вітаем пасхальным вітаньнем: Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!»

 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"