Друк
07.05.2020
Больш за пяць стагоддзяў цудаў на беларускай зямлі
 
Сёлета сьвяткуецца 550-годдзе цудоўнага зьяўленьня Жыровіцкага абраза Багародзіцы. 7 траўня ў царкоўным календары — дзень, калі Грэка-Каталіцкая і Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі ўшаноўвае адну з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятыняў нашага народу — цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай. Праваслаўныя вернікі, якія жывуць паводле юльянскага календара, адзначаць гэтае сьвята 20 траўня.
 
Усьпенская царква (1613-1650, 1839) Жыровіцкага манастыра.
Паводле царкоўнага паданьня зьяўленьне цудатворнага абраза Маці Божай у Жыровічах адбылося каля 1470 году. Пастушкі, якія пасьвілі жывёлу, неяк аднойчы зайшлі надзвычай далёка ўглыб пушчы, дзе убачылі на дзікай грушцы незвычайнае зьзяньне, нібы агонь пылаючы. Уражаныя гэтым, яны падыйшлі бліжэй да дрэва і ўбачылі, што гэта быў маленькі абразок Маці Божай, ад якога ва ўсе бакі разыходзілася дзівоснае сьвятло. Хлопчыкі забралі яго і занесьлі да свайго пана — літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана. Той спачатку загадаў схаваць абразок у сваім куфэрку. Але, калі прыйшлі да яго госьці, не знайшоў яго там. Пакуль заклапочана раздумваў над гэтым дзіўным фактам, шукаючы Божай волі ў гэтым здарэньні, прыбеглі пастушкі і прынесьлі яму абразок, які зноў аказаўся на той самай грушцы ў лесе. Тады ўзяў ён з пашанаю гэты цудоўны абраз і разам з пастушкамі выправіўся на месца ў пушчы, дзе яны яго знайшлі. Разважаючы над Божай усемагутнасьцю, маліўся там некалькі гадзінаў у Духу Сьвятым. А пасьля малітвы паведаміў, што была яму аб’яўлена воля Божая, каб збудаваў неадкаладна на месцы зьяўленьня цудоўнага абраза Маці Божай царкву. Так паўстала каля грушкі першая драўляная сьвятыня, у якую падскарбі ВКЛ Аляксандар Солтан зьмясьціў прыгожа аздоблены срэбрам цудоўны абраз. Для памнажэньня славы Божай, каб у тым храме штодзень правілася малітва, запрасіў і забясьпечыў служэньне сьвятароў, шчодра абдарыў храм абразамі і ўсім неабходным. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровічаў пабожны люд.
 
Цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай на камені.
Аднак пазьней першая царква згарэла, толькі абраз некрануты і непашкоджаны застаўся. Абраз быў нават зьнік, але праз пэўны час раптам знайшоўся на велічэзным камені на ўзгорку, пад якім раней царква была. Заўважылі яго шкаляры, што каля пагарэлішча гуляліся. Здалёк яны ўбачылі на тым камені прыгожую Панну, якая была ў промнях сьвятла. Уражаныя дзіўнай відзежай, дзеці пабеглі да сьвятароў і расказалі пра ўбачанае.
 
З недаверам тыя пайшлі на месца Яе зьяўленьня, але нікога ня ўбачылі, толькі знайшлі там сьвечку, якая ярка гарэла перад цудоўным абразом, які на тым велічэзным камені знайшоўся. Сьвятары ўбачылі ў гэтым цудоўным зьяўленьні Божую ўсемагутнасьць і волю, каб годна, з народам Божым, малітваю ўшанаваць абраз Багародзіцы, які перанесьлі спачатку ў дом сьвятара, а потым у хутка збудаваную капліцу, дзе вялікія цуды Божыя дзеіліся. Дзеля мноства людзей, што прыходзілі ўшанаваць цудоўны абраз, меліся збудавць большую царкву. І нават маршалак Іван Солтан матэрыял для мураваннай царквы загадаў быў падрыхтаваць і падмурак ужо заклаў, але ня змог справу скончыць, бо памёр. А затым у гэтае сьвятое месца прыйшло занядбаньне і заняпад. Шанаваньне цудоўнага абраза значна зьменшылася, бо надыйшлі часы Рэфармацыі, калі абразы і культ Багародзіцы многія, у тым ліку ўладальнікі Жыровічаў, пачалі адкідаць.
 
Адраджэньне Жыровічаў як месца зьяўленьня Багародзіцы і цудаў праз заступніцтва Маці Божай наступіла толькі ў часы Уніі, калі туды на запрашэньне ўладальніка Жыровічаў Яна Мялешкі і яго жонкі Ганны Фурсаўны ў 1613 годзе прыйшлі манахі-базыльяне. Першым ігуменам манастыра ў Жыровічах стаў Язафат Кунцэвіч. Маршалак Слонімскі і кашталян Амсьціслаўскі, затым Берасьцейскі і Смаленскі Ян Мялешка пабудаваў тады для іх новую мураваную сьвятыню і манастыр. Сярод Шчодрыя ахвяраваньні на Жыровіцкі манастыр і аздобу царквы даў таксама і канцлер ВКЛ Леў Сапега. Базыльяне прыгожа аздобілі рэльефную выяву Багародзіцы і Дзіцятка Ісуса на маленькім авальным яшмавым камені і па-сапраўднаму адрадзілі шанаваньне Багародзіцы. І зноў у гэтым месцы з шматлікімі пілігрымамі пачалі адбывацца цуды Божыя праз заступніцтва Маці Божай.
 
У Жыровіцкі манастыр, да цудатворнага абраза Багародзіцы, каб прасіць перад ім заступніцтва ў Бога, прыходзілі як простыя людзі, так і знакамітыя асобы: вялікія князі літоўскія і каралі польскія, прадстаўнікі слынных шляхецкіх родаў, царкоўныя ярархі. Шматлікімі былі і ахвяраваньні вернікаў за атрыманыя ад Бога пасьля малітваў перад цудатворнай іконай Багародзіцы ласкі і зьдзейсьненыя цуды ды ацаленьні.
 
Выява Маці Божай Жыровіцкай на адной з гравюр XVIII ст.
Вось ужо больш за пяць стагоддзяў прыцягвае гэтае месца зьяўленьня і асаблівага заступніцтва Багародзіцы шматлікіх пілігрымаў. За часы Уніі Жыровіцкі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр быў значна разбудаваны манахамі-базыльянамі ў XVII — XVIII стст. і набыў славу вялікага санктуарыюма Маці Божай далёка за межамі Вялікага Княства Літоўскага. І ў нашыя дні, каб зьвярнуцца да Бога і памаліцца ў Жыровіцкай сьвятыні перад цудатворным абразом Багародзіцы, сюды прыязджае мноства вернікаў ня толькі з розных куткоў Беларусі, але і з суседніх краінаў: з Украіны, Расеі, Польшчы, Літвы і Латвіі.
 
Вялікую славу сьвятыні, што захоўваецца ў Жыровіцкім манастыры, характарызуе вельмі шырокі арэал распаўсюджаньня іканаграфіі Маці Божай Жыровіцкай: сьпісы гэтага абраза вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і на Валыні ды Падляшшы, у Прыкарпацьці, у Маскве і ў Рыме. Тое, што слава Маці Божай Жыровіцкай дасягнула ажно Рыму, дзе ён таксама шануецца як цудатворны, — вялікая заслуга гісторыка Ўніяцкай Царквы, манаха-базыльяніна а. Ігната Кульчынскага.
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай стаў адной з галоўных хрысьціянскіх сьвятыняў беларускага народу, якую ўшаноўваюць як праваслаўныя, так і католікі візантыйскага і лацінскага абрадаў. У самыя цяжкія для нашай Айчыны часы, калі пасьля шматлікіх войнаў, што ня раз руйнавалі краіну і вынішчалі народ, паўсюль чарнелі папялішчы і пусткі, Маці Божая зноў і зноў зьяўлялася нашым продкам, каб прынесьці ў гэты сьвет надзею і дапамогу ды ўказаць на сапраўднае Сьвятло, якое дае веру ў адраджэньне. Менавіта Ёй, Маці Божай Жыровіцкай, дзякавалі нашыя продкі за цудоўную лёсавырашальную перамогу ў бітве пад Палонкай (Баранавіцкі р-н) у страшным 1660-ым, калі магутны вораг з Усходу захапіў амаль усю нашу краіну і шанцаў на выратаваньне, здавалася, ужо не было.
 
На знак удзячнасьці за атрыманыя шматлікія ласкі для нашага народу, 290 гадоў таму гэты цудатворны абраз Маці Божай быў каранаваны ўніяцкім Кіеўскім мітрапалітам Апанасам Шаптыцкім залатымі каронамі з каштоўнымі камянямі, асьвячанымі ў Рыме Папам Рымскім Кліментам XII. Гэтая вялікая ўрачыстасьць адбылася ў Жыровічах на сьвята Нараджэньня Багародзіцы 19 верасьня 1730 году (паводле юльянскага календара).
 
Зьяўленьне Жыровіцкага абраза Маці Божай (з іканастасу Ўсьпенскай царквы Жыровіцкага манастыра), 1730-ыя гг. Фота: Віктар Талочка, Sputnik.by.
Але рашэньне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў Жыровіцах у царкве айцоў ордэну сьв. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынятае яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бенядыкта XIII. Перад тым як прыняць рашэньне аб каранаваньні абраза былі дасьледаваныя больш за 200 учынененых цудаў. Каранаваць абраз павінен быў 8 верасьня 1728 году (старога стылю) яшчэ мітрапаліт Леў Кішка, аднак тагачасная сітуацыя ў краіне не спрыяла гэтаму, таму каранаваньне адклалі. Зьдзейсьніў гэта ўжо толькі яго наступнік — уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі Апанас Шаптыцкі. У прысутнасьці пасланьніка Папы Рымскага, двух біскупаў (Тэафіла Гадэбскага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), шматлікага духавенства абодвух абрадаў і 38 тысячаў вернікаў мітрапаліт Кіеўскі ўсклаў на абраз Маці Божай дзьве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі, якія былі ахвяраваныя княгіняй Ганнай Сангушкай. Падчас урачыстасьці працэсія прайшла праз шэсьць трыюмфальных брамаў, пабудаваных на шляху з Слоніма ў Жыровічы. Яшчэ на працягу тыдня ля цудатворнага абраза Багародзіцы не спыняліся набажэнствы. За гэты час каля 140 тысячаў вернікаў абодвух абрадаў прыйшлі паспавядацца і прычасьціцца Сьвятых Тайнаў. Тады ж былі занатаваныя яшчэ сем новых цудоўных здарэньняў. У памяць пра гэтую вялікую ўрачыстасьць у Жыровіцах былі адлітыя памятныя медалі.
 
Падчас Першай сусьветнай вайны, у 1915 годзе, цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбраным акладзе разам з іншымі абразамі і каштоўнасьцямі быў вывезены ў Маскву. Адтуль абраз вярнуўся толькі ў студзені 1922 году ўжо без акладу і большасьці аздобаў.
 
Цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай у касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме.
Унікальнасьць Жыровіцкай Маці Божай яшчэ і ў тым, што, акрамя маленькага цудатворнага абразка на камяні з выявай Багародзіцы з Дзіцяткам Ісусам, што захоўваецца ў манастыры ў Жыровічах, існуе яшчэ дзьве вельмі знакамітыя і шанаваныя вернікамі копіі, якія таксама цудатворныя. Адна з гэтых цудатворных іконаў Маці Божай Жыровіцкай ужо некалькі стагоддзяў знаходзіцца ў Рыме, у грэка-каталіцкай царкве сьв. Сяргея і Вакха. Знаходзячыся ў Рыме — Сталіцы апосталаў, яна тым самым сымбалічна яднае нас, беларусаў, з Паўсюднай Царквой, з усімі хрысьціянамі сьвету. Іншая цудатворная копія Жыровіцкай іконы сёньня належыць нашым братам — католікам лацінскага абраду. Яна была напісана на палатне, як копія рымскай іконы-фрэскі. Сёньня гэты цудатворны абраз знаходзіцца ў Слоніме, у касьцёле сьв. Андрэя — апостала і апекуна хрысьціянскага Ўсходу. Гэтая ікона была каранавана залатымі папскімі каронамі ў 1730 годзе.
 
Вось жа Маці Божая, што зьявілася нам у Жыровічах, па-сапраўднаму глыбока яднае ўсіх у пашане да Яе і Яе Сына — Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. І ўжо не адно стагоддзе свае ласкі Яна шчодра раздае адданым вернікам – праваслаўным, уніятам, рыма-католікам — не зважаючы на ўсе нашыя канфесійныя падзелы.
 
Менавіта апецы Маці Божай Жыровіцкай даручыў у свой час Папа Рымскі Ян Павел II нашу Беларусь. Сёлета, у год, калі Каталіцкая Царква ў Беларусі адзначае 100-ыя ўгодкі з дня нараджэньня сьвятога Яна Паўла II, калі сьвяткуецца 550-годдзе цудоўнага зьяўленьня Жыровіцкага абраза Багародзіцы і 500-годдзе заснаваньня манастыра ў Жыровічах, прыгадаем словы, якія сказаў гэты сьвяты Папа ў 2003 годзе, зьвяртаючыся да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас іх візіту «ad limina Apostolorum»:
 
«Даручаю ўсіх апецы Найсьвяцейшай Панны Марыі, якая ўшаноўваецца на вашай зямлі пад імем Маці Божай Жыровіцкай.
 
Прашу Яе быць заступніцай вас, вялебныя і любыя Сабраты, і вашых бліжэйшых памочнікаў — сьвятароў, законьнікаў і законьніц, семінарыстаў і сьвецкіх асобаў, якія актыўна займаюцца апостальскай дзейнасьцю, і ўсёй каталіцкай грамады, што жыве ў Беларусі.
 
Няхай на ўсіх і на кожнага прасьцягне Яна разам з сьвятымі Заступнікамі вашай зямлі, сваю матчыну апеку».
 
Усіх, што прыбягаюць да цудатворнага вобразу Твайго, шукаючы дапамогі, Ты, Уладарка, не адкінь ад сябе, але ў суме суцеш і плач на радасьць перамяні: Табе адной нашы цяжкасьці вядомыя, на Цябе спадзяемся, Крыніца міласэрнасьці, Умацаваньне і Ахова душаў нашых.
(Трапар сьвята Жыровіцкай іконы Маці Божай)
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"