Друк
13.05.2020
Ярархі Беларусі заклікаюць вернікаў далучыцца 14 траўня да дня малітвы і посту для спыненьня пандэміі
 
З ініцыятывы Сьвятога Айца Францішка Папская Рада міжрэлігійнага дыялогу зьвярнулася да ўсіх каталіцкіх епіскапатаў сьвету з заклікам, каб зрабіць 14 траўня 2020 году днём малітвы, посту і справаў міласэрнасьці ў намеры спыненьня пандэміі, выкліканай каранавірусам.
 
Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 7 траўня таксама зьвярнулася да вернікаў з заклікам падтрымаць гэтую ініцыятыву, паведамляе Catholic.by.
 
У сваім звароце да вернікаў каталіцкія ярархі Беларусі заклікаюць іх у гэты дзень быць у духоўнай лучнасьці з Сьвятым Айцом, хрысьціянамі розных канфесіяў і з усімі людзьмі добрай волі ва ўсім сьвеце: «Высокі камітэт па чалавечым братэрстве 2 траўня гэтага году заклікаў вернікаў усіх рэлігіяў да супольнай малітвы, посту і ўчынкаў міласэрнасьці 14 траўня ў інтэнцыі выбаўленьня ад пандэміі каранавірусу і пераадоленьня яго наступстваў.
 
Сьвяты Айцец Францішак, кажучы, што малітва мае ўніверсальную каштоўнасьць, падтрымаў гэтую ініцыятыву, каб прасіць Бога дапамагчы чалавецтву перамагчы гэтую небясьпечную эпідэмію.
 
Паўтара месяцы таму, 21 сакавіка, у касьцёле сьвятога Сымона і сьвятой Алены ў Менску ўжо адбылася падобная міжрэлігійная малітва ў інтэнцыі прадухіленьня пандэміі каранавірусу, у якой узялі ўдзел католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране, баптысты, юдэі і мусульмане. Гэтая малітва стала знакам супольнага клопату розных веравызнаньняў Беларусі аб прадухіленьні эпідэміі, якая толькі пачынала распаўсюджвацца ў нашай краіне. Малітва таксама стала рэальным выразам салідарнасьці розных веравызнаньняў і разьвіцьця адносінаў паміж імі.
 
Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі далучаецца да падтрыманай Папам Францішкам ініцыятывы Высокага камітэту па чалавечым братэрстве і заклікае 14 траўня ва ўсіх парафіях правесьці адмысловае набажэнства, а таксама заахвочвае вернікаў да посту і ўчынкаў міласэрнасьці. […]. Такім чынам у гэты дзень беларускія католікі зьяднаюцца з сваімі адзінаверцамі і прадстаўнікамі іншых веравызнаньняў ва ўсім сьвеце. Узяць удзел у міжрэлігійнай малітве можна ў касьцёлах або далучыцца да яе з дапамогаю анлайн-трансьляцыяў.
 
На супольную малітву, пост і ўчынкі міласэрнасьці ў інтэнцыі выбаўленьня ад пандэміі каранавірусу і пераадоленьня яго наступстваў усіх вернікаў ад усяго сэрца бласлаўляем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Сьвятога».
 
Да гэтай сусьветнай малітоўнай ініцыятывы далучацца таксама прадстаўнікі Цэркваў і супольнасьцяў, якія ўваходзяць у Сусьветную Раду Цэркваў.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"