Друк
19.05.2020
Францішак: Ян Павел ІІ – чалавек міласэрнасьці і справядлівасьці
 
У 100-ыя ўгодкі з дня народзінаў сьв. Яна Паўла ІІ, 18 мая 2020 году, Папа Рымскі Францішак узначаліў сьв. Імшу ля магілы гэтага Вялікага Папы, у капліцы сьв. Себасьцяна ватыканскай базылікі сьв. Пятра — паведамляе Vatican News.
 
Літургія трансьлявалася ватыканскімі СМІ анлайн. З Сьвятым Айцом саслужылі: кардынал Анджэла Камастры, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан, і архіпрасьвітар базылікі сьв. Пятра, кардынал Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый, архібіскуп П’ера Марыні, кіраўнік Папскай службы літургічных цэлебрацый падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ, архібіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі, кіраўнік Трэцяй секцыі Дзяржаўнага сакратарыяту.
 
У гаміліі Рымскі Архірэй спаслаўся на словы рэспансарыйнага псальму: “Госпад любіць свой народ”. Ён заўважыў, што, калі Госпад з любові скіроўваў да народу Свайго прарока, людзі казалі: “Госпад адведаў Свой народ”, бо любіць яго. Тое ж казалі і людзі, якія ішлі за Ісусам, калі бачылі Яго цуды.
 
“Сёньня мы можам сказаць: сто гадоў таму Госпад адведаў Свой народ, паслаў чалавека, падрыхтаваў яго стаць біскупам і весьці Царкву”, — падкрэсьліў Сьвяты Айцец.
 
Францішак зьвярнуў увагу, што сьв. Яну Паўлу ІІ былі ўласьцівыя тры фундаментальныя рысы добрага пастыра: малітва, блізкасьць да народу і любоў да справядлівасьці.
 
“Ян Павел ІІ быў Божым чалавекам таму што шмат маліўся”, нават нягледзячы на шматлікія абавязкі ў кіраваньні Царквой. “Ён цудоўна ведаў, што першы абавязак біскупа — малітва” і выконваў яго.
 
“Ён зьяўляецца прыкладаў біскупа, які моліцца. Ён навучыў нас таму, што ў вячэрнім рахунку сумленьня біскуп павінен спытацца ў сябе: колькі гадзінаў я маліўся сёньня?”, — зазначыў Францішак.
 
Сьвяты Айцец нагадаў, што Ян Павел ІІ не трымаўся на адлегласьці ад людзей, наадварот, заўсёды ішоў насустрач народу, для чаго “аб’езьдзіў увесь сьвет”. “Блізкасьць — гэта адна з рысаў Бога ў адносінах да Яго народа”, — заўважыў Папа.
 
“Пастыр — блізкі да народа. У адваротным выпадку ён проста ярарх, адміністратар, магчыма, нават добры, але ня пастыр. Ян Павел ІІ даў нам прыклад такой блізкасьці: быў побач з вялікімі і малымі, бліжнімі і далёкімі...”, — адзначыў Папа.
 
Сьвяты Айцец зьвярнуў увагу на любоў Яна Паўла ІІ да сапраўднай, Божай справядлівасьці, у тым ліку ў сацыяльнай сферы і ў праблемах вайны і міру. “Ян Павел ІІ быў чалавекам міласэрнасьці, бо справядлівасьць і міласэрнасьць неразлучныя, іх немагчыма аддзяліць адна ад адной”, — дадаў ён.
 
Францішак прыгадаў вялікі ўклад Яна Паўла ІІ у пашырэньне культу Божай міласэрнасьці і сьв. Фаўстыны Кавальскай.
 
“Ён адчуваў, што Божая справядлівасьць мае міласэрнае аблічча. Гэта дар, які ён пакінуў нам: справядлівасьць — міласэрнасьць і справядлівая міласэрнасьць”, — сказаў Рымскі Архірэй.
 
Напрыканцы набажэнства Сьвяты Айцец Францішак заклікаў маліцца, каб Госпад адарыў усіх нас, асабліва ўсіх пастыраў Царквы, ласкай малітвы, ласкай блізкасьці і ласкай справядлівасьці і міласэрнасьці, якія насычалі Яна Паўла II праз усё жыцьцё і натхнялі цалкам прысьвячаць сябе Царкве.
 
Сьвятая Імша ў 100-годдзе з дня нараджэньня Яна Паўла ІІ стала апошняй пасьля 9 сакавіка, калі Францішак прыняў рашэньне аб штодзённых прамых трансьляцыях набажэнстваў з капліцы Дома сьв. Марты. Гэта быў яго жэст салідарнасьці з сьветам, які пакутуе ад пандэміі каранавіруса.
 
Фота: Vatican News.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"