Друк
20.05.2020
Першы папа, які прамовіў да беларусаў на іх мове. 10 фактаў пра Яна Паўла ІІ і Беларусь
 
100 гадоў таму нарадзіўся Караль Вайтыла, які стаў папам Янам Паўлам ІІ. Ён прыйшоў на сьвет 18 траўня 1920 году ў Вадавіцах пад Кракавам. На радзіме яго лічаць адным з самых значных палякаў XX стагоддзя.
 
Журналіст Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч сабраў 10 фактаў пра сувязі Рымскага Архірэя з Беларусьсю. Ягоны матэрыял прапануем ніжэй.
Вернікі з партрэтам папы Яна Паўла II на плошчы сьв. Пятра.
 
Архітэктар структураў Каталіцкай Царквы ў Беларусі
 
Ян Павел ІІ аднавіў структуры Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі і заснаваў новыя дыяцэзіі — Менска-Магілёўскую, Горадзенскую і Віцебскую, прызначыў першых беларускіх біскупаў.
 
Папа Рымскі Ян Павел ІІ і кардынал Казімер Сьвёнтэк. Фота Catholic.by.
У 1989 годзе першым апостальскім адміністратарам для католікаў Беларусі стаў цяперашні мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У Горадні адчынілася Вышэйшая духоўная семінарыя.
 
У 1993 годзе пантыфік прызначыў першага Апостальскага нунцыя ў Беларусі — Габрыэля Мантальва Ігеру. Той выконваў свае функцыі, знаходзячыся ў Ватыкане. У наступным годзе папа прызначыў першага нунцыя, які накіраваўся ў Менск, — архібіскупа Агастына Маркета.
 
У тым жа годзе Ян Павел ІІ надаў сан кардынала Казімеру Сьвёнтэку. Той стаў першым і пакуль адзіным кардыналам у гісторыі Каталіцкага Касьцёла Беларусі.
 
Двойчы на год публічна прамаўляў па-беларуску
 
Ян Павел ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў зьвяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх сьвяточных віншаваньнях з нагоды Вялікадня і Нараджэньня Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.
 
Упершыню гэта адбылося на Каляды 1978 году, калі Беларусь яшчэ была ў Савецкім Саюзе.
 
«Дарагія беларусы! Вясёлых калядных сьвятаў», — упершыню ў гісторыі галава Касьцёла гаварыў па-беларуску. Зычэньні пантыфіка трансьлявала Ватыканскае радыё.
 
Звароты па-беларуску сталі традыцыяй. Відэа дзьвюх сустрэч з беларускімі дэлегацыямі апублікавала сёньня Беларуская служба Ватыканскага радыё. У 1995 годзе на пляцы Сьвятога Пятра Ян Павел ІІ прамаўляў да дзяцей з Чарнобыльскай зоны.
 
Ян Павел ІІ да групы дзяцей з Беларусі

Ян Павел ІІ: "Дарагія беларускія дзеткі..." (6 верасня 1995 г.) ©Vatican News

Опубликовано Vatican News Понедельник, 18 мая 2020 г.
 
І відэа з аўдыенцыі ў 1998 годзе.
Ян Павел ІІ да пілігрымаў з Беларусі

Ян Павел ІІ па-беларуску: "Я жадаю вашаму краю ўсяго добрага, а перадусім паспяховага духоўнага і матэрыяльнага развіцця…" (17 кастрычніка 1998 г.) ©Vatican News

Опубликовано Vatican News Понедельник, 18 мая 2020 г.
Сем кніг Яна Паўла ІІ выйшлі па-беларуску
 
Дзякуючы пісьменьніцы і перакладчыцы Хрысьціне Лялько сем кніг Яна Паўла ІІ можна прачытаць па-беларуску. Першай стала кніга «Пераступіць парог надзеі», затым былі «Дар і таямніца», «Устаньце, хадзем», а таксама энцыклікі, гаміліі і вершы папы. Апошняй стала «Памяць і самасьвядомасьць» — кніга пра павагу да айчыны, мовы, гісторыі.
 
«Лічу вялікаю Божаю ласкаю магчымасьць працаваць з тэкстамі гэтага вялікага папы і двойчы з ім асабіста сустрэцца, а таксама атрымаць яго апостальскае бласлаўленьне на нашу рэдакцыйна-выдавецкую працу. На ўсё жыцьцё запомніла яго словы, якія ён прамовіў, пабачыўшы першыя нумары часопіса “Аve Maria”: “Як жа гэта важна, што вы маеце ўжо каталіцкі друк на роднай мове...”. Сустрэчы тыя былі ў 1994 і ў 1995 гадах, а служылі і служаць падтрымкаю і матывацыяй у працы ўжо чвэрць стагоддзя», — сказала ў размове з Свабодай Хрысьціна Лялько.
 
Папа і беларускія грэка-каталікі
 
Айцец Ян Матусевіч на аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ.
У 1990 годзе папа прыняў у Ватыкане айца Яна Матусевіча. Той стаў першым сьвятаром адроджанай Уніі ў Беларусі, адным з першых у 1988 годзе пачаў служыць сьвятую імшу на беларускай мове, а таксама пачаў удзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе.
 
У 1994 годзе папа прызначыў айца Сяргея Гаека Апостальскім візітатарам «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-католікаў у Беларусі.
 
Пра сваю сустрэчу з Янам Паўлам ІІ у Ватыкане ў 1997 годзе ў гутарцы за Свабодай узгадаў рэдактар грэка-каталіцкай газеты «Царква» Ігар Бараноўскі. Разам з ім і на агульнай, і на прыватнай аўдыенцыі з Янам Паўлам ІІ прысутнічалі архімандрыт Сяргей Гаек, айцец Ігар Кандрацьеў і тагачасны студэнт-гісторык, а сёньня горадзенскі ўніяцкі сьвятар Андрэй Крот.
 
«Для мяне асабіста яго навука і жыцьцёвы прыклад служэньня людзям, яго непасрэднасьць, аптымізм і гумар, якія я бачыў тады на аўдыенцыі, калі ён ужо быў старэнькі і хворы, сталі моцным сьведчаньнем на ўсё жыцьцё. Асабліва нечакана і кранальна было даведацца ад грамадзкага актывіста Сяргея Бахуна, што яго бабуля, якая жыла на Заходнім Палесьсі, дзе ў міжваенны час была ўніяцкая парафія, была, нягледзячы на скасаваньне Уніі пасьля вайны, адданай уніяткай, мела невялікі партрэт-абразок з папам Янам Паўлам ІІ. Бабуля вельмі шанавала папу многія гады».
 
Беатыфікаваў сьвятароў і манахіняў зь Беларусі
 
У чэрвені 1999 году Ян Павел II беатыфікаваў (залічыў да ліку блаславёных) росіцкіх сьвятароў-мучанікаў — Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. У лютым 1943 году нацысты сабралі жыхароў Росіцы ў касьцёл, частку адправілі ў канцлагеры або на прымусовыя работы, а астатніх загналі ў стайню і спалілі. Нацысты былі гатовыя захаваць жыцьцё сьвятарам, але тыя адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі пакутніцкую сьмерць.
 
У 2005 годзе Ян Павел ІІ залічыў да ліку блаславёных 11 наваградзкіх мучаніц. Гаворка пра манахіняў, якія ў 1943 годзе зьвярнуліся да гестапа, каб ахвяраваць сваё жыцьцё ўзамен на 120 чалавек, арыштаваных і прызначаных да расстрэлу. Усе гэтыя 120 чалавек у выніку перажылі вайну, а сёстраў арыштавалі і 1 жніўня без суду і выраку расстралялі.
 
Ягоны фонд дапамагае студэнтам з Беларусі
 
Ватыкан, бел-чырвона-белыя сьцягі на плошчы сьв. Пятра.
У 1981 годзе папа стварыў ватыканскі фонд, мэтай якога было пашырэньне хрысьціянскай культуры і каштоўнасьцяў, які пазьней атрымаў яго імя. Адной з задачаў фонду Яна Паўла ІІ былі стыпендыі для духоўных і сьвецкіх асобаў, якія жадаюць здабываць адукацыю ў каталіцкім універсітэце, расказвае Свабодзе ксёндз Павел Эйсмант, які ў 2000-х атрымаў адукацыю дзякуючы папскаму фонду.
 
«У СССР не было магчымасьці атрымаць адукацыю ў каталіцкім універсітэце. Папа хацеў, каб людзі з Усходняй Еўропы маглі вучыцца прынамсі ў Польшчы і потым гэтыя веды прывозіць у свае краіны. Для гэтага быў абраны Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, дзе калісьці выкладаў сам Караль Вайтыла. Стыпендыі студэнтам давалі ня толькі на навуку, але і на пражываньне».
 
У 1990 годзе папа прызначыў першыя 50 стыпендый для грамадзян СССР. З таго году гэтай стыпендыяльнай праграмай карыстаюцца тысячы маладых людзей з постсавецкай прасторы.
 
«З Беларусі за гэты час фонд дапамог амаль тысячы студэнтаў. Яны ў Любліне атрымліваюць ня толькі веды, але і хрысьціянскія каштоўнасьці. А адукацыю там можна атрымаць самую розную — ад дызайну, эканомікі, журналістыкі, псіхалогіі да адміністрацыі і тэалогіі. У 1994 годзе быў збудаваны адмысловы дом для студэнтаў з розных краін. Вядома, пасьля атрыманьня адукацыі нехта застаецца ў багацейшай Польшчы, але многія вяртаюцца ў свае краіны».
 
Прыняў на асабістай аўдыенцыі Рыгора Барадуліна
 
У чэрвені 2004 году Ян Павел ІІ прыняў на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Пісьменьнік прыбыў у Рым у адмысловай пілігрымцы, каб уручыць папу свой пераклад «Рымскага трыптыху», які выдалі пры дапамозе Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Рыгор Барадулін і архімандрыт Сяргей Гаек на аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ.
 
Пераклад гэтага вялікага паэтычнага твора Караля Вайтылы Рыгор Барадулін падрыхтаваў яшчэ да 25-годдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ (2003 год).
 
Рыгор Барадулін быў вернікам Менскай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа. Падчас аўдыенцыі папа Рымскі папрасіў Барадуліна перадаць яго апостальскае блаславеньне ўсім прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць для разьвіцьця беларускай хрысьціянскай культуры.
 
Ніколі ня быў у Беларусі, але марыў наведаць Сьвіцязь
 
Сьвіцязь.
Папа Ян Павел ІІ стаў першым пантыфікам, які пачаў шмат езьдзіць па сьвеце. Ён зьдзейсьніў больш за 120 замежных паездак, наведаў больш за тысячу гарадоў, але так ніколі і ня трапіў у Беларусь.
 
Падчас аўдыенцыі з папам у сярэдзіне 1990-х Хрысьціна Лялько запрасіла Яна Паўла ІІ наведаць Беларусь. Папа падзякаваў і сказаў, што даўно марыць ступіць на беларускую зямлю.
 
На аўдыенцыях для беларусаў ён ня раз казаў, што марыць наведаць возера Сьвіцязь, і жартам дадаваў, што гэта стане галоўнай умовай ягонага візіту.
 
Не сустракаўся з Лукашэнкам
 
Аляксандра Лукашэнку прымалі ў Ватыкане папы Бенядыкт XVI і Францішак. Але з Янам Паўлам ІІ Лукашэнка ніколі не сустракаўся.
 
22 жніўня 2002 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым візіт у Беларусь папы Рымскага, каб на тэрыторыі Беларусі маглі сустрэцца кіраўнікі рымска-каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў.
 
«Я думаю, што недалёка той час, калі я з задавальненьнем змагу прыняць тут, на тэрыторыі Беларусі — а гэта сапраўды-такі скрыжаваньне, і я быў бы прыхільнікам таго, каб тут сустрэўся наш патрыярх і кіраўнік рымска-каталіцкай Царквы. Я чакаю іх абодвух у Беларусі», — сказаў Лукашэнка.
 
На наступны дзень прэс-сакратар Беларускага экзархату заявіў, што сустрэча патрыярха Маскоўскага і папы Рымскага магчымая толькі пры выкананьні Ватыканам шэрагу ўмоў і патрабаваньняў з боку Маскоўскага патрыярхату. Патрабаваньні патрыярхату тычыліся ў першую чаргу палітыкі уніі і распаўсюду каталіцызму на кананічнай тэрыторыі расейскага праваслаўя, да якіх Масква залічвае і Беларусь.
 
Помнікі Яну Паўлу ІІ у Беларусі
 
Асьвячэньне помніка Яну Паўлу II у Валожыне.
У Беларусі больш за дзесяць помнікаў Яну Паўлу II. Іх пачалі ўсталёўваць адразу пасьля сьмерці пантыфіка, звычайна каля касьцёлаў.
 
Першы з іх зьявіўся ў вёсцы Мосар. Таксама Караля Вайтылу, якога Каталіцкі Касьцёл прызнаў сьвятым, ушанавалі помнікамі ў Валожыне, Маладэчне, Нарачы, Віцебску, Докшыцах, Мёрах, Шуміліне, Івянцы, Берасьці, Магілёве, Ракаве, Менску.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"