Друк
22.05.2020
Папа Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі
 
21 траўня 2020 году Сьвяты Айцец Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупа Антэ Ёзіча. Пра гэта паведаміла беларуская рэдакцыя Vatican News.
 

Архібіскуп-намінант Антэ Ёзіч на сустрэчы з Сьвятым Айцом Францішкам.
Харвацкі архібіскуп Антэ Ёзіч зьменіць на пасадзе кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў Беларусі вянгерскага архібіскупа Габара Пінтэра, які адпрацаваў у Беларусі тры з паловай гады і з 11 сьнежня 2019 году прызначаны на працу ў Гандурасе.

Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 году ў горадзе Трыле (Харватыя). У 1985—1992 гг. ён вывучаў філасофію і тэалогію ў Тэалагічным інстытуце Спліта. У 1988-1989 гг. служыў у войску.

Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 28 чэрвеня 1992 годзе ў Спліцка-Макарскай архідыяцэзіі і на працягу трох гадоў служыў вікарыем у Макарскай парафіі. У 1995 годзе пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай Царкоўнай акадэміі (Pontificia Ecclesiastica Academia) у Рыме. Атрымаў доктарскую ступень па кананічным і грамадзянскім (міжнародным) праве ў Латэранскім універсітэце.

З 1999 году пачаў сваю дыпламатычную службу ў Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. Затым шэсьць гадоў, з 2003 году па 2009 год, быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Расеі. У 2009 годзе Антэ Ёзіч стаў дарадцам Апостальскай нунцыятуры ў Філіпінах і 10 гадоў адпрацаваў у Ганконгу ў якасьці кіраўніка Дасьледчай місіі (Missione di Studio) Сьвятога Пасаду, будучы фактычна прадстаўніком Папы ў для кантактаў з католікамі ў мацерыковым Кітаі.

2 лютага 2019 году Папа Рымскі Францішак прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным архібіскупам Цісы. Яго хіратонія на біскупа павінна была адбыцца яшчэ 1 траўня 2019 году. Удзяліць яе павінен быў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 году харвацкі сьвятар трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасьля якой апынуўся ў бальніцы ў крытычным стане, перанёс некалькі аперацыяў.

Пасьля выздараўленьня 22 студзеня 2020 году архібіскуп-намінант Антэ Ёзіч сустрэўся з Сьвятым Айцом Францішкам. Яго біскупскія сьвячаньні павінны былі адбыцца 21 сакавіка 2020 году ў базыліцы сьв. Пятра, аднак зноў былі перанесеныя з прычыны пандэміі COVID-19.

Архібіскуп Антэ Ёзіч стаў другім харвацкім ярархам на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі. З 15 верасьня 2004 году па 15 ліпеня 2011 году дыпламатычнае прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў нашай краіне ўзначальваў архібіскуп Марцін Відавіч. Цікава, што ён таксама належаў да Спліцка-Макарскай архідыяцэзіі.

Варта таксама адзначыць, што 14 кастрычніка 2007 году а. Антэ Ёзіч у якасьці сакратара Прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў Расейскай Федэрацыі ўдзельнічаў ва ўрачыстасьцях у Навакузьнецку (Расея) з нагоды асьвячэньня там грэка-каталіцкай царквы сьв. Яна Залатавуснага, дзе разам моляцца католікі абодвух абрадаў. Падчас служэньня ў Расеі ня раз браў удзел у розных сустрэчах з прадстаўнікамі праваслаўнай Царквы, а таксама ўдзельнічаў у міжрэлігійных кантактах, накіраваных на ўмацаваньне ўзаемаразуменьня і дыялога паміж рэлігіямі і канфесіямі.

Архібіскуп Антэ Ёзіч ведае італьянскую, гішпанскую, ангельскую, французскую, партугальскую, нямецкую, расейскую, кітайскую і польскую мовы.

Фота: Vatican News.

 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"