Друк
05.07.2020
Айцец Андрэй Крот: Хто ж будзе сьвятаром, калі ня я?
 
2 ліпеня 2020 году 15-годдзе свайго сьвятарства адзначыў а. Андрэй Крот, дэкан Заходняга дэканату БГКЦ і парах грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні. У гэты дзень у 2005 годзе ў Івана-Франкоўску ва Ўкраіне сьв. Тайну Сьвятарства яму ўдзяліў ўкраінскі грэка-каталіцкі Ўладыка Сафрон (Мудры).
 
Айцец Андрэй Крот пачынаў свой шлях да сьвятарства як парафіянін у грэка-каталіцкіх парафіях у Берасьці і ў Івацэвічах, а як душпастыр — у грэка-каталіцкай парафіі ў Пінску. З 1996 году ён дапамагаў у выпуску газеты «Царква», а з 2004 году быў у ёй адказным рэдактарам. Айцец Андрэй Крот — сталы аўтар у перадачах Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Як добрага і цікавага прапаведніка яго ведаюць ня толькі ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі, але і ў рыма-каталіцкіх парафіях Горадні і ваколіцаў, дзе вядомы таксама як спаведнік і рэкалекцыяніст.
 
Далучаемся да віншаваньняў айцу Андрэю з 15-годдзем сьвятарскага служэньня ды зычым многіх, блаславёных і плённых гадоў жыцьця і служэньня на Гасподняй ніве!
 
Прапануем чытачам «Царквы» размову журналіста Радыё Рацыя Якуба Сушынскага, які сустрэўся з гэтай нагоды з протапрасьвітарам Андрэем Кратом, парахам гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай.
 
— Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якую Вы прадстаўляеце, фактычна адраджаецца разам з Вамі. Гэта можна было назваць пакліканьнем, калі Вы, як і некаторыя іншыя навернутыя хрысьціяне, сталі на шлях служэньня Царкве. Мне вядома, што мала сёньня сьвятарскіх пакліканьняў. Як Вы сталі на гэты шлях? Магчыма для Вас былі важныя нейкія знакі або падзеі?
 
— Памятаю, што ў 1995-ым, бадай што, годзе, не было так, што я прыйшоў у гэту Царкву. Я шукаў гэту Царкву, і ўжо прыняў для сябе рашэньне — быць грэка-каталіком. Яшчэ трошкі раней, чым далучыўся да канкрэтнай парафіі, рэальнай супольнасьці. Я ўжо тады вызнаваў сябе грэка-каталіком. Я чытаў гістарычную літаратуру. У свой час прачытаў у пэўных кнігах і часопісах, яшчэ на пачатку 1990-х гадоў, што Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква была зьнішчаная. Гвалтоўна зьнішчаная. Несправядліва зьнішчаная ў нашай краіне. Што гэта была Царква, якая адпавядала беларускаму духу. І я, як патрыятычны малады чалавек, быў такі радыкальны, можна сказаць, у сваіх поглядах. Можа, ня ў зьнешніх праявах, але ва ўнутранай, сваёй духоўнай радыкальнасьці. Вырашыў, што калі я застануся ў баку ад гэтай Царквы, то гэта будзе значыць, што я падтрымліваю тую несправядлівасьць, якая з ёй адбылася.
 
Таму я, прачытаўшы пэўную літаратуру, памаліўшыся, прыняў пэўныя рашэньні, і вырашыў, што я — грэка-каталік. І таму я ўжо шукаў, будучы маладым студэнтам, (я вучыўся ў Берасьці, на гістарычным факультэце), я шукаў Грэка-Каталіцкую Царкву. У 1995-ым годзе я знайшоў гэтую Царкву.
 
Быў пэўны этап, калі я думаў так: я проста актыўны вернік. Потым думаў, што варта можа было б стаць дыяканам, памочнікам сьвятара. Буду дапамагаць сьвятару ў яго душпастарскай працы, у служэньні набажэнстваў. І гэтага дастаткова будзе мне. Я буду працаваць на сьвецкай працы, буду настаўнікам. Але потым мне ўжо было гэтага недастаткова. Я, як Вы казалі, адчуў, што грэка-каталіцкіх сьвятароў мала, што іх не хапае. Пакліканьняў было менш яшчэ чым зараз. Былі проста адзінкі сьвятароў. І падумаў, што сьвятары патрэбныя. Ну дык а хто ж будзе сьвятаром, калі ня я? Гэта такая зямная частка майго шляху да сьвятарства.
 
Ёсьць яшчэ ў маім пакліканьні такі містычны момант, які я таксама адчуваю і перажываю. Бо калі я першы раз прыйшоў у грэка-каталіцкую парафію на набажэнства ў Берасьці, і сьвятар спытаўся ў мяне: «Адкуль ты?» — Кажу: «Я з Івацэвічаў». І хлопец адзін, які там быў, краязнаўца, кажа: «А, Івацэвічы? То там пад Івацэвічамі, у міжваенны час, у вёсцы Бабровічы, была грэка-каталіцкая (ўніяцкая) парафія». Ну сказаць, што я быў зьдзіўлены – гэта нічога не сказаць. Таму, што акурат, гэта родная мая вёска. Адтуль паходзіць мая сям’я, якая выехала ў горад, яшчэ калі я быў немаўлём. І потым я даведаўся гісторыю гэтай парафіі, гісторыю яе сьвятара айца Баляслава Пачопкі, які там працаваў і які памёр у тым шпіталі, у якім я нарадзіўся. Ён памёр у 1940 годзе, я нарадзіўся ў 1977-м. Я пачуў ад людзей, што ён быў вельмі адданым сьвятаром. Яны казалі: «О, такога сьвятара, як Пачопка, у нас ніколі не было і ня будзе!».
 
Я таксама сваё пакліканьне адношу да таго, што адбылося яно дзякуючы малітвам айца Баляслава — чалавека, які працаваў у гэтай вёсцы перад вайной, з 1926 па 1940 год, пакуль не памёр. Памёр ён ужо за Саветамі. Проста ён быў ужо старэйшым чалавекам, з слабым здароўем, а ўсялякія непрыемнасьці, якія дастаўляла яму новая ўлада, яны проста падарвалі ягонае здароўе канчаткова. Ён памёр 26 сьнежня 1940 году, на другі дзень сьвята Божага Нараджэньня. Быў пахаваны ў Целяханах, недалёка ад Бабровічаў, на каталіцкіх могілках. Магіла ягоная была згубленая, але потым, цудоўным чынам знойдзеная намі, беларускімі грэка-каталікамі.
 
— Ён жа мае вялікія заслугі і на беларускай культурнай ніве.
 
— Так, ён стваральнік першай беларускай граматыкі лацініцай. Ну, ня вельмі, можа быць, удалай. Але гэта ўсё ж такі факт, што ён — стваральнік падручніка беларускай мовы, стваральнік першага беларускага малітоўніка, першай беларускай каталіцкай газеты.
 
Вось гэты чалавек, я думаю, што там, дзесьці на нябёсах, маліўся за мяне, маліўся за гэтую зямлю, за людзей, якія паходзяць з той ягонай парафіі, каб Бог кагосьці паклікаў да сьвятарства. І вось аказалася, што той «хтосьці» — гэта я.
 
— Штогадовыя пілігрымкі, якія ладзіліся пакуль не пачалася пандэмія, — яны таксама многа людзей навярнулі. З Віцебску ў Полацак штогод хадзіла пілігрымка, якая таксама зьвяртае нас да сумных старонак нашай гісторыі, але яна таксама і выхоўвае.
 
— Для мяне гэтая пілігрымка, якую Вы ўзгадалі — пілігрымка ў гонар Полацкіх пакутнікаў. Хоць гэтая пілігрымка праходзіла пад такой назвай, але заўсёды ўзгадваліся падчас яе і ўсе сьвятыя і не сьвятыя, але важныя беларускія дзеячы: гэта і Францішак Скарына, і Еўфрасіньня Полацкая, і сьвяты Язафат, і ўсе іншыя сьвятыя беларускае зямлі. Маліліся мы і ішлі. Для мяне гэтая пілігрымка мела вялікае значэньне. Я, як малады чалавек, яшчэ да таго як прыйшоў у берасьцейскую парафію, першы раз акурат сутыкнуўся з хрысьціянскай супольнасьцю менавіта ў гэтай пілігрымцы ў 1995-м годзе. Потым, пасьля пілігрымкі, пачаў шукаць рэальных грэка-каталікоў, рэальную парафію. Да гэтага ўсе мае духоўныя пошукі былі больш інтэлектуальныя. Я быў хрысьціянінам, але гэта было больш розумам. А вось у гэтай пілігрымцы я адчуў усё сэрцам! Я маліўся падчас пілігрымкі, каб гэтае адчуваньне ўва мне засталося. Ну і дзякаваць Богу, яно ў мяне сапраўды, засталося. Часамі яно, можа, мацнейшае, часамі слабейшае гэтае адчуваньне Божай прысутнасьці. Але, я на тым шляху, які вядзе мяне да гэтага адчуваньня, да гэтай Божай прысутнасьці.
 
Я не пайшоў па тым шляху, па якім пайшло шмат маіх аднагодкаў, маіх сяброў: звычайнае сьвецкае жыцьцё, у якім ёсьць алкаголь, нейкія жыцьцёвыя захапленьні. Маё жыцьцё — гэта жыцьцё сьвятара. Так, я таксама не сьвяты, таксама магу і чарку выпіць, таксама я магу і павесяліцца, і пасьпяваць. Ну а ўжо патанчыць — тут я ўжо лічу сябе застарым.
 
— Ёсьць такая аналогія: у прафесіі, напэўна, ня так як у пакліканьні. Прафесію, калі яна праз якісьці час пачынае не падабацца, то чалавек можа выбраць нешта іншае. Можа пайсьці на нейкую працу, дзе менш плацяць, але якая прынясе яму маральнае задавальненьне. У Вашай сітуацыі — гэта пакліканьне: вы выбралі і вы ня можаце зьвярнуць. Пакліканьне не дазваляе развароту?
 
– Я не памятаю, каб былі нейкія вострыя крытычныя моманты, каб я думаў, што вось, усё кіну і ня буду сьвятаром. Часамі, вядома, прыходзяць такія думкі, што ўсё надакучыла, хочацца адпачыць: «Эх, добра было б сьвятаром у якой-небудзь маленькай вёсцы, гадаваць там куры, сьвіньняў кароваў, казу... Што-небудзь адно выбраць з гэтага ўсяго. Касіць раніцай траву і пасьвіць свойскую жывёлінку — вось нешта такое. Тады будзе ціха і спакойна». Ну але я гэта ўспрымаю як показку для сябе самога, што так, я магу пра гэта падумаць-памарыць, але я разумею, што тут тое месца, на якое мяне Бог паставіў.
 
Хоць, Вы кажаце, што сьвятар, у адрозьненьне ад звычайнага чалавека, ня можа зьмяніць сваю прафесію. Я Вам скажу, што сьвятар можа зьмяніць месца служэньня: пашукаць нейкую больш багатую і больш сталую, стабільную парафію. Хтосьці можа, наадварот, паехаць у больш экстрэмальныя ўмовы. На місію, у афрыканскія, ці азіяцкія краіны, дзе небясьпечна, дзе складана. Яшчэ больш складана, чым тут у нас, у Беларусі. Па-рознаму бывае з сьвятаром. Але калі я адчуваў сваё пакліканьне да сьвятарства, то я адчуваў да служэньня тут, у Беларусі. Бо я беларус і мне хочацца быць сярод беларусаў. Веруючых-няверуючых, правільных-няправільных — вось тут, у Беларусі, сярод тых людзей, якія блізкія мне і па крыві, і па мове, па культуры, і па духу.
 
— Паглядзеўшы на сьвятароў, калі мінае які-небудзь час іх служэньня, некаторыя з іх вельмі моцна набіраюць у вазе. Як Вы спраўляецеся з стрэсам ад кантактаў з рознымі людзьмі?
 
— Ну я не спартовы чалавек. З дзяцінства не захапляюся спортам. Часамі я магу рабіць ранішнюю гімнастыку, часамі я хаджу ў басейн, але я не вялікі плывец. Трошку плаваю, каб сябе трымаць у тонусе. Езджу роварам. Але роварам езджу не спартова, а хутчэй, каб перамяшчацца з пункту А ў пункт Б. Хоць гэта для мяне найлепшы спосаб перамяшчэньня. Калі добрае надвор’е, калі спрыяе надвор’е і здароўе, то лепей паеду роварам, як сяду на аўтамабіль ці пайду пешшу. Мне спадабалася калісьці польская карыкатура, на якой былі намаляваныя машына і ровар, і было падпісана: (пераклад па-беларуску) ровар спальвае тлушч і назапашвае грошы, а аўтамабіль — спальвае грошы – назапашвае тлушч. Я неяк пранікся гэтым усім. І таму для мяне езьдзіць роваром — гэта такая справа сапраўды вельмі патрэбная. Бо сьвятарскае жыцьцё не заўсёды рэгулярнае, стабільнае, гэта значыць, не заўсёды шмат руху ў жыцьці. Шмат часу праводзіш за кампутарам, за пісьмовым сталом, за чытаньнем, за пісаньнем чагосьці. Рух патрэбен.
 
— Якой літаратурай Вы цікавіцеся, калі браць мастацкую літаратуру, паэзію?
 
– Я чытаю шмат беларускай класічнай літаратуры, ня столькі можа для задавальненьня, колькі для патрэбы. Але заўсёды адкрываю ў ёй нешта новае. Я зьяўляюся вядоўцам перадачы «Хрысьціянства і беларуская літаратура» на Ватыканскім радыё, і таму мне для гэтага служэньня даводзіцца чытаць беларускую класічную літаратуру. Я шукаю ў ёй хрысьціянскія, ці нават нехрысьціянскія, ці антырэлігійныя матывы, каб прадставіць суадносіны хрысьціянства з класічнай, ці сучаснай беларускай літаратурай.
 
Калісьці ў дзяцінстве, у школьныя гады чытаў таго ж Кузьму Чорнага, Пятруся Броўку, ці Якуба Коласа, Янку Купалу. Але тады быў адзін погляд на ўсе гэтыя творы, а зараз ужо, з персьпектывы часу, досьведу, глядзіш ужо зусім па-іншаму. Цяжка сказаць, хто з гэтых пісьменьнікаў для мяне любімы. Напэўна, Колас мяне больш крануў, чым нават Купала і Багдановіч.
 
У Коласе, у «Новай зямлі», я бачу такія жыцьцёвыя сітуацыі, якія ёсьць у нашым сучасным сьвеце. Мара чалавека пра свабоду, мара чалавека пра нейкую жыцьцёва-эканамічную свабоду. Набыць сваю зямлю марыць шмат маіх знаёмых, сучасьнікаў. Толькі гэта ўжо не зямля, але нейкая праца, у якой ты ня будзеш залежыць, ад дзяржавы, ад кіраўніцтва, ад вялікай карпарацыі. Гэта праца, у якой ты будзеш сам сабе гаспадаром. Канфлікты з начальствам — таксама гэта можна ў творы паглядзець. Калі чытаў «Новую зямлю», я ўзгадваў расповеды некаторых сваіх знаёмых, якія скардзіліся на ня вельмі зразумелых начальнікаў. Апісаньне прыроды, апісаньне дома, апісаньне сям’і — яно таксама вельмі кранала мяне ў гэтым творы.
 
— Дазвольце павіншаваць Вас з 15-годдзем Вашай сьвятарскай місіі ў Горадні, а таксама пажадаць Вам памыснасьці ў працы з вернікамі, павелічэньня парафіі і рэалізацыі Вашых задумак, каб яны знайшлі водгук і супалі з тым прагненьнем беларускага народу, які імкнецца да духоўнай паўнаты.
 
— Дзякую. І я хачу пажадаць усім у першую чаргу здароўя ў гэтыя часы, такія няпростыя і складаныя. А таксама і духоўнага здароўя — заставацца ў дабрыні, заставацца ў супакоі, нягледзячы на ўсялякія розныя падзеі, якія адбываюцца вакол нас, нягледзячы на розныя весткі, які нам прыходзяць. Заўсёды трэба перажываць гэта спакойна, перажываць гэта з Богам, з упэўненасьцю, што Бог
нас бачыць, Ён пра нас клапоціцца і зробіць усё як найлепей.
 
Фота: з архіву рэдакцыі газеты «Царква» і Marysia Kharevich.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"