Друк
06.07.2020
Духоўная праграма XXVІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацак
 
У складанай сітуацыі каранавіруснай пандэміі духоўная праграма сёлетняй грэка-каталіцкай пілігрымкі з Віцебску ў Полацак 8-12 ліпеня 2020 году адбудзецца ў фармаце анлайн — паведамляе сайт Svjazep.org.
 
«Сьвятло Ўсходу» — такі дэвіз сёлетняй грэка-каталіцкай пілігрымкі. Гэта назва Апостальскага пасланьня сьв. Яна Паўла ІІ «Orientale Lumen — Сьвятло Ўсходу» (ад 2 траўня 1995 г.). Разважаньні над гэтым тэкстам сьв. Яна Паўла ІІ будуць зьяўляцца базай духоўнай праграмы пілігрымкі.
 
На сайце Svjazep.org будуць падавацца духоўныя матэрыялы на кожны дзень праграмы пілігрымкі. Іх можна будзе знайсьці і на грэка-каталіцкіх старонках у сацыяльных сетках. Кожны можа далучыцца да духоўнай праграмы ў сваім месцы пражываньня.
 
Малітоўную платформу праграмы пілігрымкі прадстаўляе грэка-каталіцкая парафія ў Полацку. На адрас: polatsk170@gmail.com можна даслаць інтэнцыі, якія будуць уключаныя ў штодзённую Боскую Літургію ў гэтыя дні. У гэтых намерах будуць маліцца таксама і валанцёры праграмы.
 
Біблійныя тэксты на дні праграмы пілігрымкі: Евангельле паводле сьв. Яна, разьдзелы 1-5 (на кожны дзень — адзін разьдел).
 
Завяршэньне пілігрымкі — у Полацку, пры храме сьв. Параскевы Полацкай, у нядзелю, 12 ліпеня 2020 году. Боская Літургія будзе адслужана а 11-й гадз.
 
Арганізатары духоўнай праграмы грэка-каталіцкай пілігрымкі запрашаюць вернікаў далучацца, каб у такі спосаб адзначыць 100-годдзе Папы Яна Паўла ІІ.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"