Друк
17.12.2020
Папа Францішак накіраваў Сьпецпасланьніка ў Беларусь
 
17 сьнежня 2020 году Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроці прыбыў у Беларусь у статусе Сьпецыяльнага пасланьніка Сьвятога Айца. Ён будзе праводзіць сустрэчы з уладамі краіны.
 
Сустрэча Апостальскага нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці з Аляксандрам Лукашэнкам. Фота БелТА.
У палацы Незалежнасьці ў Менску Сьпецыяльны пасланьнік Папы Францішка архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам. На сустрэчы прысутнічаў таксама міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.
 
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кіраўнік прэс-службы Сьвятога Пасаду Матэа Бруні паінфармаваў сёньня журналістаў, што архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, былы Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь, які прыбыў у Беларусь у якасьці Сьпецыяльнага пасланьніка Сьвятога Айца Францішка, мае сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб «выказаць заклапочанасьць і трывогу Сьвятога Айца ў сувязі з цяперашняй сітуацыяй у краіне». Больш дэталяў пра місію сьпецпасланьніка Папы Рымскага не паведамляецца.
 
Афіцыйны сайт кіраўніка Беларусі піша, што Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Сьпецпасланьніку Папы Рымскага за прыезд, назваўшы яго візіт «добрым знакам». Аляксандар Лукашэнка пры сустрэчы з архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці падкрэсьліў, што «з вялікім задавальненьнем» гатовы прыняць архібіскупа «як чалавека, які пакінуў добры сьлед пасьля сваёй службы».
 
Лукашэнка папрасіў Клаўдыё Гуджэроцьці перадаць Папу Францішку самыя цёплыя віншаваньні з Новым годам і пажаданьні моцнага здароўя.
 
Клаўдыё Гуджэроцьці ў сваю чаргу адзначыў, што за час яго служэньня ў якасьці Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь у бакоў атрымалася шмат чаго зрабіць для разьвіцьця адносінаў.
 
«Ёсьць пра што пагаварыць, у нас заўсёды было шмат тэмаў. Многія тэмы і застаюцца, іх адразу ня вырашыш. Але нейкія рухі ёсьць», — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Сьпецпасланьнікам Сьвятога Айца.
 
Нагадаем, што акрамя гуманітарнага крызісу ў краіне, Папу Рымскага хвалюе сітуацыя з Страшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які неаднаразова асуджаў дзеяньні сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў. 31 жніўня 2020 году беларускія памежнікі не ўпусьцілі мітрапаліта ў краіну, калі той вяртаўся з Польшчы.
 
Папа Францішак нездарма адправіў у Менск сваім Сьпецыяльным пасланьнікам Апостальскага нунцыя ў Вялікабрытаніі архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці. Ён працаваў Апостальскім нунцыем у Беларусі ў 2011—2015 гг. і за гэты час займеў вялікі аўтарытэт і павагу ня толькі сярод католікаў абодвух абрадаў, але і ў цэлым у беларускім грамадзтве праз сваю адкрытасьць і прыхільнасьць да беларусшчыны. Гэта вельмі дасьведчаны дыпламат. Ён мае значны досьвед перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і беларускімі ўладамі.
 
Менавіта архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці вёў перамовы з уладамі ў некалькіх складаных справах — у справе ксяндза Ўладзіслава Лазара, якога затрымала КДБ у 2013 годзе, і ў справе вызваленьня палітвязьняў пасьля выбараў 2010 году. Тады ён нават езьдзіў у турмы і сустракаўся там з вязьнямі, а потым дакладаў пра сітуацыю з вязьнямі Папу Рымскаму.
 
Таму можна спадзявацца, што гэты Сьпецпасланьнік Папы Рымскага пастараецца зрабіць усё магчымае для вырашэньня вострых праблемаў Каталіцкай Царквы ў Беларусі, а таксама не абміне і тэму рэпрэсіяў уладаў супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў, вызваленьня палітвязьняў і выхаду з гуманітарнага крызісу ў краіне.
 
Варта адзначыць і яшчэ адзін асьпект. Сьпецыяльны пасланьнік Папы Рымскага архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці прыбыў у Беларусь, каб перадаць уладам нашай краіны заклапочанасьць і трывогу цяперашняй сітуацыяй у Беларусі ў Дзень народзінаў Сьвятога Айца Францішка. Паводле словаў Сьпецпасланьніка, у гэты ж дзень увечары Папа Францішак будзе тэлефанаваць яму, каб даведацца пра вынікі сустрэчы з кіраўніцтвам краіны. Ці шмат людзей і палітычных лідараў думае ў свой Дзень народзінаў пра іншых людзей і пра іх праблемы?
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"