Друк
03.04.2021
«Паклонімся Ўкрыжаванаму, праславім Уваскрослага. Пахвалім Таго, хто прыйшоў нас ажывіць»
 
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Хрыстовай 2021 году
 
Пачэсныя Сьвятары і Дыяканы! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Шчыра віншую ўсіх вас з Сьветлым Уваскрасеньнем Хрыста:
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
 
1. Гэтыя словы гучаць на Беларускіх землях больш за тысячу гадоў. Гэтым радасным воклікам нашыя продкі сьведчылі сваю веру ў тое, што Ўваскрослы Хрыстос сапраўды жыве сярод іх, што Ён зьяўляецца крыніцай новага жыцьця.
 
Гэтая радасная зьвестка праз стагоддзі абдымала і яднала на землях Беларусі хрысьціянаў розных царкоўных традыцый — усходняй і заходняй.
 
2. Узгадайма, што 1035 гадоў таму — у 986 годзе місіянер Торвальд (Кодрансан) з далёкай Ісландыі — праз Ерусалім і Канстанцінопаль — прыбывае з таварышам у Полацак. Прыбывае з граматай візантыйскага імператара Васіля ІІ і з блаславеньнем патрыярха Канстанцінапольскага Мікалая II (Хрысаверга). Да Полацка — сэрца Беларускіх земляў Евангельле Ісуса Хрыста прыходзіць з Захаду і Ўсходу, у час еднасьці Цэркваў.
 
У духу братэрскай еднасьці нараджалася беларускае хрысьціянства і аб гэтай каштоўнай спадчыне хрысьціянскай еднасьці трэба нам памятаць і сёньня. Памятаць, што ў Беларусі мы — хрысьціяне розных канфесій — пакліканыя разам “вызнаваць Таго, хто нас асьвяціў”.
 
3. Выдатны прапаведнік нашых земляў, сьв. Кірыла Тураўскі пісаў:
“Верма Хрысту, Богу нашаму. Паклонімся Ўкрыжаванаму, праславім Уваскрослага. Пахвалім Таго, хто прыйшоў нас ажывіць. Вызнавайма Таго, хто нас асьвяціў. Уьзвялічым Таго, хто даў нам безьліч усялякіх дабротаў” (Слова на Нядзелю Тамаша).
 
Да гэтых дабротаў духовых і культурных належыць нашая Бацькаўчына — Беларусь і мужны беларускі народ, нашая беларуская мова і культура, прасьветленая сьвятлом Уваскрослага Хрыста.
 
4. У гэтыя дні хрысьціянская супольнасьць Беларусі жыве ў двайным сьвятле Таямніцы Крыжа і Ўваскрасеньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Вернікі Праваслаўнай Царквы сьвяткуюць Нядзелю Крыжапаклонную, хрысьціяне заходняй традыцыі — Нядзелю Ўваскрасеньня Хрыстовага.
 
Крыж і Ўваскрасеньне — крыніцы нашай хрысьціянскай мужнасьці, што дазваляе нам быць вернымі Евангельлю Ісуса Хрыста ў кожны час, у кожнай сітуацыі. Таму нястомна молімся “за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас” (Мірная ектаньня). Карыстаемся старажытным тэкстам візантыйскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага і молімся:
- за хворых, тых што церпяць, зьняволеных,
- за тых, што робяць дабро, памятаюць пра ўбогіх.
 
Гэтыя малітвы вучаць нас духовай салідарнасьці і братэрскай дапамогі — у моцы Крыжа Хрыста ды ў сьвятле Ягонага Ўваскрасеньня.
 
5. У сьвята Ўваскрасеньня Гасподняга хочам сардэчна прывітаць з сьвятам Пасхі ўсіх, хто яе сьвяткуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.
Братам праваслаўным, якія будуць сьвяткаваць Пасху паводле юльянскага календара, жадаем добрага велікапоснага духовага подзьвігу.
 
Усім жадаем багатых дароў міру, радасьці, жывой веры, моцнай надзеі ды мужнай любові ад Уваскрослага Хрыста — Чалавекалюбца і вітаем сьвяточным вітаньнем:
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
 
Менск, Пасха Гасподняя 2021 году.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"