Друк
03.04.2021
Наша Бацькаўшчына перажывае сваю Вялікую пятніцу
 
2 красавіка, у Вялікую пятніцу, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у рыма-каталіцкай катэдры ў Магілёве ўзначаліў набажэнства Мукі Госпада, якой папярэднічаў Крыжовы шлях на пляцы перад храмам, паведамляе Catholic.by.
 
Перад пачаткам набажэнства Крыжовага шляху архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, зьвяртаючыся да сабраных перад катэдрай Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі вернікаў, сказаў пра тое, што ўсе яго думкі цяпер накіраваныя на як мага больш хуткае завяршэньне грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі, паведамляе TUT.BY. Уладыка Тадэвуш марыць, каб гэты крызіс нарэшце завяршыўся мірам і яднаньнем.
 
«Складаны грамадзка-палітычны крызіс — гэта той крыж, які мы нясем, які нясе наша Бацькаўшчына. Я жыву з інтэнціяй, каб мы ўмелі прабачыць адзін аднаму, як Ісус прабачыў з дрэва крыжа тым, хто Яго катаваў, тым, хто Яго прыбіў да крыжа. Каб мы гэтым прабачэньнем, любоўю да іншага чалавека — нават да таго, хто чыніць нам зло, — будавалі цывілізацыю жыцьця, цывілізацыю любові і цывілізацыю міру. З гэтымі інтэнцыямі мы распачынаем гэты крыжовы шлях», — сказаў каталіцкі ярарх.
 
Другі дзень Пасхальнага Трыдыюму — Вялікая пятніца — гэта адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў Царкве ня правіцца сьвятая Імша. Увага ўсіх вернікаў зьвернута на крыж — знак збаўленьня і надзеі хрысьціянаў.
 
«У Рымскай Імперыі крыж быў вядомы як інструмент жудаснай сьмерці для найбольш небясьпечных злачынцаў. Сьмерць Хрыста зрабіла яго прыладай збаўленьня і алтаром Божага Валадарства. Крыж стаў крыніцай, з якой выплывае багацьце Божай міласэрнасьці. У ім праяўляецца бязьмежная любоў Бога да чалавека», — адзначыў у гаміліі архібіскуп Кандрусевіч.
 
Як падкрэсьліў каталіцкі ярарх, цярпеньні і крыжовую сьмерць Ісус прыняў дабравольна і без прымусу, таму Яго ахвяра і была сапраўднай любоўю, таму яна і стала збаўчай. Пра гэты «акт дабравольнай і ахвярнай любові» Ісуса, як сказаў Уладыка Тадэвуш, добра сьведчыць Яго арышт: «Нягледзячы на тое, што Юда з жаўнерамі прыйшлі арыштаваць Ісуса, дзіўная боскасьць Хрыста ахапіла іх да такой ступені, што яны ўпалі на зямлю».
 
«Калі Пілат, які меў палітычную ўладу і мог асудзіць Ісуса на сьмерць, дапытваў Яго, то на самай справе не Пілат асуджаў Ісуса, а Ісус Пілата. Пра гэта сьведчаць словы Ісуса, што Пілат ня меў бы ніякай улады, калі б яму не было дадзена з вышыні, — падкрэсьліў архібіскуп.
 
«У Евангельлі паказаны дзіўны парадокс: Пілат хацеў апраўдаць Ісуса, але ня быў свабодны ў сваіх дзеяньнях і таму ня мог судзіць справядліва. Супраць сваёй волі Ён аддаў Ісуса юдэям, каб яны вырашылі што з ім зрабіць. Як вядома, яны папрасілі вызваліць злачынца Барабу, а Ісуса асудзіць на сьмерць. Так і сталася. Але насамрэч Ісус дабравольна выбраў сьмерць на крыжы, каб такім чынам праявіць бязьмежную збаўчую любоў Бога да чалавека», — адзначыў ярарх.
 
Калі жаўнеры ўкаранавалі Ісуса каронай з церняў, то хацелі пасьмяяцца з Яго. «Але іронія ў тым, што Ісус Сам жадаў гэтай кароны. Бо Ён — Кароль каралёў і Кароль сусьвету. Веліч і слава Бога моцна кантрастуе з палітычным становішчам і ўладай. Для Хрыста веліччу стаў крыж. Нездарма Божая сіла праяўляецца ў слабасьці, як вучыць сьвяты апостал Павел», — падкрэсьліў ярарх.
 
Архібіскуп прыгадаў думку сьвятога Антонія Падуанскага, які лічыў, што крыж з Ісусам на ім — гэта люстэрка хрысьціяніна, бо менавіта «ў крыжы мы можам убачыць веліч сваёй годнасьці».
 
«У змаганьні з залежнасьцямі, крызісамі і іншымі паталогіямі для хрысьціяніна крыж зьяўляецца месцам, дзе ён можа адшукаць свабоду», — адзначыў ярарх.
 
«Сёньня наша Бацькаўшчына нясе крыж грамадзка-палітычнага крызісу і перажывае сваю Вялікую пятніцу. Вядома, што пасьля захаду сонца настае яго ўсход. Вось і пасьля трагедыі на Галгофе таксама настала велікоднае сьвітаньне. Таму ня будзем баяцца несьці крыж нашага асабістага і грамадзкага жыцьця. Лацінская прымаўка кажа: Зямля круціцца, а крыж застаецца. А ў ім — збаўленьне і перамога над грахом і злом», — падсумаваў сваю прамову архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Відэасюжэт TUT.BY:
 
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"