Друк
15.05.2021
У Стоўпцах ушанавалі памяць архімандрыта Льва Гарошкі
 
Група грэка-каталіцкіх пілігрымаў з Менску і Івацэвічаў 11 траўня 2021 году прыехала ў Стоўпцы, каб памаліцца і ўшанаваць памяць беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Льва Гарошкі, які пэўны час служыў там, паведамляе сайт Svjazep.org.
 
Пілігрымка, якую ўзначаліў дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў, была арганізаваная з нагоды 110-х угодкаў з дня нараджэньня айца Льва Гарошкі — выдатнага сьвятара-патрыёта, інтэлектуала, рэлігійнага і грамадзкага дзеяча, віцэ-экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, а пазьней — рэдактара часопіса «Божым шляхам» і шматгадовага кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Архімандрыт Леў Гарошка.
Архімандрыт Леў Гарошка вядомы таксама як дасьледчык гісторыі рэлігіі і Царквы ў Беларусі, культуролаг і літаратар.
 
Грэка-каталіцкія пілігрымы ўдзельнічалі ў сьв. Імшы, якую Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) саслужыў у гэты дзень у новазбудаваным касьцёле сьв. Казімера ў Стоўпцах з пробашчам стаўпецкай парафіі айцом-канонікам Ігарам Лашуком.
 
Леў Гарошка паходзіў з Наваградчыны. Нарадзіўся ён 11 сакавіка 1911 году ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён). Скончыў польскую сямігодку ў Міры, затым вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Дзякуючы дырэктару беларускай гімназіі івану Цеханоўскаму і дырэктару беларускага музею ў Вільні Антону Луцкевічу Леў Гарошка пачаў вучыцца ў грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі ў Львове, рэктарам якой быў тады Ёсіф Сьліпый, пазьнейшы мітрапаліт ГКЦ і кардынал. Пасьля студыяў у Львове мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі выслаў яго на далейшыя студыі ў Інсбрук.
 
Пасьля сьвятарскіх сьвячаньняў, атрыманых 17 кастрычніка 1937 году ў Львове, у прыватнай капліцы мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, Леў Гарошка нёс душпастырскае служэньне ў розных каталіцкіх парафіях візантыйска-славянскага абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, у тым ліку ў Стоўпцах. Сваю першую ўрачыстую Боскую Літургію адслужыў на роднай Наваградчыне ва ўніяцкай парафіі ў Далятычах. Сьвецкія ўлады польскай дзяржавы ўвесь час перасьледавалі маладога сьвятара за яго асьветніцкую і душпастырскую дзейнасьць, ён увесь час знаходзіўся пад наглядам паліцыі, калі служыў у парафіях на Палесьсі і пазьней у Стоўпцах.
 
Панарама Стоўпцаў з Нёмана ў 1930-ыя гг. Фото: Вікіпедыя.
Каталіцкая парафія візантыйска-славянскага абраду ў Стоўпцах была створана ў канцы 1930 году. Набажэнствы правіліся ў драўлянай каталіцкай капліцы на могілках. 30—31 траўня 1931 году ўніяцкую парафію ў Стоўпцах наведаў Апостальскі візітатар для вернікаў візантыйска-славянскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі біскуп Мікалай Чарнецкі. Парафія была невялікая, колькасьць вернікаў на пачатак 1939 году складала 155 чалавек. З 1938 году парахам уніяцкай парафіі ў Стоўпцах быў украінец а. Юстын Сялецкі, а а. Леў Гарошка быў там вікарным сьвятаром. Перад самым пачаткам вайны, 15 траўня 1939 году, на загад наваградзкага ваяводы а. Леў Гарошка быў выдалены з парафіі ў Стоўпцах і выселены з памежнай паласы, пасьля чаго пэўны час служыў у парафіі ў Збуражы пад Маларытай, дзе акрамя душпастырскай працы аказваў таксама медычную дапамогу сялянам.
 
З Палесься ў хуткім часе ён зноў вярнуўся на родную Наваградчыну ўжо ў Баранавічы, дзе працягваў несьці служэньне як сьвятар і педагог. Выкладаў беларускую мову ў гандлёвай і медычнай школах, а для медычных сёстраў яшчэ і лацінскую мову пакуль гэта не забаранілі яму бальшавікі. У вайну а. Леў Гарошка працаваў настаўнікам у медычнай школе і на настаўніцкіх курсах, пісаў у газеты. Вядомы выпадак, калі сьвятар уратаваў беларускую моладзь ад вывазу нацыстамі ў працоўныя лагеры ў Нямеччыне, пасьля чаго ён сам быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі. Але пры ўсіх сваіх занятках ён не выпускаў з рук сьвятарскага часаслова, служыў сьв. Літургію, вельмі многа маліўся за дарагую ягонаму сэрцу Беларусь.
 
У канцы вайны, разам з хваляй эміграцыі сьвятар апынуўся на Захадзе: спачатку ў Берліне і Мюнхене, дзе арганізоўваў беларускае душпастырства, а затым у Рыме, дзе пачаў апекавацца жаўнерамі-беларусамі з арміі генерала Андэрса. У кастрычніку 1946 году яго прызначаюць рэктарам Беларускай Каталіцкай місіі ў Францыі. Пэўны час быў таксама рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. У 1959 годзе а. Леў Гарошка ўступіў у навіцыят Ордэну айцоў-марыянаў, стаў манахам, а ў 1965 годзе атрымаў годнасьць архімандрыта.
Новазбудаваны касьцёл сьв. Казімера ў Стоўпцах.
Жыў і служыў у Парыжы, Рыме (на Ватыканскім Радыё) і Лондане. Памёр у шпіталі ў Парыжы ў пасьля хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках сьв. Панкрата ў Лондане.
 
Духоўная і культурная спадчына архімандрыта Льва Гарошкі — руплівага пастыра, заслугоўвае самай вялікай увагі. На працягу жыцьця айцец Леў выдаў дзясяткі кніг па гісторыі, філасофіі, тэалогіі і мовазнаўстве, прапаведваў, навучаў, спрыяў захаваньню цікавасьці ды пашаны да ўласных каранёў сярод беларусаў у дыяспары і на Бацькаўшчыне.
 
Заўсёды ён застаўся верны сваёй першай любові — Беларусі.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"