Друк
09.06.2021
Францішак да сьвятароў: ня марыць пра веліч і быць апосталамі радасьці
 
Адрачыся ад саміх сябе і мараў пра веліч, каб паставіць Бога і людзей у цэнтар штодзённых клопатаў заклікаў Папа Рымскі Францішак французскіх сьвятароў, якія атрымліваюць адукацыю ў Рыме — паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
 
Жыцьцё ў братэрстве можа быць сьведчаньнем для грамадзтва, пазначанага індывідуалізмам, самасьцвярджэньнем і абыякавасьцю, — падкрэсьліў Рымскі Архірэй 7 чэрвеня 2021 году, прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане сьвятарскую супольнасьць калегіюма сьв. Людовіка Французскага ў Рыме. Сьвяты Айцец адзначыў каштоўнасьць супольнага жыцьця, але таксама зьвярнуў увагу на некаторыя цяжкасьці, якія могуць яму спадарожнічаць.
 
У супольным жыцьці заўсёды ёсьць спакуса стварыць невялікія закрытыя групы, самаізалявацца, крытыкаваць і абгаворваць іншых, лічачы сябе вышэйшымі і разумнейшымі за іншых. Гэта нядобра, бо разбурае нас усіх. У такім кантэксьце Папа заклікаў сьвятароў прымаць адзін аднаго як дар, а таксама з радасьцю перажываць каштоўныя моманты дзяленьня і малітвы ў супольнасьці.
 
«У брацтве, якое жыве па праўдзе, у шчырасьці адносінаў і ў малітоўным жыцьці, мы можам будаваць супольнасьць, у якой дыхаецца паветрам радасьці і ласкавасьці», — дадаў Сьвяты Айцец.
 
Папа нагадаў, што «сьвятар — гэта чалавек, які ў сьвятле Евангельля распаўсюджвае водар Бога вакол сябе і перадае надзею засмучаным сэрцам». Ён заклікаў сваіх гасьцей быць пастырамі з «пахам авечак», асобамі, здольнымі жыць, сьмяяцца і плакаць з сваім народам, кантактаваць з ім. «Калі вы думаеце пра сьвятарства, ізаляванае ад народу Божага, гэта не каталіцкае сьвятарства, не; і нават не хрысьціянскае», — падкрэсьліў ён.
 
«Адрачыцеся ад сябе, ад ідэяў, якія ўжо стварылі для сябе, ад вашых мараў пра веліч, ад вашага самасьцьвярджэньня, каб паставіць Бога і людзей у цэнтар вашых штодзённых клопатаў», — заклікаў Францішак.
 
Папа заахвоціў сьвятароў заўсёды мець перад сабой шырокія гарызонты, марыць пра Царкву, якая служыць, пра больш братэрскі і салідарны сьвет; не баяцца рызыкаваць разам з Хрыстом, мець пачуцьцё гумару і быць «апосталамі радасьці», здольнымі здабываць сэрцы людзей. «Сьвятарская радасьць — гэта крыніца вашай дзейнасьці як місіянераў вашага часу», — сьцьвердзіў Сьвяты Айцец.
 
Напрыканцы прамовы Папа Францішак заклікаў сваіх гасьцей быць удзячнымі Госпаду за тое, кім яны зьяўляюцца, а таксама адзін за аднаго, памятаючы, што «ўдзячнасьць — гэта «магутная зброя», якая дазваляе трымаць запаленым полымя надзеі ў моманты адчаю, самотнасьці і выпрабаваньняў».
 
Фота: Vatican News.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"