Друк
03.07.2021
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: з табой, Марыя, пабудуем новую Беларусь!
 
Увечары 2 ліпеня ў санктуарыюме Маці Божай у Будславе сьв. Імшу для пілігрымаў узначаліў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Разам з заслужаным ярархам Службу Божую, на якой прысутнічала некалькі тысячаў вернікаў, саслужылі біскупы Алег Буткевіч, Казімер Велікаселец, Юры Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), некалькі дзясяткаў сьвятароў лацінскага і ўсходняга абрадаў з усёй Беларусі і з некалькіх манаскіх супольнасьцяў — паведамляе Catholic.by.
 
У прамоўленай падчас сьв. Імшы гаміліі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч найперш нагадаў дэвіз сёлетняга фэсту ў Будславе, прысьвечанага 30-годдзю адраджэньня ерархічных структураў Каталіцкай Царквы ў Беларусі: «Маці Царквы, маліся за нас».
 
У гэтых словах, адзначыў Уладыка Тадэвуш, выказана падзяка Марыі за апеку над нашай Царквой падчас ганеньняў на працягу трох пакаленьняў і за дапамогу ў наш складаны час (свабоды веравызнаньня і адыходу ад Бога), а таксама просьба аб клопаце пра яе ў будучыні, якая выглядае вельмі трывожнай.
 
«Сёньня ля падножжа Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай мы просім Яе апекі для Касцёла ў нашай краіне, для нас саміх і нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час пандэміі каранавірусу і грамадзка-палітычнага крызісу. Да іх нечакана далучыўся пажар Будслаўскага санктуарыя», — сказаў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў, што Бог заклікае людзей давяраць Яму і Ягонай любові.
 
«У нашай грахоўнасьці, у грамадзкіх і асабістых падзеях, у гісторыі Бог не перастае шукаць нас. Але мы таксама павінны шукаць Яго», — падкрэсьліў ярарх.
 
Сваю гамілію архібіскуп Кандрусевіч скончыў кароткім малітоўным заклікам да Багародзіцы: «Марыя, у гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі выпрасі нам ласку даверу бязьмежнай Божай любові, міласэрнасьці і Божаму Провіду <...>.
 
З табой, Марыя, пойдзем у новае заўтра! З табой сумесна адбудуем прысьвечаную Табе Будслаўскую сьвятыню! З Табой пабудуем новую шчасьлівую Беларусь!»
 
Фота: Віталь Палінеўскі, Catholic.by.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"