Друк
04.07.2021
Біскуп Алег Буткевіч: молімся, каб Беларусь стала краінай для годнага жыцьця
 
На Будслаўскім фэсьце 2 ліпеня 2021 году сьв. Імшу апоўначы, якой папярэднічала шматлюдная ўрачыстая працэсія з сьвечкамі, узначаліў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч — паведамляе Catholic.by.
 
Разам з ім саслужылі ярархі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі — архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Кондрашов Станислав, біскупы Казімер Велікаселец, Юры Касабуцкі, Аляксандар Яшэўскі SDB, а таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і больш за семдзесят сьвятароў абодвух абрадаў. У працэсіі і начной сьвятой Імшы брала ўдзел вялікая колькасьць вернікаў з усёй Беларусі.
 
Вітаючы ўсіх удзельнікаў, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату адзначыў, што ў гэты неспакойны і нялёгкі час, азмрочаны пандэміяй, грамадзка-палітычным крызісам у краіне і нядаўнім пажарам у Нацыянальным санктуарыюме, вернікі прыходзяць сюды, несучы да Маці Божай боль сваіх сэрцаў, а яна кожнага туліць да сябе і па-мацярынску суцяшае.
 
Сваё казаньне біскуп Віцебскі пачаў з цытаты класіка, якую з маленства ведае напамяць, бадай што, кожны беларус: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»
 
«Пагадзіцеся, што гэтыя радкі з паэмы нашага класіка Якуба Коласа “Новая зямля” асаблівым чынам можна без сумеву аднесьці да Будслава. /.../ Бо “родны кут” — гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць з любоўю. Гэта месца, асабліва прасякнутае бацькоўскім клопатам пра сваіх дзяцей. Месца, дзе чалавек адпачывае душою, дзе загойваюцца духоўныя раны і дзе аднаўляюцца сілы, патрэбныя для жыцьця і для таго, каб выкараскацца з нагрувашчаных праблемаў і цяжкасьцяў.
 
Тут, у Будслаўскай сьвятыні, заўсёды чакае нас любячае Сэрца нашай нябеснай Маці — Сэрца, напоўненае любоўю і няспыннай малітвай за кожнага з нас, як за сваіх дзяцей. Тут мы асабліва адчуваем моц Яе ўсемагутнага Матчынага заступніцтва», — сказаў Уладыка Алег, дадаўшы што ў гэты складаны час вернікі асаблівым чынам праз заступніцтва Марыі моляцца за спыненьне пандэміі, за лёс нашай краіны, якая перажывае розныя выпрабаваньні, за пасьпяховае вырашэньне праблемаў у грамадзка-палітычным жыцьці, а таксама за вырашэньне духоўных праблемаў у грамадзтве.
 
Біскуп выказаў спадзяваньне, што Маці Божая пачуе нашыя малітвы і просьбы, выказаныя ў Будслаўскай сьвятыні, так як Яна выслухоўвала просьбы многіх пакаленьняў нашых продкаў і была для іх вернай заступніцай перад Богам.
«Просім супакою для нашай Бацькаўшчыны, пасьпяховага вырашэньня тых праблемаў, якія існуюць у грамадзка-палітычным жыцьці. Просім, каб Беларусь стала па-сапраўднаму краінай для жыцьця — годнага жыцьця для кожнага грамадзяніна», — падкрэсьліў біскуп Алег Буткевіч.
 
«Напэўна, не існуе магчымасьці падлічыць, колькі Ружанцаў, літаній, малітваў сэрца выслухоўвае Маці Божая толькі тут, у гэтым месцы. Аднак Яна заўсёды няспынна імкнецца “перанакіраваць” нашую ўвагу на свайго Сына. Таго маленькага, якога трымае на сваіх руках. Добра ведаем гэты абраз і бачым: яе правая рука паказвае на Ісуса Хрыста. Яна нібы кажа нам: “Ён тут галоўны, Ён усім кіруе і Яму належыць найвышэйшая ўлада”, — сказаў ярарх і працягваў: «А таму, зьвяртаючыся да Бога, перадусім трэба памятаць, што ня толькі Ён “павінен” выслухоўваць нашыя малітвы, але гэта мы ў першую чаргу павінны прыслухоўвацца да Ягонага Слова, прымаць яго, быць Яму паслухмяным. А Ягонае Слова — яно сапраўды дае надзею».
 
Уладыка Алег заўважыў, што многія праблемы грамадзтва сёньня з прычыны духоўнай хваробы, якая выклікана недахопам Божага аўтарытэту ў жыцьці людзей.
«Мы прызвычаіліся мець у аўтарытэце тых, хто паказвае сваю сілу, хто патрапіць дамінаваць, паказаць, як кажуць, “свае зубы” ці трымаць у “вожыкавых рукавіцах” або “ў абцугах”. Вось тады гэта “аўтарытэт”!» — з скрухай сказаў біскуп.
Бог жа, наадварот, нікога «не трымае ў абцугах», дадаў ён: «Нікога не зьнявольвае, і нават калі хтосьці выразна і “па-нахабнаму” ідзе насуперак Яго Божай волі, да канца шануе вольны выбар чалавека. <…> На жаль, гэтыя якасьці не карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў сьвеце, а праз гэта, на жаль, і Бог нярэдка губляе свой аўтарытэт у чалавечых вачах», — канстатаваў ярарх.
 
«І гэта вельмі небясьпечна для нас. Небясьпечна перадусім у персьпектвые ўласнага збаўленьня. Бо вучань, які не адчувае аўтарытэту свайго настаўніка, перастае быць вучнем і ператвараецца ў слугу “дрэннага і нягоднага”, які рызыкуе патрапіць у “вонкавую цемру”, дзе будзе “плач і скрыгатаньне зубоў” (пар. Мц 25, 30).
 
Небясьпечна гэта і ў жыцьці грамадзкім. Бо калі Бог міласэрны і ласкавы, Той, Які ёсьць “дарогай, праўдай і жыцьцём”, ня будзе нашым аўтарытэтам, ня будуць у аўтарытэце і людзі, якія імкнуцца быць падобнымі да Бога ў сваёй праўдзівасьці, шчырасьці, мудрасьці, адказнасьці, ахвярнасьці.
 
А менавіта такіх людзей мы /.../ хочам бачыць на адказных пасадах. Такім людзям мы хочам даручыць наша здароўе, адукацыю, вытворчасьць, адміністрацыю, нарэшце, уладу.
Таму пытаньне Божага аўтарытэту сапраўды нібы ўвенчвае пытаньне нашай веры: так, як дах увенчвае ўвесь будынак», — адзначыў пастыр. — «І вось ён, знак, перад нашымі вачыма: згарэлы дах на будслаўскай базыліцы. <…> Базыліка, якая зьяўляецца сымбалем, знакам нашай веры і якая з-за пажару засталася без даху. Няхай гэтае здарэньне паставіць перад намі пытаньне пра Божы аўтарытэт.
Няхай адбудова даху на будслаўскай сьвятыні стане сымбалем і знакам адбудовы і ўмацаваньня Божага аўтарытэту ў нашым асабістым і грамадзкім жыцьці. А сам Будслаў няхай заўсёды будзе для нас тым “родным кутом”, дзе можа адпачыць паяднаная з Богам кожная чалавечая душа», — выказаў пажаданьне старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч.
 
Фота: Віталь Палінеўскі, Catholic.by.
Відэа: Алена Паўлоўская.
 

 

Опубликовано Alena Paŭłoŭskaja Пятніца, 2 июля 2021 г.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"