Друк
10.07.2021
Папа Рымскі скіраваў пасланьне да Сірыйска-Малабарскай Царквы
 
Апостальская Сталіца апублікавала ліст Папы Францішка да біскупаў, духавенства, богапасьвячаных асобаў і сьвецкіх вернікаў Сірыйска-Малабарскай Царквы з нагоды зацьверджаньня ёю новага ўніфікаванага службоўніка для адпраўленьня ўрачыстай формы еўхарыстычнай багаслужбы — паведамляе Vatican News.
 
Сірыйска-Малабарская Царква зьяўляецца адной з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. Гэтая Ўсходняя Царква ўсходне-сірыйскага (халдэйскага) абраду распаўсюджана галоўным чынам у Індыі (найперш у штаце Керала) і сярод індыйскай дыяспары ва ўсім сьвеце. Згодна традыцыі, Царква была заснаваная апосталам Тамашом, які каля 52 году прапаведваў у Індыі і тут жа прыняў мучаніцкую сьмерць каля 72 году.
 
Сірыйска-Малабарская Царква ў Індыі зьяўляецца другой пасьля УГКЦ Усходняй Каталіцкай Царквой па колькасьці вернікаў.
 
Рымскі Архірэй нагадаў у сваім пасланьні пра тое, што Апостальская Сталіца ў свой час падтрымала адзінадушнае рашэньне Сіноду біскупаў Сірыйска-Малабарскай Царквы, прынятае ў 1999 годзе і пацьверджанае ў наступныя гады, адносна ўніфікацыі парадку служэньня Еўхарыстыі, называючы гэта «важным крокам наперад, зробленым дзеля большай стабільнасьці і царкоўнай еднасьці».
 
«Нягледзячы на некаторыя цяжкасьці, якія патрабуюць няспыннага распазнаньня ў жыцьці вашай жывой Царквы, зацьверджаныя прадпісаньні для еўхарыстычнай багаслужбы прынесьлі прыкметныя плады, уключаючы евангелізацыю, у тых месцах, асабліва ў місійных епархіях, дзе ўся супольнасьць мірна і малітоўна прытрымлівалася іх, усьведамляючы пастаянную згоду ярархіі як плод Сьвятога Духа», — напісаў Папа.
 
Францішак заклікаў духавенства і вернікаў і далей заставацца вытрывалымі ў «супольным падарожжы» і пажадаў, у кантэксьце зацьверджаньня новага Чыну ўрачыстай Еўхарыстыі («Raza Qurbana Taksa»), каб Сьвяты Дух спрыяў гармоніі, братэрству і еднасьці паміж усімі членамі Сірыйска-Малабарскай Царквы падчас увядзеньня ў жыцьцё рашэньня Сіноду.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"