Друк
23.07.2021
Сусьветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей
 
Гэты Дзень будзе адзначацца штогод у чацьвёртую нядзелю ліпеня ў непасрэднай блізкасьці да літургічнага ўспаміну сьвятых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Ісуса — паведамляе Vatican News.
 
Устанаўліваючы ў Царкве Сусьветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, Сьвяты Айцец Францішак 31 студзеня 2021 году сказаў: «Сьвяты Дух таксама і сёньня абуджае ў пахілых векам думкі і словы мудрасьці: іх голас каштоўны, бо ён пяе хвалу Богу і беражэ карані народаў. Яны нагадваюць нам пра тое, што старасьць — гэта дар, а пахілыя векам — злучальнае зьвяно паміж рознымі пакаленьнямі, каб перадаць моладзі досьвед жыцьця і веры. Дзядулі і бабулі часта аказваюцца забытымі, і мы забываем пра гэтае багацьце, каб захаваць свае карані і перадаць яго далей».
 
Дыкастэрыя па справах сьвецкіх, сям’і і жыцьця паведаміла падрабязнасьці правядзеньня ў Ватыкане 25 ліпеня 2021 году Першага сусьветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, абвешчанага Папам Рымскім Францішкам. Ён будзе адзначацца пад дэвізам «Я з вамі ва ўсе дні» (Мц 28, 20).
 
У нядзелю, 25 ліпеня, у базыліцы сьв. Пятра будзе адслужана сьв. Імша, у якой прымуць удзел каля 2 тыс. асобаў. У асноўным гэта будуць бабулі і дзядулі ў суправаджэньні ўнукаў, сярод іх — некалькі соцень чалавек, якія ўпершыню пасьля больш чым году самаізаляцыі пакінуць свае дамы.
 
Першы сусьветны дзень пажылых будзе адзначацца ў каталіцкіх япархіях па ўсім сьвеце, і навіны пра шматлікія ініцыятывы з розных парафіяў ужо паступаюць у ватыканскае ведамства. Арганізатары запрашаюць усіх, асабліва моладзь, наведаць сваіх бабуль і дзядуль ці адзінокіх старых у сваёй парафіяльнай супольнасьці.
 
Дыкастэрыя па справах сьвецкіх, сям’і і жыцьця апублікавала сьпецыяльную малітву, падрыхтаваную да сьвяткаваньня Першага сусьветнага дня. Яна была таксама запісана ў фармаце відэа: Сьвяты Айцец Францішак зачытаў на гішпанскай мове яе першую частку, а наступныя радкі прамовілі на розных мовах пажылыя людзі з розных кантынентаў.
 
Сусьветны дзень праводзіцца для таго, каб «паказаць блізкасьць Госпада і Царквы да кожнага пажылога чалавека, асабліва ў гэты няпросты час пандэміі», — гаворыцца ў адмысловым прэс-рэлізе.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"