Друк
25.07.2021
Малітва з нагоды Першага Сусьветнага дня дзядуляў, бабуляў і пажылых людзей
 
Дыкастэрыя па справах сьвецкіх, сям’і і жыцьця апублікавала сьпецыяльную малітву, падрыхтаваную да сьвяткавання першага Сусветнага дня дзядуляў, бабуляў і пажылых людзей.
 
Гэтая малітва была таксама запісаная ў фармаце відэа: Сьвяты Айцец Францішак зачытаў на гішпанскай мове яе першую частку, а наступныя радкі прамовілі на розных мовах дзядулі, бабулі і пажылыя людзі з розных кантынентаў. Сярод іх — 101-гадовы найстарэйшы ў сьвеце біскуп Ларан Ноэль.
 
Дыкастэрыя заклікае ўсіх, і асабліва моладзь, адзначаць гэты дзень (таксама і ў наступныя дні), адведзінамі сваіх дзядуляў і бабуляў або самотных людзей пахілага веку.
 
Дзякую Табе, Госпадзе,
за Тваю суцяшальную прысутнасьць:
нават пасярод самотнасьці
Ты — мая надзея, маё спадзяваньне;
з маладосьці Ты ёсьць маёй скалой і цьвярдыняй!
 
Дзякую Табе за тое, што даў мне сям’ю
і блаславіў мяне доўгім жыцьцём.
Дзякую Табе за моманты радасьці і цяжкасьцяў,
за зьдзейсьненыя мары і за тыя, што яшчэ наперадзе.
Дзякую Табе за гэты час новай плоднасьці,
да якой Ты мяне клічаш.
 
Умацуй, Госпадзе, маю веру,
зрабі мяне прыладаю Твайго супакою;
навучы мяне клапаціцца пра тых, хто церпіць больш за мяне,
навучы мяне як не пераставаць марыць
і расказваць пра Твае цуды новым пакаленьням.
 
Абараняй і накіроўвай Папу Францішка і Царкву,
каб сьвятло Евангельля дасягнула аж да краёў зямлі.
Спашлі, Госпадзе, Твайго Духа, хай абновіць сьвет,
каб утаймавалася бура пандэміі,
каб бедныя былі суцешаныя і каб скончыліся ўсякія войны.
 
Падтрымай мяне ў слабасьці
і дапамажы мне жыць у поўнай меры
кожным імгненьнем, якое Ты дорыш мне,
ва ўпэўненасьці, што Ты са мною кожны дзень да канца сьвету.
Амін.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"