Друк
09.08.2021
У Лондане адзначылі 95-ыя ўгодкі з дня нараджэньня а. Аляксандра Надсана
 
8 жніўня 2021 году былы Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці (цяпер — Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі) наведаў беларускую грэка-каталіцкую царкву ў Лондане — паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».
 
Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці ў беларускай царкве ў Лондане.
Ватыканскі ярарх браў удзел у сьвяткаваньні 95-х угодкаў з дня нараджэньня а. Аляксандра Надсана (1926-2015) — выдатнага сьвятара і грамадзка-культурнага дзеяча беларускай паваеннай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, перакладчыка літургічных тэкстаў Царквы візантыйскай традыцыі на беларускую мову, скарыназнаўцы, дасьледчыка гісторыі кніжнай культуры і царкоўнай гісторыі. Боскую Літургію ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу ўзначальваў Уладыка Кенэт (Новакіўскі), біскуп украінскай грэка-каталіцкай япархіі Сьвятой Сям'і ў Вялікабрытаніі.
 
У казані, разважаючы аб прыпавесьці пра даўжніка, які сам не прабачае (Мц 18, 23-35), архібіскуп Гуджэроцьці сказаў, што сёньняшняе Евангельле заклікае нас да міласэрнасьці. «Што значыць міласэрнасьць у Беларусі сёньня? — Я не магу сказаць, я ня ведаю», — прызнаўся Апостальскі нунцый. — «Міласэрнасьць і любоў — гэта самыя падставовыя словы, калі мы хочам будаваць новую цывілізацыю».
 
На разьвітаньне архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці перадаў блаславеньне ад імя Папы Францішка сем’ям усіх прысутных на сьвяткаваньні і пажадаў, каб беларуская моладзь змагла вярнуцца на Бацькаўшчыну адбудоўваць краіну.
 
Пасьля Літургіі з дакладам перад прысутнымі на набажэнстве выступіла дасьледчыца гіторыі беларускай дыяспары ў сьвеце Натальля Гардзіенка.
 
8 жніўня таксама і ў іншых беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасьцях у малітве ўзгадалі мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана і ягонае адданае служэньне для дабра Царквы і беларускага народу. У Віцебску Боскую Літургію ў храме парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага узначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні кліра віцебскіх парафіяў.
 
 

 

 

 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"