Друк
07.09.2021
У Будапешце пачалася сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы
 
З 4 па 8 верасьня 2021 году ў сталіцы Венгрыі будзе праходзіць штогадовая Сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы (Conventus Hierarcharum Orientalium Catholicorum Europae — CHOCE). Тэма сёлетняй сустрэчы ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы — «Еўхарыстыя і сінадальнасьць».
 
Летась, з прычыны сусьветнай пандэміі каранавірусу падобная сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы не адбылася. Па запрашэньні першаярарха Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы Мітрапаліта Філіпа (Кочыша) сёлетняя сустрэча ярархаў праходзіць у Будапешце падчас 52-га міжнароднага Еўхарыстычнага Кангрэсу. Сустрэча адбываецца пад патранатам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў і Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы. У Будапешт прыехалі сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Джорджа Дэмэтрыа Галара, мелхіцкі Патрыярх Антыёхіі Юсэф Абсі, першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі Сьвятаслаў (Шаўчук), усходнія каталіцкія біскупы з Украіны, Славакіі, Чэхіі, Грэцыі, Румыніі, Харватыі, Польшчы, Італіі.
 
Падчас сустрэчы ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскай, армянскай і сірыйскай традыцыяў з еўрапейскіх краінаў абмяркуюць тэалагічныя, душпастырскія і кананічныя асьпекты праграмы «Еўхарыстыя і сінадальнасьць».
 
Сустрэча ярархаў распачалася у суботу, 4 верасьня, з супольнай малітвы на Вялікай Вячэрні. На інаўгурацыйнай сэсіі, якую адкрыў грэка-каталіцкі архібіскуп Гайдудоражскі Філіп Кочыш, выступілі: рыма-каталіцкі архібіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі кардынал Петэр Эрдзё, старшыня Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы кардынал Анджэла Баньяска, Апостальскі нунцый у Венгрыі Майкл Огаст Блум і іншыя. Падчас дыскусіі зьверхнік УГКЦ Вярхоўны архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук расказаў пра літургічнае жыцьцё яго Царквы ва Ўкраіне ў часы COVID-19. Ён правёў паралель паміж служэньнем Еўхарыстыі ў цяжкіх умовах падпольля і «еўхарыстычным голадам», які адчуваюць вернікі ў часы пандэміі, ва ўмовах выкліканых ёю абмежаваньняў.
 
5 верасьня ўсходнія каталіцкія ярархі ўзялі ўдзел у адкрыцьці Еўхарыстычнага Кангрэсу. Адным з важных момантаў гэтага міжнароднага форуму стане Боская Літургія ў візантыйскім абрадзе, якая будзе правіцца 8 верасьня ў базыліцы сьвятога Стэфана.

Тэму «Практычныя асьпекты сінадальнасьці» 8 верасьня прадставіць першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і ў міжнародным Еўхарыстычным кангрэсе ўдзельнічае Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Кожная сустрэча ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы — гэта добрая нагода абмеркаваць сучасныя праблемы, месца для абмену досьведам і будаваньня братэрскіх адносінаў паміж рознымі Цэрквамі свайго права (sui iuris).
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"